«Ну што ты вырашыла з Новым годам?» — пацікавілася нядаўна каляжанка, з якой мы час ад часу перасякаемся на мерапрыемствах. Я толькі паціснула плячыма: пакуль ведаю толькі, што за межы краіны з сям'ёй не выедзем, а так яшчэ нічога. «Як гэта, ужо менш чым два месяцы засталося?!» — знаёмая глядзела на мяне з такім абурэннем, як быццам нам па шэсць гадоў, і я толькі што сказала, што Дзеда Мароза не існуе.
Я ў адказ зноў паціснула плячыма. Ведаю ад гэтай каляжанкі, што ў іх з мужам ёсць традыцыя — не, не хадзіць у лазню, а сустракаць кожны Новы год у новым месцы, і рытуал выбару і падрыхтоўкі да свята ў такім выпадку не менш важны, чым сама навагодняя ноч. Мілая сямейная традыцыя, якой можна захапляцца і нават зайздросціць, але хто сказаў, што ўсе астатнія павінны дзейнічаць па такім жа сцэнарыі? Усе мы розныя, адным даспадобы дакладны рэгламент і планаванне, а другім — гнуткасць і імправізацыя, адны ведаюць за паўгода, што будуць рабіць наступным летам, другія ж здольныя пачакаць да гадзіны ікс, а потым раптоўна выдаць геніяльны план і «за пяць хвілін даляцець». Не кажучы ўжо пра фінансавыя магчымасці, грамадскія і працоўныя абавязкі і знешнія абставіны, таксама індывідуальныя для кожнага.
Зрэшты, не збіраюся ўступаць у дыскусіі на тэму, у каго хлеб чэрствы, а ў каго жэмчуг дробны, каб не марнаваць свой і чужы час. Бо гаворка наогул не пра грошы і жаданне ці нежаданне як след напружыцца, каб потым як след адпачыць. Тут, мабыць, розніца ў прыярытэтах. Я дакладна ведаю, што не змагу растлумачыць знаёмай, як часам усе загадзя выбудаваныя схемы і графікі ляцяць у тартарары, калі тваё дзіця ў ноч з нядзелі на панядзелак раптоўна выдае тэмпературу пад сорак і іншыя сімптомы віруснай інфекцыі, альбо, крый Божа, калі нечакана трапляе ў шпіталь хтосьці з бацькоў. А ў яе найважнейшы прынцып — бачу мэту, не бачу перашкод, таму можна падключыць усе рэсурсы, дэлегаваць паўнамоцтвы, выйсці з зоны камфорту і што там яшчэ раяць шматлікія матывацыйныя коўчы-трэнеры?.. Гэта не добра і не дрэнна, проста розны падыход.
Ёсць жыццёвыя сітуацыі, якія неабходна планаваць (скажам, медагляд, уласнае вяселле, заказ білетаў на цягнік ці самалёт), ёсць тыя, дзе варта рызыкнуць і нешта зрабіць спантанна альбо спалучыць тое і гэта — і толькі ад вас залежыць, дзе якую стратэгію прымяніць. Галоўнае — робячы, не шкадаваць, не збівацца з курсу і выразна бачыць межы паміж «планаваць» і «заганяць у рамкі», «адпусціць сітуацыю» і «бязвольна плыць па цячэнні». Так што, калі вы маеце час, імпэт і магчымасці, каб падарыць сабе ці яшчэ камусьці на Новы год штосьці такое, гэткае, насамрэч чароўнае, — рабіце і не слухайце нікога, хто сцвярджае, што цяпер так не робяць. Калі планы далёка не ідуць і абмяжоўваюцца сямейнай вячэрай ці сяброўскім застоллем у кампаніі тэлевізара і банальнага тазіка з аліўе — маеце поўнае права. А калі вы не ўпэўнены нават, што будзе заўтра, не тое што праз паўтара месяца, і ўсе думкі наконт Новага года ўкладваюцца ў формулу «няхай сабе наступае, там паглядзім», з вялікай верагоднасцю так і будзе. Андрэй Макарэвіч спявае пра поезд, «Няшчасны выпадак» — пра графік, і кожны зноў застанецца пры сваім...
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.