Шмат чытала аб тым, як гаварыць з дзецьмі пра каханне. З мноства атрыманай інфармацыі запомніла галоўнае — не абясцэньваць дзіцячыя пачуцці. І я была ў гэтым сэнсе зусім спакойная, і адчувала, што спраўлюся, калі надыдзе момант. І нават больш скажу, чакала гэтага з нецярпеннем, прадчуваючы размовы шэптам на кухні. Але ўсё выйшла зусім не так.
— Мам, а калі ты закахалася ў тату, табе не было сорамна? — пацікавіўся аднойчы за вячэрай дзевяцігадовы Міша.
Ну вось як тут не засмяяцца? Вядома ж, мы з мужам засмяяліся. Але своечасова апомніліся. І наша гутарка звялася да таго, што ў каханні няма нічога ганебнага. Мішка нас слухаў напружана, а потым раптам спытаў:
— Дык вы лічыце, што я павінен прызнацца Дзіяне, што кахаю? Баюся, мяне абзываць будуць...
Вось тут я і ўспомніла, як сама баялася, што ў класе даведаюцца аб маім пачуцці да хлопчыка, які сядзеў побач. І мне захацелася абараніць майго Мішку.
— А ты ёй падабаешся? — асцярожна спытала я.
— Так. Мне дзяўчынкі па сакрэце расказалі...
— Чаму дзяўчынкі? Хіба гэта справядліва — яны расказваюць чужыя сакрэты, а потым ты чуеш здзекі і падколы ад усяго класа! — раптам з запалам умяшалася ў размову трынаццацігадовая дачка Аляксандра. — Вось ты даўно закаханы?
— З другога класа, — разгублена адказаў Міша.
— А чаму да гэтага часу не прызнаўся? Будзь мужчынам — прызнайся! Не адной жа мне ад кахання пакутаваць... Закахаўся — скажы праўду, тады дзяўчынцы прыемна будзе. Ты ж хочаш, каб Дзіяне прыемна было?
Міша з неахвотай пагадзіўся. Мы з мужам уважліва паглядзелі на пачырванелую дачку, і яна, злавіўшы наш погляд, раптам устала з-за стала і пайшла ў свой пакой.
— Я так разумею, лепш прызнацца, — падвёў вынікі Міша.
— Ну, можа, ты знакі ўвагі якія-небудзь праяві. Цукеркай, напрыклад, пачастуй. А прызнавацца — ну, не ведаю... У любым выпадку, слухай сваё сэрца, — параіў муж.
Мяне ж ашаламіла адкрыццё, што дачка таксама закаханая, яна перажывае, а я нават пра гэта не здагадваюся! Карацей, першыя «дарослыя» пачуцці маіх дзяцей прагналі спакой з нашага дому. На наступны дзень на перапынку сын крыкнуў на ўвесь клас, што кахае Дзіяну. Хлопцы пачалі смяяцца. Мішка даў задні ход — маўляў, пажартаваў, але было позна. Ён пачаў валтузіцца з крыўдзіцелямі амаль кожны дзень, а з Дзіянай увогуле перастаў кантактаваць... Дачка ж расказала, што сапраўды закаханая, але ніяк не можа зразумець, ці ўзаемна. Адзін дзень той хлопчык з ёй сябруе, другі — злуецца і крыўдзіць. А яна нават паставіць на месца яго не можа, толькі перажывае і плача. І я разрывалася паміж дзецьмі...
Усё змянілася праз некалькі месяцаў. Дачка супакоілася, яе пачуцці згаслі, і яна змагла даць адпор свайму крыўдзіцелю. А аднойчы я заўважыла праз акно, як Мішка ідзе побач з Дзіянай і нясе яе заплечнік. Я назірала за тым, як сын знікаў у пад'ездзе суседняга дома і праз пяць хвілін выбягаў адтуль шчаслівы. Радавалася і непакоілася адначасова, бо Міша нічога мне пра гэта не казаў. Пакуль аднойчы не прыбег пасля такой прагулкі ўсхваляваны і бледны. Дыхаў ён цяжка, не разуваючыся пайшоў на кухню, сеў на крэсла і паклаў на стол... шакаладку.
— Мама, я так напалохаўся, табе не перадаць... За мной гнаўся тата Дзіяны! І дагнаў! Вось... Даў шакаладку, падзякаваў, што нашу яе заплечнік...
— А чаму ты ўцякаў ад яго?
— Думаў, сварыцца будзе. Памятаеш, як тата сказаў, што адкруціў бы галаву таму хлопцу, які нашу Сашу крыўдзіў...
— Ну дык той хлопчык дрэнна сябе паводзіў, а ты заплечнік носіш.
— Мам, ты бяры шакаладку, кавы пап'еш — я нешта не магу яе есці.
Мішка пайшоў у калідор здымаць абутак. Я глядзела на шакалад і нічога не разумела. І раптам... гарачыя моцныя абдымкі сына і нейкая незвычайная радасць, якая перадалася ад яго мне... Ён гаварыў, гаварыў, гаварыў, і нават не заўважыў, як з'еў амаль усю шакаладку... А вы кажаце, што каханне ў такім узросце — рэч несур'ёзная...
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.