Вы тут

Смех і слёзы ўчастковага


У адным звычайным райцэнтры ў адзін са звычайных дзён праходзіў прыём грамадзян. Прыёмаў бывае многа і розных. Гэтым разам сустрэцца з жыхарамі прыехаў чыноўнік са сталіцы. І запісалася да яго нямала наведвальнікаў з горада і навакольных вёсак. Людзі прыходзілі з рознымі просьбамі, скаргамі, пытаннямі.


Фота: pikabu.ru

Зайшла жанчына, як высветлілася потым, васьмідзесяці гадоў. Пухнатая папка з дакументамі ў яе руках сведчыла, што справа даўняя, пройдзена нямала інстанцый. З першых сказаў аповеду стала зразумела, што, кажучы мовай пратакола, мае месца шматгадовая асабістая непрыязнасць, альбо іншымі словамі — варожасць суседзяў па домаўладаннях. Кабета расказвала, як суседка піша на яе скаргі ва ўсе ўстановы, як кідаецца каменнем і пяском і чаго толькі не выдумляе, каб зганьбаваць яе добрае імя. Ды так суседка ўелася ў косці, што сумленная гаспадыня не вытрымала і купіла кватэру для пастаяннага пражывання. Але ж дом яна таксама не пакідае, перыядычна наведваецца, і ўсе непрыемнасці паўтараюцца. Падрабязнае выкладанне сутнасці справы цягнулася з паўгадзіны, у асобныя моманты хацелася шчыра спачуваць ахвяры суседскіх войнаў. Але за ёй на прыём прыйшла другая жанчына... і стала расказваць пра пісьмы і скаргі, пра кіданне пяском і камянямі. Аказалася, на прыёме — апанентка папярэдняй, і гэта было нібы ў кіно. Спадарыні прыкладна аднолькавага ўзросту вінілі адна адну ў адных і тых жа грахах нібы пад капірку.

Яны пабывалі ў судах, міліцыі, пракуратуры, у кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, якія за час драматычнай дзеі мяняліся, і ў іх намеснікаў. Адной з прычын гэтай шматгадовай вайны з'яўляецца злашчаснае дрэва, якое расце на ўчастку адной і перашкаджае другой. Дык вось суд аднойчы пастанавіў тое дрэва спілаваць, але другі суд рашэнне адмяніў. Складвалася ўражанне, што ад гэтай гісторыі вар'яцеюць і суддзі, і пракуроры, і міліцыянеры. Бо якое рашэнне ні прымі, яно не задаволіць абодва бакі, такім чынам канца вайны не праглядаецца. Таму дасціпным і арыгінальным выглядае адказ супрацоўніка міліцыі, калі адна з іх чарговы раз патрабавала пакараць другую. «Бог пакарае» — сказаў чалавек у пагонах.

І гэта цяпер яму ставілася ў віну. Ну не мог жа ён сказаць: «Дасталі!» Бо зноў паляцелі б скаргі ў самыя розныя інстанцыі. Хоць і гэта слова, і яшчэ больш радыкальныя ацэнкі, несумненна, круцяцца ва ўсіх на языку, хто па родзе работы вымушаны разбірацца ў нюансах справы, дзе сам чорт нагу зломіць.

Вядома, сюжэт гэтай жыццёвай калізіі можна пракруціць у якой-небудзь гумарыстычнай перадачы і пасмяшыць людзей. Але ж тут больш сумнага, чым смешнага, калі дзве пажылыя жанчыны жыццё кладуць на бессэнсоўную і бязлітасную варожасць, якой не відно канца. Каб хто сабраў іх разам, здаецца, і сказаў: азірніцеся, колькі вам жыць засталося!? Няўжо варта тое няшчаснае дрэва ці тая пядзя зямлі вашых атручаных злосцю і нянавісцю дзён? Але не пачуюць, колькі ні крычы.

«Нядоўгі век, і той пражыць не ўмеем. То крыўда раз'яднае, то мана» — запісваю ў блакноце радкі Сяргея Грахоўскага, якія прыйшлі на памяць. І тут заходзіць яшчэ адна наведвальніца са скаргай на суседа. Жанчына доўга расказвала пра сваё жыццё, сваю набожнасць, цытавала радкі са Святога Пісання аб тым, што трэба любіць бліжняга і дараваць усім. Але лейтматывам гэтай гадзіны споведзі было: «Хай Бог і бліжнія даруюць усім іншым, а майго суседа вы пакарайце». І яшчэ, яна найперш не збіралася дараваць участковаму, якога чарговы раз запрасілі на свае разборкі. «Мы плачам з суседкай, — горача даводзіла заяўніца на прыёме, — а ён усміхаецца». Няўжо было б лепей, каб і ён заплакаў?

Не так даўно давялося размаўляць з палкоўнікам УУС, які кіруе службай участковых у вобласці. Ён казаў, што ёсць праблемы з кадрамі. Некаторыя не вытрымліваюць, звальняюцца. Шукаюць такую работу, каб менш кантактаваць з людзьмі. Па логіцы рэчаў, на месца тых, хто звольніўся, не вытрымаўшы падобнага роду разбораў, прыйдуць больш раўнадушныя і цынічныя. Дык што ж вы хочаце ад міліцыі, панове і таварышы?

Але зноў пішуцца скаргі, зноў займаюцца чэргі на прыёмы і людзі патанаюць у суседскай варожасці. Толькі наўрад ці памогуць міліцыя, улады, прыезджыя чыноўнікі змяніць уласную ўнутраную сутнасць. Мне раптам стала вельмі шкада гэтых жанчын. На што яны трацяць жыццё? А можа, у жыцці ім не хапае чуласці, спагады, добрага суразмоўцы. За час прыёму яны паспелі расказаць, чаго не любяць глядзець па тэлебачанні, якія лекі прымаюць, у якіх лякарнях назіраюцца. Адна нават папярэдзіла мужчынскую частку прысутных, што цяперашнія дзеўкі даволі часта робяць аналізы ДНК, таму варта быць асцярожнымі. І праўда, варта быць асцярожнымі, а яшчэ спагадлівымі і чулымі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.