Вы тут

Істотнай інфляцыі не будзе


Пачнём з галоўнага. 6 лістапада адбылося пасяджэнне праўлення Нацбанка па грашова-крэдытнай палітыцы, па выніках якога прынята два асноўныя рашэнні.


Першае — знізіць з 20 лістапада стаўку рэфінансавання з 9,5 да 9 працэнтаў гадавых. Другое рашэнне датычыцца ставак Нацыянальнага банка па аперацыях рэгулявання ліквіднасці банкаў. З першых дзён трэцяй дэкады лістапада стаўка па крэдыце авернайт зніжаецца з 10,75 % да 10 %, па дэпазіце авернайт — з 8,25 % да 8 %.

Пры прыняцці рашэнняў па грашова-крэдытнай палітыцы праўленнем Нацбанка ўлічаны ўвесь комплекс знешніх і ўнутраных умоў, у першую чаргу фактычная і чаканая дынаміка інфляцыі ў параўнанні з мэтавым арыенцірам, а таксама ступенню рэалізацыі праінфляцыйных рызык.

У заяве па выніках пасяджэння старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур пазначыў фактары, якія паўплывалі на прыняцце рашэння аб змяненні працэнтных ставак.

Паводле яго слоў, у ІІІ квартале гэтага года працягвала запавольвацца інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў. Дынаміка фактычнай гадавой інфляцыі, якая ў верасні склала 5,3 працэнта, фарміруецца ў адпаведнасці з прагнознымі ацэнкамі Нацыянальнага банка. Чакаецца, што ў канцы года і на працягу 2020 года інфляцыя будзе знаходзіцца ў межах пяці працэнтаў.

Прынятыя рашэнні забяспечваюць захаванне нейтральнага характару грашова-крэдытнай палітыкі. Азначанае зніжэнне ставак па крэдыце і дэпазіце авернайт забяспечыць звужэнне калідора працэнтных ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці банкаў да двух працэнтных пунктаў. У далейшым гэтыя стаўкі будуць змяняцца адначасова са стаўкай рэфінансавання на адпаведную велічыню.

У гэтым годзе 5 %, і не вышэй

Кіраўнік Нацбанка адзначыў, што інфляцыя можа часова паскорыцца ў канцы года, але ўсё ж па яго выніках яна не перавысіць 5 %.

У кастрычніку бягучага года тэмп змены спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні можа сфармавацца крыху вышэй за вераснёўскі ўзровень з-за кошту пладова-агароднай прадукцыі, адзначыў Павел Калаур. І сапраўды, летась цэны на сельгаспрадукты былі анамальна нізкія (так ужо атрымалася), таму «спаборнічаць» з імі ў гэтым годзе атрымліваецца праблематычна. У той жа час тэндэнцыя запаволення манетарнай інфляцыі, якая назіраецца на працягу двух кварталаў, працягнецца. Нацбанк чакае, што да канца 2019 года інфляцыя будзе складаць каля 5 %.

Пры прыняцці рашэння аб узроўнях працэнтных ставак Нацбанк глядзеў не толькі на бягучы год, але і на наступны. «Наша мэта па інфляцыі на 2020 год — не вышэй за 5 %. Мы ацэньвалі ўплыў усіх фактараў на гарызонце да канца 2020 года. Агульны вынік — у прагназуемых намі ўмовах і з улікам прынятага рашэння па стаўках прырост спажывецкіх цэн па выніках наступнага года не перавысіць 5 %», — сказаў Павел Калаур.

Ці вытрымае стаўка?

Нацыянальны банк не чакае праінфляцыйнага ціску з боку ўнутраных фактараў. Менавіта так пракаментаваў старшыня праўлення Нацбанка прынятае рашэнне аб зніжэнні памеру стаўкі рэфінансавання з 20 лістапада да 9 % гадавых.

Паводле яго слоў, адсутнасць праінфляцыйных фактараў абавязана прагназуемаму захаванню ў сярэднетэрміновай перспектыве эканамічнай актыўнасці. Рост эканомікі будзе характарызавацца збалансаванай дынамікай унутранага попыту і знешняга гандлю.

«Бюджэтная палітыка не будзе выступаць крыніцай паскарэння інфляцыйных працэсаў, нягледзячы на чакаемы дэфіцыт бюджэту ў наступным годзе. Назапашаныя рэшткі бюджэтных сродкаў будуць выкарыстоўвацца пераважна для пагашэння знешняга дзяржаўнага доўгу», — паведаміў Павел Калаур.

Ён дадаў, што Нацбанк аддае вялікую ўвагу ацэнцы рызык, звязаных з дынамікай заработнай платы. Яе гадавы рост нязначна паскорыўся ў ІІІ квартале бягучага года. Адначасова назіралася ўзмацненне ашчадных працэсаў у эканоміцы. «Чакаецца, што ў сярэднетэрміновым перыядзе дынаміка заработнай платы будзе вызначацца прадукцыйнасцю працы».

Кіраўнік Нацбанка згадаў, што ўзрослая ў бягучым годзе чыстая прапанова валюты на ўнутраным рынку абумовіла намінальнае павелічэнне эфектыўнага курсу беларускага рубля, што таксама абмяжоўвала павышэнне цэн.

«У сярэднетэрміновым перыядзе чакаецца захаванне дэзынфляцыйнага ўплыву з боку курса беларускага рубля, разам з тым паступова гэты ўплыў будзе слабець», — паведаміў Павел Калаур. Ён падкрэсліў, што будучая дынаміка інфляцыйных працэсаў шмат у чым будзе залежаць ад велічыні і кірункаў змены інфляцыйных чаканняў.

Сёння такія чаканні досыць адчувальныя да эканамічных шокаў. Моцнае павелічэнне рэгуляваных дзяржавай тарыфаў і залішняя валацільнасць цэн на пладова-агароднінную прадукцыю аказваюць значны ўплыў на інфляцыйныя чаканні. У сваю чаргу, павышаны ўзровень інфляцыйных чаканняў — гэта фактар рызыкі для цэнавай стабільнасці, паколькі ён з часам трансфармуецца ў фактычны рост цэн. «У той жа час чакаецца паступовае змяненне гэтай сітуацыі ў сярэднетэрміновай перспектыве, у тым ліку па меры таго, як інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў стабілізуецца».

Хай рост невялікі, але затое рэалістычны

Растлумачылі на брыфінгу і меркаванне Нацбанка з нагоды прагнозу па росце нацыянальнай эканомікі ў 2020 годзе. «Калі вам важны адказ Нацбанка (паводле прагнозу росту эканомікі), то я вам скажу, што базавы, кансерватыўны варыянт, падрыхтаваны для бюджэту, — цалкам рэалістычны. Я не падвяргаў бы яго сумневам з пункту гледжання эканамічнага росту. Гэта 1,9 % (рост ВУП у наступным годзе)», — сказаў Павел Калаур.

У той жа час намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц, каментуючы чаканы рост эканомікі, адзначыў, што «ніжняя мяжа (росту эканомікі) — гэта патэнцыйны рост, які адпавядае, як гэта неаднаразова гаварылася, таму, што ёсць на сённяшні дзень (рост ВУП за 9 месяцаў — 1 %)». «Усё, што вышэй — гэта як спрацуем», — дадаў ён.

Каментуючы перспектывы наступнага года, Калечыц таксама паведаміў, што чакаецца рост крэдытнага партфеля банкаў, у першую чаргу, у беларускіх рублях. «Тое, якімі тэмпамі гэта адбываецца, нас задавальняе. Наступны год не будзе выключэннем, рублёвы крэдытны партфель будзе расці хутчэй, чым валютны. Адпаведна, будзе і далей паляпшацца яго структура», — сказаў ён.

У сваю чаргу начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын адзначыў, што прырост крэдытнага партфеля беларускіх банкаў у наступным годзе складзецца на ўзроўні прагназуемага росту шырокай грашовай масы — у межах 8-11 %. Тэмпы крэдытавання ў прынцыпе блізкія да прагнозу росту грашовай масы. Мяркуецца, што рублёвае крэдытаванне ў наступным годзе будзе расці хутчэй — каля 12-14 %.

Доўгатэрміновы прагноз інфляцыі — 4 %

Дастаткова смелы прагноз зрабілі эксперты Нацбанка на доўгатэрміновую перспектыву. «Мы цалкам дапускаем, што на наступную пяцігодку ў якасці мэты па інфляцыі вызначым паказчык 4 %», — адзначыў Павел Калаур.

Паводле яго слоў, гэтае пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца з урадам з улікам розных структурных праблем, у першую чаргу звязаных з ліквідацыяй перакрыжаванага субсідавання. Старшыня праўлення Нацбанка звярнуў увагу, што пры ўсталяванні мэты па інфляцыі на ўзроўні 4 % могуць быць адхіленні ад планаванага паказчыка, аднак сітуацыю будуць рэгуляваць з дапамогай розных інструментаў. «Калі раптам будуць разавыя шокі і яны прывядуць да адхілення ад паказчыка 4 %, — інфляцыя будзе ўмоўна 6 %, то праз інструменты манетарнай і ў цэлым агульнаэканамічнай палітыкі Нацбанк і ўрад будуць вяртацца да мэтавага паказчыка, каб ён выконваўся», — дадаў Павел Калаур.

На ўнутраным рынку не павінна быць валютных пазык

Старшыня праўлення Нацбанка заявіў аб сваёй прынцыповай пазіцыі адмовіцца ад валютных пазык на ўнутраным рынку. «Не хацелася б дзеля забеспячэння рэзерваў любой цаной — выгадна або нявыгадна — ажыццяўляць тыя ці іншыя запазычанні. Для мяне, як старшыні Нацыянальнага банка, прынцыпова важна, каб наш банк наогул не запазычаў на ўнутраным рынку ў замежнай валюце», — заявіў Павел Калаур.

Ён адрасаваў аналагічнае пажаданне Мінфіну, які сёлета размясціў на ўнутраным рынку дзяржаблігацыі ў замежнай валюце на 800 млн долараў. «І Міністэрства фінансаў каб таксама максімальна скарачала свае запазычанні на ўнутраным валютным рынку, зводзячы іх да нуля», — працягнуў кіраўнік Нацбанка. Паводле яго слоў, «вырашаючы тыя ці іншыя задачы, заўсёды можна знаходзіць кампрамісы, якія дазволяць не пагаршаць сітуацыю ў цэлым у эканоміцы».

— Мы разам з урадам заклалі вельмі гнуткі падыход і не ставім перад сабой нерэалізуемых планаў, — сказаў кіраўнік Нацбанка. — Па факце мы будзем выбудоўваць сваю палітыку такім чынам, каб за кошт працэсаў, адзін з якіх — дэвалютызацыя, мы мелі магчымасць захоўваць і нарошчваць свае рэзервы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».