Вы тут

Сэканоміць можна за кошт біяпаліва і электраабагрэву


Кожнае пяцігоддзе перад энергетыкамі ставіцца мэта сэканоміць не менш за 5 мільёнаў тон умоўнага паліва (т.у.п.). За больш чым 20 гадоў дзеяння праграмы энергазберажэння такім чынам сэканомлена энергія, якой хапіла б на абагрэў кватэр каля 2,5 мільёна чалавек.


Згодна з Міжнародным энергетычным агенцтвам, энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту (ВУП) летась склала 160 кілаграмаў нафтавага эквіваленту на тысячу долараў. Гэта ўзровень Фінляндыі і Канады. Разам з тым энергаёмістасць еўрапейскіх краін, якія маюць падобныя да нашых кліматычныя ўмовы, на 30—50 % меншая за беларускую.

— З 1996 года па 2015-ы сумарна сэканомлена 24 мільёны т.у.п. Калі б не эканомія, то пры існуючых тэмпах росту ВУП энергаспажыванне ў краіне склала б 53—55 мільёнаў т.у.п. Цяпер жа мы трацім каля 36 мільёнаў, — заўважыў Міхаіл МАЛАШАНКА, намеснік старшыні Дзяржстандарта — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта. — Гэта дасягаецца за кошт укаранення новых энергаэфектыўных тэхналогій на прадпрыемствах, аптымізацыі схем цеплазабеспячэння і пераводу газавых кацельных на мясцовыя віды паліва (МВП): біяпаліва і торф.

У сістэме ЖКГ краіны 41 % цеплаэнергіі выпрацоўваецца з дапамогай біяпаліва і торфу. З 3800 камунальных кацельных на МВП пераведзена больш за 2700, а да 2021-га доля мясцовага паліва пры забеспячэнні будынкаў цяплом складзе ўжо, як мяркуецца, 52 %. Для гэтага ў краіне планамерна будуюцца энергакрыніцы на біяпаліве, а амаль палова ўсіх энергакрыніц (а не толькі тых, што знаходзяцца ў сістэме ЖКГ) пераведзена на МВП.

Толькі сёлета плануецца ўвесці ў работу энергакрыніцы на біяпаліве сумарнай цеплавой магутнасцю 106—109 МВт, а налета дадаць да гэтага паказчыка яшчэ 417 МВт.

Зніжэнне спажывання цеплаэнергіі ў шматкватэрных дамах — яшчэ адзін шлях эканоміі, бо 80 % жылля ў гэтым плане неэфектыўныя. На ацяпленне такім дамам патрабуецца ў два-тры разы больш энергіі, чым сучасным энергаэфектыўным будынкам. З 63 мільёнаў Гкал цеплаэнергіі, якія расходуюцца ў цэлым па краіне, 23 мільёны патрабуе старое жыллё.

Спецыялісты спадзяюцца, што «ўцяпліць праблему» ўдасца з уступленнем у сілу Указа Прэзідэнта № 327, які дазваляе праводзіць энергаэфектыўныя мерапрыемствы з дзяржпадтрымкай падчас капітальнага рамонту. Цепларэнавацыя сцен, замена вокнаў, уцяпленне дахаў, укараненне сістэм аўтаматычнага рэгулявання і індывідуальных прыбораў уліку цеплаэнергіі з тэхналогіяй аддаленага збору і ўліку інфармацыі — усё гэта пры жаданні жыхары аплацяць папалам з дзяржавай. Прычым бюджэт адразу ўсё, а жыхары сваю частку — штомесяц цягам дзесяці гадоў.

У Мінскай вобласці для эканоміі энергіі прадугледжана каля 130 мерапрыемстваў, якія дазволяць захаваць прыкладна 115 тысяч т.у.п., або 24,7 мільёна долараў, запэўніў Дзмітрый КУЛАК, начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.

— Сёлета і ў 2020 годзе мяркуецца стварыць 16 крыніц на МВП магутнасцю 137 МВт, 24 МВт з якіх ужо ўведзена ў эксплуатацыю. Гэта дазволіць замясціць 34,4 мільёна м3 газу, — кажа ён.

Электраабагрэў, як мяркуецца, будзе ўкараняцца перш за ўсё ў раёнах новай забудовы шматкватэрных дамоў, дзе адсутнічаюць камунікацыі і інфраструктура (кацельныя і цеплатрасы).

— Пакуль мы плацім за ацяпленне на ўзроўні 20 % ад сабекошту, то больш выгадна атрымліваць энерганосьбіт ад цэнтралізаванага энергазабеспячэння, аднак мы набліжаемся да 100-працэнтнай аплаты за гэтыя паслугі. І замест 8 долараў за гігакалорыю будзем умоўна плаціць 40, — тлумачыць Міхаіл Малашанка. — Адпаведна будзе рэгулявацца тарыфная палітыка адносна энергіі, якая расходуецца на абагрэў і гарачае водазабеспячэнне. Для спажыўца ў выніку кошт павінен быць аднолькавы, каб не было кватэр і мікрараёнаў элітных, якія спажываюць энерганосьбіт па ніжэйшым кошце.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.