Вы тут

Дайджэст «дзіцячых» навін


Краіна «Восень»

Дзеці з райцэнтра Карэлічы правялі ў гэтым незвычайным мястэчку ўсе канікулы. У праекце «Рыжая восень», які зладзілі ў аздараўленчым лагеры «Малышок», паўдзельнічалі вучні карэліцкай школы № 1.

За тыдзень былі тут і Дні казачных пераўтварэнняў, калі дзятва з супрацоўнікамі Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі разважала, як змяняецца прырода. І Дзень асенняга настрою, прысвечаны сяброўству, адзінству і згуртаванасці. І Дні ўраджаю, грыбоў і птушак, што для малых сталі сапраўднай скарбонкай ведаў, конкурсаў ды спаборніцтваў.

Дадайце сюды паходы ў кіно, гульні, танцы, спевы і казкі на новы лад... А яшчэ экскурсію на льнозавод, дзе малым не толькі паказалі сапраўдную вытворчасць, а і зладзілі майстар-клас па вырабе лялек-абярэгаў з ільну.


«Антырэклама» стала найлепшай

Пад такой назвай выступала каманда пераможцаў раённага этапу абласнога фестывалю КВЗ сярод школьных камандаў, што на днях прайшоў у Астраўцы.

Акрамя каманды «Антырэклама» з гімназіі № 1, за званне найлепшых прыкалістаў змагаліся «4 рэгіён» сярэдняй школы № 1 і «Міні Лэдзі» Варнянскага НПК (гэта каманда была цалкам дзявочая). Сярэдняя школа № 3, дзе прайшоў фестываль, пачула і пабачыла нямала жартаў. Тут была і мініяцюра пра важнасць флікера і небяспеку трапіць да астравецкіх міліцыянераў. І замалёўка пра бацьку, які правяраў уласны дзённік. І сцэна, у якой вучылішча ператварылася ў школу чараўнікоў Хогвартс...

Арганізатары мерапрыемства нагадалі, што ў Клубе вясёлых і знаходлівых гуляюць не дзеля перамогі, а дзеля ўласнага задавальнення.


Вучымся дабрыні

Паўдзельнічаць у міні-казках, каб зразумець, што такое дабрыня, запрасілі на днях дзетак з педагагічнага комплексу яслі-сад — сярэдняя школа аграгарадка Баруны, што на Ашмяншчыне. У сельскім клубе для малых арганізавалі музычна-забаўляльны калейдаскоп «Добрым быць зусім-зусім не проста!»

Малыя абаранялі мышаня ад яго бабулі, якая злавалася на ўнука за разбіты кубак і ганялася за ім з венікам. І вучні, і дзетсадаўцы дружна стаялі «сценкай» і тлумачылі, што мышаня зрабіла гэта ненаўмысна, — і пераканалі бабулю! На радасцях яна прапанавала ўсім разам згуляць у «Хусцінкі» і «Кошкі-мышкі». Дзеці дапамаглі і тыграняці, якое трапіла ў пастку, за што ўдзячны «паласацік» разам з пеўнікам таксама запрасілі малых пагуляць.

А вось вызначыць словамі, што такое дабрыня, аказалася не так проста. Агульнымі намаганнямі дзятва высветліла, што гэта жаданне рабіць іншым прыемна, прыносіць ім радасць, быць цярпімымі і спагадлівымі, спачуваць людзям. Перадаючы адзін аднаму цацачнае мяккае сэрцайка, дзеткі казалі і добрыя словы.

І справіліся з гэтай задачай, сэрцайка не паранілася і не разбілася, аднак усе зразумелі, што добрым быць зусім-зусім не проста, але ж дабрыні можна і трэба вучыцца, каб свет стаў лепшы.

Падрыхтавала Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».