Вы тут

У Мінскай гарадской ратушы ўсе восем кандыдатаў агучылі свае праграмы


У Мінскай гарадской ратушы адбылося пасяджэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублікі. Перад галасаваннем усе восем кандыдатаў агучылі свае праграмы.


Савет Рэспублікі, як вядома, з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, а яго асноўная функцыя — заканатворчасць. Наяўнасць у новым складзе верхняй палаты кваліфікаваных юрыстаў са шматгадовым і багатым досведам работы ў розных галінах права — залог поспеху яго дзейнасці. Таму паўторнае выбранне старшыні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктара Чайчыца ўяўляецца лагічным. Ён, дарэчы, у папярэднім скліканні Савета Рэспублікі працаваў намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Цяпер мае намер удзяліць максімальную ўвагу паляпшэнню якасці законаў. Акрамя гэтага, Віктар Чайчыц мяркуе актыўна ўзаемадзейнічаць з дэпутатамі Саветаў усіх узроўняў і органамі мясцовага самакіравання, на якіх, па яго словах, ляжыць асноўная нагрузка па рабоце з насельніцтвам. Таму ён лічыць важнай задачай новых членаў верхняй палаты актыўна аказваць усялякую дапамогу і падтрымку, а не кантраляваць яе работу як вышэйшая інстанцыя. Віктар Чайчыц абяцаў асаблівую ўвагу ўдзяліць прававому выхаванню і прававой асвеце нашых грамадзян.

Яшчэ адзін кваліфікаваны юрыст — Сяргей Сівец, намеснік дырэктара — кіраўнік Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі. На яго погляд, на фоне новых выклікаў і праблем неабходна ўдасканальваць прававую сістэму, адэкватна і аператыўна рэагаваць на іх, у прыватнасці паляпшаць інвестыцыйны клімат у краіне.

Таццяна Рунец, начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў па Мінску, лічыць неабходным і надалей удасканальваць сістэму кіравання дзяржаўным фінансаваннем, а таксама інвестыцыйную палітыку. У сваёй праграме яна таксама адзначыла, што членам Савета Рэспублікі неабходна вывучаць грамадскую думку, а для гэтага рэгулярна сустракацца з працоўнымі калектывамі.

Алег Румо — персона медыйная. Многія яго ў Беларусі ведаюць, як той казаў, у твар. Ён дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, карыстаецца павышанай увагай содкаў масавай інфармацыі. І Алегу Румо ёсць што расказаць аб дасягненнях сваіх калег. А цяпер у час пасяджэння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў н канстатаваў, што транспланталогія стала сапраўды візітнай карткай, брэндам беларускай медыцыны. Алег Румо падзяліўся планамі на бліжэйшую перспектыву работы ў Савеце Рэспублікі, у прыватнасці паабяцаў усяляк садзейнічаць на заканадаўчым узроўні вырашэнню праблемы адтоку медыкаў за мяжу.

Яшчэ адзін славуты хірург будзе прадстаўляць сталіцу ў Савеце Рэспублікі. Гэта Канстанцін Драздоўскі, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі. Яго паплечнікі кажуць, што ён — адзін са стваральнікаў беларускай дзіцячай кардыяхірургіі — выконвае аперацыі па карэкцыі найбольш складаных прыроджаных парокаў сэрца пераважна ў нованароджаных і дзяцей малодшага ўзросту. На яго погляд, медыцына мае патрэбу ў пастаянным удасканаленні. Канстанцін Драздоўскі назваў галоўныя шляхі гэтай работы: дэмаграфічная бяспека, кадравая палітыка ў дачыненні да кваліфікаваных спецыялістаў, аднаўленне даверу да сістэмы аховы здароўя, павышэнне яе іміджу за мяжой.

Ёсць усе надзеі спадзявацца на тое, што і прадстаўнікі акадэмічнай навукі краіны, рупліўцы вышэйшай і сярэдняй адукацыі зробяць істотны ўнёсак у дзейнасць верхняй палаты новага склікання. Гэта Андрэй Іванец, галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта і Андрэй Русаковіч, загадчык кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносін БДУ. Гэта і Марына Ільіна, дырэктар гімназіі № 10.

Старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак павіншаваў абраннікаў з новым статусам і выказаў упэўненасць у тым, што яны як вопытныя спецыялісты ў сваіх сферах будуць разам вырашаць складаныя задачы на сур'ёзным заканатворчым узроўні.

Леанід Тугарын

Загаловак у газеце: Акцэнт на ўзаемадзеянні з мясцовай уладай

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.