14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Міншчына прэзентавала свой патэнцыял у Кітаі


Мінская вобласць шырока прадставіла свой гандлёва-прамысловы, інвестыцыйны і турыстычны патэнцыял на Другой Кітайскай міжнароднай выстаўцы імпартных тавараў і паслуг у Шанхаі, паведамілі ў прэс-службе Мінаблвыканкама.


Выстаўка будзе доўжыцца да 20 лістапада. Нацыянальная экспазіцыя Беларусі — адна з буйнейшых на форуме. На плошчы каля 790 квадратных метраў размясціліся сто айчынных прадпрыемстваў і арганізацый. Асобная зона прызначана для прэзентацый і дзелавых мерапрыемстваў. Свае магчымасці ў супрацоўніцтве з Кітаем прадстаўляе шэраг буйных кампаній Міншчыны, сярод якіх Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Агракамбінат «Дзяржынскі», «Слуцкі сыраробны камбінат», «Здравушка-мілк» і іншыя.

— Галоўнае для нас у супрацоўніцтве з Кітаем — трывала замацавацца на гэтым рынку. Сёння ў КНР акрэдытаваны ўсе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы Міншчыны. І гэта ўжо значны крок у развіцці нашых партнёрскіх стасункаў. Паміж двума рэгіёнамі — Мінскай вобласцю і горадам-пабрацімам Чунцынам — курсіруюць кантэйнерныя цягнікі, якія дастаўляюць на кітайскі рынак прадукты харчавання. Значна павялічыўся абарот тавараў і паслуг. Нядрэнныя паказчыкі і па экспарце сельгаспрадукцыі, — канстатаваў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар, які ўзначальвае дэлегацыю цэнтральнага рэгіёна.

Першыя дні работы выстаўкі для сталічнай вобласці аказаліся прадуктыўнымі. У прыватнасці, рэзідэнтамі Кітайска-беларускага парка сталі дзве новыя кампаніі. Адна з іх — НТ ТАА «Спадарожнікавая сувязь Еўразіі» (КНР), якая створыць у парку навукова-даследчы цэнтр для распрацоўкі спадарожнікавых сістэм камунікацыі і кантролю. Другая — ТАА «ФЛЕКС-Н-РОЛЛ ПРО» (Беларусь, ЗША) — выходзіць з праектам у галіне прамысловай паліграфіі. Індустрыяльным паркам падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве з Інчуаньскай тэхніка-эканамічнай зонай (КНР). Вяліся таксама перагаворы наконт паставак ялавічыны прадпрыемствамі Мінскай вобласці ў Кітайскую Народную Рэспубліку.

Акрамя таго, Мінская вобласць падпісала дарожную карту супрацоўніцтва з правінцыяй Гуандун Кітайскай Народнай Рэспублікі на 2020—2021 гады. Подпісы пад дакументам паставілі першы намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Макар і віцэ-губернатар правінцыі Гуандун Чэнь Лянсан.

Ігар Макар адзначыў, што галоўная мэта супрацоўніцтва — прамая кааперацыя. Прадпрыемствы Мінскай вобласці ўжо наладзілі кантакты з кітайскімі партнёрамі. За студзень — жнівень 2019 года ў Кітай адгружана мяса-малочнай прадукцыі на суму 17,5 мільёна долараў ЗША. Усе малакаперапрацоўчыя заводы маюць дазвол на пастаўку прадукцыі ў КНР, а таварыства з абмежаванай адказнасцю «Велес-Міт» — сертыфікат на экспарт ялавічыны. Адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Агракамбінат «Дзяржынскі» і «Смалявічы Бройлер» акрэдытаваны на пастаўку ў Кітай мяса птушкі.

Плённымі сталі і сустрэчы ў Гуандунскім саюзе па супрацоўніцтве з краінамі СНД і Дэпартаменце камерцыі Гуандуна, дзе прадстаўнікі Міншчыны расказалі пра эканамічныя магчымасці цэнтральнага рэгіёна.

— Знешнегандлёвы абарот Мінскай вобласці з Кітаем за студзень — жнівень 2019 года склаў больш за адзін мільярд долараў ЗША, у тым ліку экспарт — 335 мільёнаў долараў ЗША. Гэта ў два разы больш у параўнанні з адпаведным леташнім перыядам. Мы зацікаўлены развіваць супрацоўніцтва ў частцы інвеставання ў сельскагаспадарчую галіну Мінскай вобласці, — адзначыла старшыня камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Таццяна Бранцэвіч.

Абмеркаваны таксама пытанні пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў Кітай і стварэння сумеснага малакаперапрацоўчага прадпрыемства. Падчас наведвання карпарацыі Grееnlаnd Grоuр ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» заключыла дагавор пастаўкі прадукцыі на два мільёны долараў ЗША. Яшчэ адзін дакумент падпісаны з кампаніяй Shаnhаі Рujіа Fооd Tесhnоlоgу Со.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота chinadaily.com.cn

Загаловак у газеце: Супрацоўніцтва без межаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас». 

Грамадства

Шлях да храма

Шлях да храма

Кастрычнік абвешчаны месяцам рэлігійнага турызму. 

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

Зоя Мельнікава: Настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца

«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца.