Вы тут

Цікавыя навіны замежжа


У інтэрнэце з'явілася вакансія вандроўніка

Брытанская арганізацыя Wowcher, якая дапамагае спажыўцам здзяйсняць выгадныя пакупкі, абвясціла аб адкрыцці вакансіі мары — кампанія шукае вандроўніка з гадавым заробкам у 25 тысяч фунтаў стэрлінгаў, паведамляецца на сайце кампаніі.

Як сказана ў апісанні пасады, у абавязкі супрацоўніка будуць уваходзіць падарожжы па свеце і вядзенне сацыяльных сетак. «Мы проста хочам прадэманстраваць, наколькі ідэальнымі могуць быць прапановы Wowcher Travel», — гаворыцца на сайце кампаніі.

Той, хто атрымае гэтую работу, павінен будзе на працягу 12 месяцаў падарожнічаць па 40 розных напрамках, фатаграфаваць тое, што адбываецца, весці блог аб паездках і ствараць кантэнт у сацыяльных сетках. Акрамя таго, ва ўсе падарожжы супрацоўніку дазваляецца ўзяць аднаго сябра, які можа мяняцца кожную паездку. Адзначаецца, што ўсё, што патрабуецца ад ідэальнага кандыдата, — гэта ўзрост ад 18 гадоў, наяўнасць пашпарта і любоў да падарожжаў.

У якасці заяўкі неабходна апублікаваць 30-секунднае відэа на тэму «Чаму я ідэальны кандыдат для гэтай работы» ў Іnstagram або Twіtter, адзначыць кампанію Wowcher і адзначыць трох сваіх сяброў.


У Японіі прэзентавалі электронную мятлу

Японскі аўтавытворца Toyota ў аўтасалоне прадставіў некалькі незвычайных праектаў, аднак больш за ўсё наведвальнікаў аўтасалона здзівіў канцэпт электроннай «лятаючай» мятлы пад назвай e-broom, паведамляе apostrophe.ua.

Мятла абсталявана электраматорам, і на ёй замацавана кола. Прыстасаванне дастаткова заціснуць паміж ног і пачаць рух. У той жа час, як лётае мятла, прадстаўнікі кампаніі не паказалі. На яе стварэнне вынаходнікаў натхнілі казачныя мётлы ведзьмаў, а таксама лятаючыя прылады герояў знакамітай патэрыяны. Па задумцы аўтараў канцэпт павінен аб'яднаць чалавека і машыну і зноў адкрыць задавальненне ад мабільнасці.

Дзіўна, але першымі захацелі выпрабаваць вынаходніцтва мужчыны на роліках. Само сабой, што электронная мятла зусім не лятае (зрэшты, пакуль што). Але пакатацца на ёй можна. Хутчэй за ўсё прадстаўнікі сусветнай кампаніі вырашылі проста добра пажартаваць і зрабілі гаджэт з удзелам чалавека для шоу і вольнага часу.


24 мільёны за шэдэўр на кухні

Бабулька, на кухні якой шмат гадоў вісела карціна італьянскага мастака ХІІІ стагоддзя, стала міліянеркай пасля таго, як палатно было прададзена на аўкцыёне, паведамляе Аssосіаtеd Рrеss.

Аўкцыён адбыўся 27 кастрычніка. Карціна была прададзена невядомаму пакупніку каля горада Шанціі (Францыя) за 24 мільёны еўра. Прадстаўнік аўкцыённага дома Асtеоn Дамінік Ле Каэнт заявіў, што гэты продаж пабіў «сусветны рэкорд для прымітыўнага мастацтва або карцін, створаных да 1500 года».

Былая ўладальніца карціны атрымае большую частку ад выручаных грошай. Паводле слоў Ле Каэнта, эксперты ў галіне мастацтва чакалі, што карціна будзе прададзена за 4—6 мільёнаў. Аднак яны памыліліся, бо творы пэндзля Чымабуэ да гэтага не выстаўлялі на аўкцыёнах, таму ў іх не было статыстычных даных аб кошце яго палотнаў.

Карціна «Абсмейванне Хрыста» пэндзля Чымабуэ памерам 24 на 20 сантыметраў была знойдзена ў чэрвені ў доме пажылой жыхаркі горада Камп'ень на поўначы Францыі. Яна вісела паміж кухняй і сталовай. Аўкцыяніст прапанаваў жанчыне аднесці палатно на ацэнку. Чымабуэ, які вучыў італьянскага майстра Джота, лічыцца прабацькам італьянскага Рэнесансу. Ён парваў з візантыйскім стылем, папулярным у Сярэднія вякі, і пачаў уключаць элементы руху і перспектывы, характэрныя для заходняга жывапісу.


Бабулька стала бодзібілдарам у 75 гадоў

Жыхарка Паўднёвай Карэі ў 75 гадоў заняла другое месца на спаборніцтвах бодзібілдараў, піша Лента.ру.

Лім Чэн-со стала наведваць спартзалу, каб справіцца з болямі, выкліканымі стэнозам пазваночнага канала. «Першы час было так балюча, што я крычала, калі трэніравалася, — сцвярджае яна. — Але я была гатовая на ўсё». Паводле слоў жанчыны, яна разумела, што калі не пацерпіць зараз, потым будзе горш. «Аднойчы трэнер пацікавіўся ў мяне: «Як твая нага?» — расказала Лім. — І ведаеце што? Болю больш не было!»

Пасля гэтага трэнер прапанаваў ёй прыняць удзел у спаборніцтвах бодзібілдараў. Спачатку Лім бянтэжыла тое, што прыйдзецца выступаць у бікіні і на высокіх абцасах, аднак у выніку яна пагадзілася і на адным з конкурсаў заняла другое месца сярод жанчын ад 38 гадоў і старэйшых.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».