Вы тут

На 20 чэрвеня 2020 года прымеркавана правядзенне фестывалю «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку»


Фестываль, традыцыя правядзення якога пакладзена сёлета (кнігавыдаўцы і чытачы сустракаліся ў Міры 15 чэрвеня), праводзіўся на тэрыторыі старажытнага замка ўпершыню. Акцэнт быў зроблены на знаёмстве з асветніцкай, гістарычнай, краязнаўчай літаратурай. Удзельнічалі дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы, пісьменнікі з розных куткоў Беларусі. Праводзіліся прэзентацыі, аўтограф-сесіі, дыскусіі за круглым сталом і іншыя фестывальныя мерапрыемствы.


Міністэрства інфармацыі краіны, Карэліцкі райвыканкам (гарадскі пасёлак Мір знаходзіцца на тэрыторыі гэтай адміністрацыйнай адзінкі), Гродзенскі аблвыканкам рыхтуюць праграму фестывалю, які пройдзе ў 2020 годзе. І, зразумела, чакаюць у рэчышчы гэтай падзеі ініцыятыў ад беларускіх кнігавыдаўцоў, ад арганізатараў кніжнага гандлю розных формаў уласнасці.

З Мірам, Карэліччынай звязаны імёны многіх вядомых паэтаў і празаікаў Гродзеншчыны, Беларусі. Несумненна, фестываль «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» — і яскравая нагода ўспомніць пра народнага пісьменніка Беларусі Янку Брыля, славутага літаратуразнаўца Уладзіміра Калесніка, паэтаў Рамана Тармолу-Мірскага, Вольгу Іпатаву, публіцыстаў, мемуарыстаў, празаікаў Самуіла Маскевіча, Саламона Маймана, Яўгена Крамко, Уладзіміра Навумовіча, Анатоля Жука, Серафіма Андраюка...

— Мы з кнігай, кніжніцтвам сябруем здаўна, — дзеліцца сваімі развагамі дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка. — І самі займаемся кнігавыдавецкай дзейнасцю. Удзельнічаем у кніжных выстаўках у Мінску і Вільнюсе. Музею ёсць што паказаць з асветніцкіх, гісторыка-краязнаўчых праектаў. І рады, што на пляцоўку комплексу «Мір» прызямліўся такі вось фестываль. Спадзяёмся, што ў час яго правядзення ў нас паболее гасцей, што пра музей пачнуць болей пісаць самі пісьменнікі, публіцысты. Ды і дзе як не ў старажытным, багатым на гісторыю месцы правесці дыскусіі, круглыя сталы, падзяліцца развагамі пра гістарычную літаратуру, увогуле пра ролю гісторыі ў выхаванні грамадства?!

Інфармацыйную падтрымку фестывалю забяспечваюць Сталічнае тэлебачанне, урадавая і парламенцкая газета «Звязда», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», часопіс «Маладосць», абласная газета «Гродзенская праўда» і карэліцкая раённая «Полымя».

Сяргей ШЫЧКО

Прэв'ю: en.belarus365.com

Загаловак у газеце: Кніга як галоўны персанаж асветніцтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?