Вы тут

Дэпутаты прапануюць павялічыць дапамогу па беспрацоўі


У Палаце прадстаўнікоў адбылося першае пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы законапраекта, які прадугледжвае змяненне Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь».


Праект змяненняў плануецца ўключыць у План падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год. Дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях з'яўляюцца ў гэтым выпадку суб'ектамі заканадаўчай ініцыятывы і працуюць разам з профільным міністэрствам. На пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы былі абмеркаваны канцэптуальныя падыходы па ўсіх артыкулах закона, якія прапануецца змяніць.

— Гэта пытанні, якія датычацца павышэння дапамогі па беспрацоўі да памеру пражытачнага мінімуму, — патлумачыла журналістам старшыня парламенцкай камісіі Тамара Красоўская. — Прапануем змяніць паняційны апарат, падыходы да пераліку асоб, якія пры рэгістрацыі ў цэнтрах занятасці маюць патрэбу ў рэабілітацыі. Мы хочам, каб статус беспрацоўных мелі тыя, хто праходзіў лячэнне ў лячэбна-працоўных прафілакторыях Міністэрства ўнутраных спраў. Каб яны мелі тыя ж правы і гарантыі, што і астатнія беспрацоўныя.

Дэпутаты таксама прапануюць прапісаць у заканадаўстве магчымасць індывідуальнай рэабілітацыйнай праграмы для апошняй катэгорыяй грамадзян. Яшчэ адна прапанова — пашырэнне гарантый у сферы занятасці для сацыяльна ўразлівых катэгорый людзей, такіх як інваліды, шматдзетныя маці і іншыя.

Першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч расказаў пра асноўныя змяненні, якія дзяржаўны рэгулятар жадае ўбачыць у праекце закона са свайго боку:

  • фінансаванне расходаў па занятасці за кошт рэспубліканскага бюджэту (цяпер крыніца фінансавання — Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва);
  • выключэнне пасад па сумяшчальніцтве з базы вакантных;
  • дапаўненне паняційнага апарату тэрмінамі «грамадзяне, якія звярнуліся па пытаннях працаўладкавання» і «бронь»;
  • рэгістрацыя грамадзян у якасці беспрацоўных па месцы знаходжання;
  • пашырэнне пераліку грамадзян, якім дзяржава дае дадатковыя гарантыі занятасці, за кошт асоб, якія завяршылі знаходжанне ў ЛПП, залежных ад псіхаактыўных рэчываў, якія праходзяць індывідуальныя праграмы сацыяльнай рэабілітацыі;
  • забеспячэнне права на атрыманне дапамогі па беспрацоўі людзям, у якіх знятая група інваліднасці (цяпер такой магчымасці няма);
  • павелічэнне памеру дапамогі па беспрацоўі ў раёнах з напружанай сітуацыяй на рынку працы і для беспрацоўных ва ўзросце больш за 50 гадоў;
  • змякчэнне ўмоў па даванні дзяржаўных гарантый у сферы занятасці для інвалідаў, грамадзян, якія вызвалены з месцаў пазбаўлення волі, залежных ад псіхаактыўных рэчываў (не знімаць з уліку ў выпадку невыканання ўмоў службы занятасці, пры гэтым не губляць іх з поля зроку, аказваць максімальнае садзейнічанне па сацыялізацыі);
  • захаванне на ўліку па беспрацоўі асоб, накіраваных на перанавучанне, да іх працаўладкавання;
  • удакладненне паняццяў «новае рабочае месца», «тэрыторыя з напружанай сітуацыяй на рынку працы», «маніторынг якасці аказання паслуг у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва».

У большасці гэтыя прапановы супадаюць з тымі, якія ініцыююць дэпутаты.

«Думаю, што надышоў час перагледзець само паняцце «занятасць», зрабіць яго вызначэнне больш шырокім, больш сучасным, — дадала Тамара Красоўская. — Каб яно ахапіла нестандартныя віды работ, самазанятасць, грамадска карысную дзейнасць, догляд дзяцей». Адна з прапаноў дэпутатаў — замяніць паняцце «работнікі, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення» на больш агульнае паняцце «работнікі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі звальнення»...

Наступны этап работы над законапраектам — разгляд профільным міністэрствам тых прапаноў дэпутатаў, якія адрозніваюцца ад сфармуляваных спецыялістамі ведамства.

Вольга Мядзведзева

Прэв'ю: 24.kz

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».