Вы тут

Актыўнасць, шматдзетнасць і родная мова. Сям'я Яўмененкаў раскрыла рэцэпт паспяховасці і з'яднанасці


Нядаўна на прасторы Fасеbооk я ўбачыла фота дзяўчыны, якая сабралася пайсці на Хэлоўін у выглядзе... шматдзетнай маці. Валасы дзяўчыны былі сабраныя ў неахайны пучок, пад вачамі намаляваны вялізныя чорныя кругі, адзета яна была ў брудную расцягнутую майку і спартыўныя штаны. У адной руцэ трымала ляльку, у другой — бутэлечку для кармлення немаўляці. Карціну завяршала яшчэ адна лялька, якая нібыта абдымала «маці» за нагу, а насамрэч была прывязана тонкім дротам... А сёння — насуперак такім вось уяўленням пра мнагадзетных — мы раскажам пра іншую маці і іншую сям'ю.

Гэта новы від шматдзетных беларусаў — сучасныя, адукаваныя, актыўныя і, канешне, шчаслівыя. У сям'і Яўмененкаў ёсць разыначка: яны беларускамоўныя і свядома прывіваюць сваім малым любоў да роднай краіны, мовы і культуры. Гэта сям'я бярэ ўдзел у краўдфандынгу, падтрымліваючы выданне кніг на роднай мове, любіць вандраваць па краіне, вывучаючы гісторыю, наведвае фестывалі і сама арганізуе касцюмаваныя вечарыны. У Віктара і Іны пакуль трое дзетак: шасцігадовы Брачыслаў, амаль трохгадовая Радаслава і маленькі васьмімесячны Альгерд. Прадпрымальнік Віктар і харэограф Іна згадзіліся падзяліцца сакрэтамі нараджэння ўласнай сям'і і яе жыццёвымі інтарэсамі.


Віктар: — Мы даведаліся адно пра аднаго праз сайт знаёмстваў. Так, не здзіўляйцеся. На гэтых сайтах, безумоўна, ёсць і бессаромнасць, і пошук партнёра для сексу, але ёсць сапраўдныя адносіны і сустрэчы. Падобныя сайты сталі ўжо часткай сучаснага жыцця.

Іна: — Ён першы зайшоў на маю старонку і напісаў мне. Гэта была звычайная перапіска паміж людзьмі, падобная на «прывітанне, як справы, што робіш», якая магла нічым не скончыцца, але вось як дзіўна ўсё атрымалася. Перапісваліся каля двух тыдняў, а потым абмяняліся нумарамі тэлефонаў.

Віктар: — Часта на этапе перапіскі ўсё і затухае, а ў нас — не. Прыехаў да яе на машыне ўвечары, і таму першы раз яна мяне ўбачыла толькі ў цемры.

Іна: — Ён такі кавалер, канешне (смяецца)! Прыехаў да мяне і нават не вылез з машыны! Я тады падумала, што ён маленькага росту, камплексуе, таму і не вылазіць. Злавалася, бо мы павінны былі сустрэцца ў чацвер, а ён прыехаў у аўторак. Я ўжо нават макіяж зняла і збіралася рыхтавацца да іспытаў у аўташколу. А ён патэлефанаваў, і так настырна: маўляў, прыеду, і ўсё тут. Дзіўлюся сама сабе — выйшла да яго. А там слова за словам, і не заўважылі, як прайшло некалькі гадзін.

— Вы адразу пачалі размаўляць на беларускай?

Іна: — Не. Я была рускамоўная, і са мной Віктар гаварыў па-руску. Але яшчэ на пачатку перапіскі я зайшла на яго старонку сайта
«Аднакласнікі» і ўбачыла, што яна на мове. Для мяне гэта было трошкі дзіўнавата, таму што ў маім асяроддзі такога не было. Але я не адчувала чагосьці іншароднага для сябе і таму ішла далей на кантакт. Тым больш я сама са шматдзетнай сям'і, дзе з павагай адносіліся да інтарэсаў адно аднаго.

Віктар: — Для мяне ж было важна, каб Іна да мовы не ставілася з пагардай, каб яе не раздражняла гучанне беларускай. Для сябе адразу адзначыў, што яна з добрай сям'і, і вырашыў не цягнуць. Праз паўгода мы з'ехаліся, а праз год ужо гулялі вяселле.

— Хуткія вы... Не баяліся, што памыліцеся?

Віктар: — Я адчуваў сябе ўпэўнена. Ды і чаго чакаць? Мне быў 31 год, жонцы — 25. З Інай я пачаў сустракацца ўжо нацэленым на сям'ю. Мне хацелася дзяцей, прычым я свядома хацеў стаць шматдзетным. Тым больш я меркаваў чыста лагічна. Вось мне за трыццаць, калі адразу народзіцца дзіця, то яно будзе вучыцца ва ўніверсітэце, калі мне стукне 50! Хутчэй за ўсё мае дзеці таксама не захочуць рана нараджаць. І калі я збіраюся патанчыць на вяселлі сваіх дзяцей, і каб яшчэ з мяне не сыпалася труха, то трэба адназначна да сарака іх нарадзіць. Калі нам пашанцуе, то мы з Інай будзем здольныя і з унукамі пагуляць.

Іна: — А вось я пра гэта ўвогуле не думала. Проста закахалася і ўсё. Марыла толькі, што калі і будзе сям'я, то каб такая ж дружная, як і ў мяне. Я захапляюся сваімі роднымі.

Віктар: — Не тое, што я кожную хвіліну думаў: маўляў, гадзіннік цікае. Проста ў мяне было разуменне гэтага. Але ж ёсць розныя людзі і такі варыянт не для ўсіх. Мой малодшы брат нават і не думае пра дзяцей і адчувае сябе вельмі камфортна. У мяне асабіста была патрэба ў сям'і. Прычым мне заўсёды хацелася вялікую сям'ю, каб нават не трое, а пяцёра дзяцей было!

— А будучая жонка пра гэта ведала?

Іна: — Канешне. Што мне падабаецца ў маім мужу, дык гэта тое, што мы пра ўсё дамаўляліся яшчэ «на беразе». То бок усё, што цяпер адбываецца ў нашай сям'і, — не сюрпрыз. Небяспечна выходзіць замуж, не дамовіўшыся аб сур'ёзных рэчах.

Віктар: — Людзі, якія думаюць, што дамовяцца ў працэсе, дадамаўляліся так, што сёння ў краіне палова заключаных шлюбаў распадаецца. Мне хочацца, каб у нашай сям'і адносіны будаваліся гарызантальна, а не іерархічна. У тым сэнсе, што мае дзеці ад нараджэння паўнавартасныя людзі. Мне хочацца быць не толькі бацькам, але і сябрам для іх. Я разумею, што не змагу прывязаць дзяцей да сябе, але спадзяюся, што мы будзем ставіцца з павагай адно да аднаго, нават калі ў нас будуць розныя светапогляды. Сваяцкія сувязі для мяне — гэта не пра грошы. Пакуль я іх забяспечваю як бацька. Потым, калі, скажам, дзіця паступіць на бюджэт, я забяспечу яму побыт на час навучання. Не больш. Ніякіх кватэр і машын купляць не буду. Пасля пачатку працоўнага жыцця грошы буду толькі пазычаць.

Іна: — Гэта цяпер ён так думае, а як на самай справе будзе, невядома (усміхаецца).

Віктар: — Згодны, розныя сітуацыі здараюцца. Але я павінен дзецям прагаварыць сваю пазіцыю зараз. Каб яны раслі і настройвалі сябе на самастойнасць, а не на ўтрыманства.

— Вы так добра размаўляеце на роднай мове. Як сям'я стала беларускамоўнай?

Віктар: — Мову я сам вывучыў ужо дарослым. З практычнага пункту гледжання, магчыма, і неабавязкова вучыць беларускую мову, бо, калі ты жывеш у Беларусі, можна абысціся і рускай. Але калі раптам захочацца паехаць да іншых суседзяў: ва Украіну, Польшчу, Балгарыю ці нават Сербію, дык калі ведаеш беларускую мову і можаш на ёй добра размаўляць, цябе там зразумеюць. Выпрабавана на сабе. Беларуская мова — ключ да ўсіх славянскіх моў. Да таго ж калі людзі ведаюць дзве мовы, то ў іх узнікае нашмат больш нейронных сувязяў — гэта даказана навукова, — а калі чалавек ведае тры мовы, ён ужо амаль не можа захварэць на хваробу Альцгеймера.

Іна: — Пакуль мы сустракаліся, пытанне мовы ўвогуле не ставілася. А вось калі нарадзіўся сын Брачыслаў, то муж стаў мяне ўпэўніваць: маўляў, для развіцця вельмі карысна. І я павялася (смяецца). Ідэя мне падабалася, я нават злавіла нейкі кайф ад двухмоўя. Калі пачала чытаць на мове і размаўляць, то мозг стаў шурупіць лепш, адназначна.

— Вашы дзеці таксама гавораць па-беларуску?

Віктар: — Не заўсёды. Мы не прымушаем. Самі, калі захочуць, будуць размаўляць. Нашы дзеці ходзяць у рускамоўны садок. Але дома, напрыклад, мы размаўляем на беларускай мове. Канешне, калі захацець, то можна намагацца, каб дзіця заўсёды размаўляла на мове. Але для нашай сям'і гэта цяжка тэхнічна: знайсці беларускамоўны садок у раёне аказалася немагчыма, таму мы аформілі дзяцей у рускамоўны садок паблізу. Брачыславу, напрыклад, вельмі падабаецца такое становішча. Ён пачаў пытацца аб перакладзе некаторых слоў, якія раней не чуў. Калі да нас у госці прыходзяць яго сябры, то яны не заўсёды разумеюць, калі мы звяртаемся да іх па-беларуску, губляюцца. А наш сын тады перакладае для іх.

— Чаму ўсё ж вырашылі стаць шматдзетнымі? Сёння да такіх сем'яў неадназначнае стаўленне...

Віктар: — Беларусаў павінна быць больш (смяецца). На самай справе шматдзетнасць — гэта выклік. Дзеці для мяне — стымул зарабляць грошы. Мая сям'я — частка маіх амбіцый. Для кагосьці гэта можа стаць прычынай падрыву здароўя, а вось мне пашанцавала — мая жонка квітнее!

Іна: — А мой муж раней быў сапраўдны «сухар», а цяпер стаў больш мяккім, клапатлівым, уважлівым. Некаторыя мае сяброўкі раяць яму знайсці ўжо іншы стымул для заробку, акрамя дзяцей. Я смяюся. Мне добра і так.

Віктар: — Але шматдзетнасць усё ж не для ўсіх. Нам падабаюцца шум, гам і дзіцячы смех. Для іншых тое самае — гэта стома і дурдом. Вось раней я спаць клаўся і ў гадзіну ночы, цяпер — у дзевяць, і сплю, як немаўля. Бывае, сумую па тым часе, калі не быў падпарадкаваны рэжыму, планам і дысцыпліне, сумую па спантаннасці. Але ў нашым жыцці з'явілася нашмат больш: моцная сям'я, любоў, гонар, вандроўкі, дзіцячыя вечарыны. Гэта вельмі сур'ёзна! На кожны дзень нараджэння дзіцяці ствараецца спецыяльная вайбер-група, шыюцца касцюмы, арганізуюцца фотазоны, забаўляльныя мерапрыемствы. Увесь гэты працэс вельмі падабаецца маёй жонцы. Я толькі дзіўлюся яе энергіі. Яна ж у мяне яшчэ і на фітнес паспявае хадзіць, а была б яе воля, яна б мяне на ровары прымусіла ўсю Беларусь аб'ехаць. Але спорт я не люблю, хоць за вагой сачу, таму спыніліся на аўтамабільных вандроўках.

Іна: — А мне лёгка ўсё гэта рабіць для тых, каго люблю і кахаю.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны Ткачовай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.