Вы тут

Як пазбегнуць узгарання аўто?


Сучасны аўтамабіль — гэта не толькі сродак вельмі камфортнага перамяшчэння, але і, на жаль, добрая крыніца агню. Ратавальнікі кажуць, што цяперашняя аўтамашына можа згарэць да неаднаўляльнага стану літаральна за 5—6 хвілін. Такая плата за тое, што ў сучасных машынах выкарыстоўваецца даволі шмат пластыку. Але гэта не азначае таго, што з агнём змагацца бессэнсоўна. Аб тым, як гэта правільна зрабіць, расказалі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.


Скінуць клему

— Спачатку трэба выклікаць ратавальнікаў, паведаміўшы як мага больш дакладна каардынаты месца, дзе вы знаходзіцеся, — раяць у прэс-службе МНС. — Але да іх прыезду вельмі пажадана ўтрымаць полымя пад кантролем. Калі загарэўся маторны адсек, то трэба крыху прыадкрыць капот, каб плынь свежага паветра не ўзмацніла гарэння. Па магчымасці скіньце адмоўную клему акумулятара, бо інакш батарэя будзе падпальваць праблемнае месца раз за разам, — і пускайце ў ход вогнетушыцель. Парашковы ён будзе ці вуглекіслотны — няважна. Галоўнае, не пашкадаваць грошай загадзя і набыць балон, які будзе змяшчаць больш за пяць літраў рэчыва. Калі ж купіць у аўтамабіль вогнетушыцель малалітражны, дзеля «галачкі», то ў крытычнай сітуацыі сэнсу ад яго можа быць няшмат. А вось ваду заліваць у маторны адсек нельга ні ў якім разе. Гэта выкліча кароткае замыканне электраправодкі і... дадатковы ачаг полымя. Для тушэння невялікіх узгаранняў падыдзе нават шчыльная тканіна, якая перакрые доступ кіслароду. Але калі, нягледзячы на ўсё, справіцца з агнём не атрымалася, то адзінае, што застаецца, — гэта бегчы што ёсць сілы як мага далей. Сваімі сіламі патушыць пажар ужо не атрымаецца, а рызыка выбуху бензабака ўзрастае шматкроць.

Натуральны знос і «кулібінства»

Любы аўтамабіль пасля ўзгарання абавязкова накіроўваецца на пажарна-тэхнічную экспертызу. Нават калі прычыны здарэння ляжаць, скажам так, не ў крымінальнай плоскасці, то ўсё роўна застаюцца тры пытанні: з-за чаго загарэўся аўтамабіль, хто нясе адказнасць і ці страхавы гэта выпадак? На коне нярэдка стаяць пяцізначныя сумы грошай.

— Самая распаўсюджаная прычына пажару ў аўтамабілях — гэта аварыйны рэжым работы электраабсталявання, — адзначае начальнік аддзела механізму гарэння ўпраўлення пажарна-тэхнічных экспертыз Цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі падпалкоўнік юстыцыі Расціслаў Курсевіч. — А што менавіта да яго прывяло — тут ужо могуць быць розныя варыянты. Мы не раз сутыкаліся з тым, што ў электрычную схему падключаюцца прыборы, якія не былі прадугледжаны заводам-вытворцам. Гэта больш магутнае асвятленне, акустычныя ўзмацняльнікі, няправільна падабраныя магнітолы і нават падагравальнікі. Часам само гэта абсталяванне падключана няправільна — без устаноўкі дадатковых засцерагальнікаў, пры дапамозе скрутка правадоў, у якіх пакрысе ідуць працэсы акіслення. Узнікае вялікае пераходнае супраціўленне. У лепшым выпадку ланцуг абарвецца, і тады ўсё скончыцца толькі рамонтам электраправодкі. Але гэта, можна сказаць, яшчэ пашанцуе. Бо з такой жа доляй верагоднасці ў зоне кантакту можа пачацца лакальны разагрэў. Далей праводка плавіцца і адбываецца кароткае замыканне. А штатныя засцерагальнікі, якія маглі б абясточыць ланцуг своечасова, былі дэмантаваныя — інакш з імі дадатковае абсталяванне не змагло б працаваць.

Узімку праблем дадаюць прычапныя разеткі. Па сутнасці — гэта вывад сілавых і сігнальных праваднікоў для таго, каб на прычэпе таксама працавалі ўсе агні. Але праваднікі гэта аголеныя і да таго ж размешчаныя на маленькай пляцоўцы. І вось калі аўто рухаецца па дарозе, шчодра пасыпанай солевай сумессю, то кампаненты апошняй разлятаюцца ва ўсе бакі. У тым ліку — і ў разетку, калі яна не закрыта спецыяльнай заглушкай. На кантактах пачынае асядаць соль, якая з цягам часу высыхае. Электрычнасць яна праводзіць цудоўна, і да кароткага замыкання тут застаецца літаральна паўкроку.

— Калі мы кажам пра аўтамабіль бюджэтнай катэгорыі, то не варта чакаць абсалютна такога ж электраабсталявання ў ім, як у машыне прэміум-сегмента па кошце кватэры ў сталіцы, — працягвае судовы эксперт. — Дзесьці будуць таннейшыя правады, ізаляцыя, кантакты... Натуральна, пакуль аўтамабіль эксплуатуецца так, як належыць, то вялікіх праблем з ім не ўзнікае. Але трэба памятаць: любое злучэнне ў машыне, праз якое праходзіць істотная электранагрузка, — гэта патэнцыйнае месца ўзнікнення вялікага пераходнага супраціўлення. І не лянуйцеся вывучаць тэматычныя сайты ў інтэрнэце. Як правіла, на іх апісаны «хваробы» для ўсіх папулярных марак. Напрыклад, скрутак правадоў праведзены праз металічныя канструкцыі, і за 10—15 гадоў эксплуатацыі там з натуральных прычын ператрэцца ахоўны кажух. Але зноў жа, калі не ўносілася ніякіх змен у электрычную схему, то засцерагальнікі выратуюць. А адрамантаваць праводку куды танней, чым купіць пасля пажару новы аўтамабіль.

Саматужны рамонт таксама можа мець дрэнныя наступствы. Напрыклад, у маторным адсеку праведзены сілавыя ланцугі стартара і генератара. Яны не знаходзяцца пад аховай засцерагальнікаў, бо праз іх працякаюць вельмі магутныя токі. І вось мы неаднойчы бачылі, што пры самастойным рамонце, калі здымалі і ставілі назад гэтыя агрэгаты, правады мацаваліся не так, як яны ішлі раней. У выніку яны або пераціраліся з-за вібрацыі, або дакраналіся да моцна нагрэтых элементаў выпускнога калектара. На некаторых яго элементах тэмпература можа дасягаць 700 градусаў! Далей усё па класіцы — кароткае замыканне, засцерагальнік у парушанай электрычнай схеме нармальна не спрацаваў, пажар. Дарэчы, былі ў нас даследаванні, падчас якіх высвятлялася, што прычына пажару палягала ў няспраўнай сістэме ахалоджвання. Па кроплі вадкасць трапляла на выпускны калектар. Вада выпаралася, а вось этыленгліколь заставаўся. Тэмпература яго кіпення складае каля 200 градусаў. У нейкі момант адбывалася ўспышка...

Прычыны могуць быць і ў шынах

— Была ў нас вельмі цікавая экспертыза велікагрузнага аўтамабіля, — згадвае Расціслаў Курсевіч. — Ехала фура з півам, у якой адна з падушак на пнеўматычнай падвесцы перастала трымаць ціск. Платформа нахілілася на кола. «Дапамог» яшчэ і моцны бакавы вецер. Шына пачала чапляць за металічны болт, які выступаў з падлогі грузавога адсека. Болт моцна разагрэўся, і ад яго пачало тлець пакрыццё падлогі. Гарэнне перайшло ўнутр, проста на кардонныя каробкі, а пасля перакінулася на тэнт. Толькі тады кіроўцы, якія ехалі ззаду, пачалі сігналіць, бо раней агню бачна не было зусім...

Але дрэнны стан саміх шын можа таксама стаць прычынай пажару. Калі вы едзеце з прыспушчанай шынай, то слаі гумы разыходзяцца. Яны пачынаюць паміж сабой церціся. Працэс ідзе лавінападобна, паколькі ўтвараецца яшчэ большая колькасць цяпла. У лепшым выпадку кола проста разбурыцца. Але здараецца і так, што пачынае ўтварацца дым.

Як бачым, загарэцца ў аўтамабілі ёсць шмат чаму. Але пазбегнуць гэтага даволі проста — трэба своечасова праходзіць тэхагляд і клапаціцца аб здароўі свайго «жалезнага каня». Тады і тэхніка «аддзячыць» доўгай і надзейнай работай.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Пажар на чатырох колах

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.