Віктар Іванавіч Тарлецкі прайшоў шлях ад міліцыянера-кіроўцы ў аддзеле аховы да начальніка крымінальнай міліцыі Маскоўскага раёна Мінска. Пасля аператыўную работу змяніў на выкладчыцкую. Цяпер ён на пенсіі, але, як вядома, былых міліцыянераў не бывае. Час службы Віктара Тарлецкага нельга назваць простым. На яго долю выпалі адносна стабільныя 1970-я, перабудовачныя 1980-я і ліхаманкавыя 1990-я... Што ж, дадзім слова самому ветэрану.
— Зараз падключыць сігналізацыю вельмі лёгка. Але якой была ахова ў 1970-я гады? Тады адзіным сродкам камунікацыі са знешнім светам у кватэры быў толькі тэлефон. Падключэння якога трэба было яшчэ дачакацца. Напрыклад, мая бабуля стаяла ў чарзе сем гадоў.
— Дык і міліцыянеры з тэхнікі мелі пры сабе толькі рацыі. Але ў эфіры могуць быць перашкоды, затуханні. Гэта ўсё ўплывае на якасць сувязі. У тыя часы ў амаль мільённым Мінску былі ўсяго тры пункты цэнтральнага назірання. Адзін з іх месціўся ў самым цэнтры горада — на вуліцы Чырвонай, два іншыя — на 2-м завулку Розы Люксембург і ў толькі-толькі пабудаванай тады Серабранцы. І вось з аднаго з іх уначы прыходзіць вестка: у кіёску, што месціцца ў самым пачатку Партызанскага праспекта, — спрацоўванне. Прыехалі мы туды, пахадзілі, паглядзелі — нікога няма, усё цэлае. Падумалі — ну, бывае, памылковае спрацоўванне. Наступны раз трывожны сігнал раздаўся праз паўгадзіны. Вярнуліся мы да кіёска — усё роўна нікога няма. Ну што ж, з'ездзілі мы на вячэру, а пасля па маёй ініцыятыве вырашылі туды заехаць яшчэ раз. І мы бачым — а акенца разбітае! Пасвяцілі ліхтарыкам — а злодзей унутры... Пасля ён прызнаўся: разлічваў, што на пульце падумаюць, нібы спрацоўванні ідуць памылковыя, і часова сігналізацыю выключаць. Але ўсё пайшло не па плане. І крадзяжоў на яго рахунку быў не адзін і не два. А калі спрацавала сігналізацыя на вуліцы Кашавога ў краме вопраткі, то злодзея знайшоў толькі службовы сабака. Хітры крымінальнік залез пад адно з паліто і падабраў ногі так, што няўзброеным вокам заўважыць яго было нерэальна.
Што да кватэр, то на сігналізацыю іх бралі, але вельмі рэдка. У асноўным тады кватэры пад ахову здавалі прадстаўнікі наменклатуры. З-за сацыяльнага статусу гаспадароў іх жыллё выглядала для зладзеяў больш прыцягальным.
Адпрацаваўшы два гады кіроўцам у ахове, Віктар Тарлецкі вырашыў паступаць у Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі. Конкурс у 1977 годзе быў істотны — больш за 7 чалавек на месца. На карысць юнага міліцыянера было тое, што ў яго за плячыма ўжо меўся двухгадовы досвед работы. Але пераважная большасць хлопцаў рашала туды паступаць адразу пасля звальнення ў запас з арміі.
— Пасля заканчэння вучобы мне прапанавалі ісці ў аддзел па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці, — успамінае Віктар Тарлецкі. — Але далейшы мой лёс вызначыла кватэрнае пытанне. Участковы інспектар мог атрымаць службовае жыллё значна раней. Я ж у той час ужо быў жанаты.
Віктара Тарлецкага адразу адправілі на службу ў мікрараён Паўднёвы Захад-1, які тады ўяўляў сабой суцэльныя будоўлі. Кватэры здаваліся па прынцыпе «заязджай і жыві». Некаторыя насельнікі размешчанай побач Грушаўкі пра гэта даведаліся і... раз за разам адпраўляліся ўначы па халяўныя будматэрыялы для сваіх патрэб. Цягнулі ўсё — праводку, разеткі, антрэсолі, лінолеум, дзверы і нават аконнае шкло...
— Прарабы былі ў нас у райаддзеле заўсёднікамі. З сітуацыі трэба было неяк выходзіць. І я пачаў арганізоўваць засады, — кажа Віктар Тарлецкі. — Я браў з сабой некалькі патрульных міліцыянераў, рацыі; мы залазілі на дамы, якія павінны былі неўзабаве здацца, і пачыналі назіранне. Калі мы бачылі, што ў дом асцярожненька заходзіць група людзей — тут жа ціхенька спускаліся ўніз са сваіх назіральных пастоў і прымалі іх «цёпленькімі». Пра такую манеру вядзення спецаперацый ведаў толькі мой непасрэдны начальнік. Праўда, аднойчы мы ледзь самі сябе не раскрылі. Неяк не падумалі перастроіць рацыі са стандартнай хвалі і спакойна выкарыстоўвалі пазыўныя «Першы», «Другі» і гэтак далей. І аднойчы ў рацыі пасярод ночы раздаўся гучны крык — «Што гэта за Першы з'явіўся?» Мы і забыліся, што гэта быў пазыўны генерала....
— Пагалоскі пра Грушаўку, яе ваколіцы і Паўднёвы Захад кажуць, што там было вельмі шмат аматараў спіртнога...
— Пасля Паўднёвага Захаду мяне перавялі на Грушаўку, дзе алкаголь у цэлым і самагон у прыватнасці былі далёка не дэфіцытам. Трэба было проста адправіць самых «актыўных» аматараў спіртнога ў лячэбна-працоўны прафілакторый, балазе падставы для гэтага былі. Ды і алкаголікаў тых, як правіла, з работы павыганялі, а крымінальны артыкул за дармаедства існаваў. Таму выбар для іх быў паміж «дрэнна» і «дрэнна». Так, іншым часам даводзілася затрымлівацца на рабоце глыбока ў ноч, але плён гэта дало. Хоць былі ў нас, вядома, і крадзяжы, і цяжкія злачынствы...
Падчас вучобы я пачуў пра метад знакамітага парыжскага сышчыка Відока, у якога была вельмі добрая памяць на злачынцаў. Я ж, у сваю чаргу, завёў штодзённік, у якім збіраў дасье на ўсіх мясцовых крымінальнікаў. І вось аднойчы ўначы згвалтавалі жанчыну. Сабралася следча-аператыўная група, выклікалі мяне, назвалі прыкметы злачынцы. Я палез у свой штодзённік і кажу — а чаго яго шукаць, калі гэта (і называю канкрэтнае прозвішча)? Яго затрымалі, пацярпелая апазнала гвалтаўніка. А мяне пасля гэтага перавялі ў крымінальны вышук.
Раён каля сталічнага чыгуначнага вакзала заўжды быў складаны. Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што тут было шмат так званых гастралёраў, якія прыязджалі ў Мінск, штосьці кралі, пасля хуценька сядалі на цягнік і з'язджалі. Параўнайце гэта з патрыярхальнай Грушаўкай, дзе адзін і той жа кантынгент жыве дзесяцігоддзямі.
— Чатыры рэстараны было ў акрузе і яшчэ гасцініца «Мінск»! — згадвае Віктар Тарлецкі. — Рэстараны былі тады добрым месцам для знаёмства або яго працягу. Жулікі гэта ведалі і хадзілі брыгадамі. Вось запрасіў хлопец дзяўчыну патанчыць, а ў гэты час чысціцца сумачка. Але сам па сабе дасведчаны жулік — выдатны псіхолаг. Яго і чалавеку ў пагонах разгаварыць вельмі складана...
Напрыклад, тройчы судзімы злодзей раздабыў недзе форму лётчыка, капітана Савецкай Арміі, рэгулярна прыходзіў у ёй у розныя рэстараны. Ён цудоўна ведаў мару многіх дзяўчат — выйсці замуж за афіцэра. Але падзеі не прыспешваў. Некалькі сустрэч, пасля запрашэнне дадому, другое, трэцяе — і жанчына бачыць, што зніклі нейкія рэчы. Аднак і думкі ніякай не ўзнікала, што злодзеем можа быць галантны кавалер капітан!
Назіраў я за ім недзе каля месяца. А калі атрымаў раз неабвержныя доказы яго віны, прыйшоў да яго раніцай і кажу. «Здравія жадаю, таварыш капітан, збірайся давай. Адслужыў ты сваё». Чаго толькі ў яго падчас вобыску не знайшлі — дарагую парфуму, упрыгажэнні, калготкі... Усё ж гэта было ў сярэдзіне 80-х лютым дэфіцытам. Збываць скрадзенае Ю. лятаў прамым рэйсам з Мінска ў Ніжнявартаўск. Але і Мінск ён наведваў не з пустымі рукамі — у горадзе нафтавікоў ён ускрываў кватэры і прывозіў скрадзенае для продажу сюды. Агулам удалося даказаць да дваццаці эпізодаў.
У канцы 1980-х гадоў Віктар Тарлецкі стаў начальнікам крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС, які ўзначальваў першую палову наступнага «ліхога» дзесяцігоддзя. Час быў даволі складаны. У СССР была дазволена прыватная ініцыятыва, кааператывы ствараліся адзін за адным. Вялікія грошы, якія пачыналі «круціцца» ў гэтай сферы, прыцягвалі ўвагу арганізаваных злачынных груп. Калі ж «засвечаны» камерсант адмаўляўся плаціць, наступствы для яго маглі быць сумныя. І не толькі для яго.
— Быў выпадак, калі на вуліцы Мяснікова ў адной з кааператарскіх кропак уначы скралі сейф. І што вы думаеце? Пацярпелы адмовіўся даваць паказанні! На Паўднёвым Захадзе, памятаю, жыла вельмі заможная сям'я, якая стварыла ўласную фірму. Трапіць у іх кватэру можна было толькі пасля званка па тэлефоне. І вось паступае нам сігнал: па іх адрасе адбылася страляніна. Заходжу я туды і бачу забітых мужа і жонку. Першая ж думка — фінансавы след. Высветлілася, што ў той дзень і галоўны бухгалтар не выйшаў на работу. Мы панесліся да яго на вуліцу Караля, — успамінае Віктар Тарлецкі. — Але расказаць бухгалтар ужо нічога не мог — мы яго знайшлі з куляй у грудзях на кухні... Доўгі час гэтае злачынства заставалася нераскрытым. Сваякі і сябры ў адзін голас адмаўляліся даваць паказанні, намякаючы, што ў гэтай справе замешаны велізарныя грошы і невядома, што будзе з імі пасля. Такі вось час быў...
У 1996 годзе Віктар Іванавіч сышоў на выкладчыцкую работу. Агулам ён адпрацаваў у Мінскай спецыяльнай сярэдняй школе міліцыі, якая ў далейшым была пераўтворана ў Мінскі вышэйшы каледж МУС, каля шасці гадоў, пакуль не выйшаў у адстаўку. Цяпер жа ён вярнуўся на сваю малую радзіму, у невялікую вёску на поўдні Мінскай вобласці. Трымае там вялікую гаспадарку. Зрэшты, гэта ўжо, як той казаў, зусім іншая гісторыя.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота прэс-службы МУС
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.