Сітуацыя на рынку працы ў краіне стабільная, а колькасць занятых у эканоміцы застаецца практычна нязменнай. У агульнарэспубліканскім банку вакансій даступна звыш 80 тысяч прапаноў, большасць з якіх рабочыя спецыяльнасці. Пра гэтыя і іншыя акалічнасці пошуку работы расказалі спецыялісты.
Навучанне пад заказ і самастойны пошук
За 2019-ы ў службу занятасці звярнулася больш за 140 тысяч чалавек, з якіх больш чым сотні тысяч аказана садзейнічанне па працаўладкаванні. Сёлета ў краіне адзначаецца ажыўленне з боку прапаноў рабочай сілы, а таксама расце колькасць вакансій і попыт на рабочую сілу, паведаміла Алёна ДАКУКІНА, намеснік начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі:
— Важны аспект у рабоце службы занятасці — найхутчэйшае вяртанне беспрацоўнага на рынак працы. Каб чалавек, які страціў работу, хутчэй яе знайшоў. Грамадзяне таксама актыўна шукаюць работу самастойна, часцей за ўсё праз інтэрнэт. Расце колькасць зваротаў і да агульнарэспубліканскага банка вакансій, які за дзевяць месяцаў наведалі больш за 12 мільёнаў разоў. Сёлета тэмп росту колькасці занятых склаў 99,8 %, і гэты ўзровень стабільны цягам усяго названага перыяду.
У апошнія гады служба занятасці перагледзела падыходы да маніторынгу рынку працы. Новым крокам стала вызначэнне пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй у сферы працаўладкавання — дэпрэсіўных раёнаў. Сёлета гэта 53 тэрыторыі, большасць з якіх (па 15) знаходзіцца ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Пры гэтым амаль 80 % тэрыторый з пераліку цягам года палепшылі сітуацыю.
У краіне праводзіцца работа па развіцці і падтрымцы высокай матывацыі грамадзян да актыўнага пошуку работы, адзначыла Алёна Дакукіна:
— Улічваюцца індывідуальныя асаблівасці, тэрытарыяльны разрэз, аналізуецца інфармацыя, хто патрэбны. Асноўны акцэнт робіцца на патрэбах наймальніка. Арыентуюцца не проста на навучанне беспрацоўных, а на навучанне пад заказ (такіх больш за 60 % ад усіх, хто перавучваецца), што гарантуе стапрацэнтнае працаўладкаванне. Сёлета больш за 4000 беспрацоўных накіравана на навучанне. Гэта каля 5 % ад усіх, хто мае патрэбу ў рабоце. Хацелася б большай актыўнасці з боку саміх беспрацоўных, бо наймальнік патрабуе нашмат большага ўзроўню кваліфікацыі людзей, чым той, якім яны валодаюць цяпер.
Беспрацоўныя могуць прайсці навучанне больш чым па 100 прафесіях. Каля дзесяці з іх інтэграваныя: калі адначасова людзі атрымліваюць дзве і больш спецыяльнасці, у асноўным па рабочых прафесіях — напрыклад, тынкоўшчык-маляр ці абліцоўшчык-плітачнік. Тыя, хто не працаўладкаваўся пасля першага навучання, маюць права зноў звярнуцца ў службу занятасці, і больш за 90 % з іх ужо знаходзіць работу.
20 тысяч вакансій для сталіцы
У Мінску пастаянна расце попыт на рабочую сілу. Сёлета штомесяц прапаноўваецца каля 20 тысяч вакансій. Сярод запатрабаваных — машыністы электрацягнікоў, прадаўцы, кантралёры, касіры, повары, кандытары і іншыя. 77 % тых, хто працуе ў сталіцы, занятыя ў эканоміцы, і іх доля павялічваецца.
Служба занятасці пастаянна праводзіць мерапрыемствы, скіраваныя на садзейнічанне занятасці грамадзян. Міні-кірмашы вакансій (штотыднёва), два разы на год агульнагарадскія кірмашы, дні прадпрыемстваў, выязныя кірмашы на саміх прадпрыемствах.
— Важна расказаць чалавеку пра рабочае месца і прафесію, якая заяўляецца наймальнікам. Рэалізуюцца і новыя формы, напрыклад электронныя кірмашы вакансій, у якіх паўдзельнічала ўжо больш за 50 наймальнікаў. І за гэтай формай работы будучыня, — лічыць Таццяна КУДЗЕВІЧ, намеснік старшыні камітэта — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. — Мы праводзім таксама адрасныя мерапрыемствы для мэтавых груп: людзей, якія маюць абмежаванні па стане здароўя; грамадзян, якія выйшлі з месцаў зняволення або лячэбна-працоўных прафілакторыяў. У межах гэтых сустрэч мы праводзім кансультацыі і арыентуем людзей на працаўладкаванне.
Многія беспрацоўныя досыць прадпрымальныя, і ім прапануюць рэалізаваць сябе ў самазанятасці. Больш за 90 чалавек арганізавалі такім чынам уласную справу. Сфарміраваны банк часовых, сезонных работ, якія таксама прапануюць людзям. Больш чым тысяча чалавек паўдзельнічала ў аплатных грамадскіх работах. І гэта магчымасць атрымаць прыбытак, пакуль не знойдзецца пастаянная работа. Усе паслугі, якія прапануюцца грамадзянам сацслужбай, бясплатныя, запэўніла Таццяна Кудзевіч:
— Грамадзянам, якія маюць абмежаванні па стане здароўя і працоўныя рэкамендацыі (інваліды ІІ, ІІІ групы), а такіх больш за 8000, мы накіроўваем запрашэнні ў нашу службу. Згодна з праграмай працоўнай адаптацыі мы стымулюем наймальнікаў, і да іх прыходзяць гэтыя грамадзяне, якія цягам года адаптуюцца. Яны атрымліваюць магчымасць набыць працоўныя навыкі на рабочым месцы. Гэта важна, бо чалавек адаптуецца і прыходзіць на пастаянную работу ўжо падрыхтаваным.
Перасяленне і субсідыі на сваю справу
Сітуацыя на рынку працы Мінскай вобласці таксама характарызуецца павелічэннем колькасці рабочых месцаў. Узровень беспрацоўя тут 0,2 %, што менш, чым у іншых рэгіёнах.
— У вобласці працуе 686 тысяч чалавек. Гэта амаль стапрацэнтны ўзровень занятасці, — адзначыла Наталля ІГНАТОВІЧ, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама. — Актыўна шукаюць работу ў малым бізнесе і самазанятасці. На развіццё ўласнай справы ў вобласці сёлета атрымалі субсідыі (11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў горадзе, 13 — на сяле) 219 чалавек. Індывідуальныя прадпрымальнікі рэгіструюцца ў сферах паслуг, напрыклад у галінах цырульніцтва, бытавога абслугоўвання, вытворчасці, паслуг СТА.
Не кожны чалавек можа знайсці работу па месцы жыхарства, таму службы занятасці прапануюць грамадзянам такі варыянт, як перасяленне. Сацслужба пры гэтым супрацоўнічае з наймальнікам з іншага раёна, складае трохбаковы дагавор, і чалавек з сям'ёй пераязджае ў іншы рэгіён, дзе яму даюцца работа і жыллё. Сёлета такім чынам пераехалі ўжо 35 сем'яў.
Актыўна ў вобласці працуюць з людзьмі, якія не могуць працаўладкавацца на агульных падставах: інвалідамі, асобамі, якія вярнуліся з турмаў; матулямі, што выйшлі з дэкрэту.
— У межах адаптацыі інвалідаў ІІ, ІІІ групы наймальнікам кампенсуюць частку заработнай платы такіх работнікаў. Гэта адзін з матывуючых фактараў для работадаўца, і многія ў гэтым зацікаўлены, — дадала Наталля Ігнатовіч. — Яшчэ адзін кірунак працаўладкавання — стварэнне новых рабочых месцаў, як правіла, высокатэхналагічных. Запланавана стварыць сем тысяч такіх месцаў. Сярод наймальнікаў па вобласці гэта Geely ў Барысаўскім раёне, 57 месцаў створана кампаніяй «Юніміт» у Смалявіцкім раёне, 31 — кампаніяй «Інтэртрансаўта» ў Дзяржынскім.
Патрэба ў кадрах у Мінскай вобласці сёлета звыш 18 тысяч вакансій, летась іх было 14 тысяч. На аднаго беспрацоўнага ўмоўна прыпадае па 12 прапаноў работы. Запатрабаваны жывёлаводы, заатэхнікі, ветэрынары, урачы, медсёстры.
Ірына СІДАРОК
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.