Вы тут

У беларускай інтэрнэт-прасторы з'явіўся сайт аdukаvаnkа.bу


«Адукаванка» — некамерцыйная грамадзянская ініцыятыва. Яе асноўная мэта — стварыць пляцоўку, дзе будуць сыходзіцца праблемы адукацыі, іх рашэнні і людзі, якія гатовы над імі працаваць. Кожны можа далучыцца і абмеркаваць тое, што баліць.


Фота Ганны Занкавіч.

«Нават калі ў аднаго чалавека ёсць праблема, якая звязана з сістэмай адукацыі, значыць, праблема ёсць. У прасторы «Адукаванкі» мы не падзяляем праблемы на вялікія і маленькія, на значныя і нязначныя. Калі хоць бы аднаму чалавеку нешта здаецца праблемай, гэта ўжо падстава для абмеркавання і пошуку рашэнняў, — падкрэсліваюць стваральнікі сайта. — Няма нейкай «больш значнай» за іншыя мэтавай групы. То-бок настаўнікі, бацькі, вучні, прадстаўнікі органаў кіравання, прадстаўнікі грамадства і іншыя маюць права на тое, каб іх пачулі. Усе маюць права на роўны дыялог. Мы публікуем праблемы і рашэнні, нават калі яны канфліктуюць паміж сабой, бо гэта спосаб адшукаць патэнцыйныя канфліктныя пункты і ўвогуле знайсці рашэнне. Атмасфера павагі і даверу — гэта першае, што трэба стварыць для прадуктыўнага абмеркавання».

«Мы часта гаворым пра тое, што нам не падабаецца, якія памылкі робяцца «наверсе». А ці ёсць у нас пазіцыя, як павінна быць? Такая, якую хочацца абмяркоўваць, пра якую і паспрачацца цікава? Мы паміж сабой амаль ніколі і не гаварылі, а якая ў нас павінна быць парадыгма? Кожны з нас часцей за ўсё «супраць» нечага, а не «за» штосьці, — разважае кандыдат педагагічных навук, адна са стваральніц сайта Кацярына КУКСО.  — Напрыклад, хацелі ацэньваць школы па выніках ЦТ — выйшла дрэнна, але альтэрнатыву не прыдумалі. Давайце пазбаўляцца ад ілюзій наконт таго, што ў нас усе школы аднолькавыя і што іх можна ацаніць адным інструментам. Не трэба вымяраць адной лінейкай усе навучальныя ўстановы ў краіне... У Беларусі амаль не праводзілася даследаванняў, якія датычыліся б эканомікі адукацыі, выяўлялі праблемы ў навучанні, кіраванні, рабоце настаўнікаў...»

«Шмат гаворыцца, што нешта трэба змяніць, каб пажаданае ў адукацыі стала рэальнасцю. Але гаварыць, не змяняючы і не спрабуючы, проста. Давайце прааналізуем, на чым грунтуецца працэс узаемадзеяння «настаўнік — вучань — школа», — прапануе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія НЕКРАШ. — Калі разглядаць гэта як адрэзак, то незразумела, што павінна стаяць наперадзе, а калі аналізаваць у форме трыкутніка, то зноў жа ўзнікае пытанне: што павінна стаць вяршыняй? А што б вы ўзнялі вышэй? Для мяне гэта, бясспрэчна, вучань.

Фота Ганны Занкавіч.

Прааналізаваўшы план сваёй школьнай выхаваўчай і прадметнай работы, я высветліла, што мы працуем на... алімпіяды і навукова-практычныя канферэнцыі. У нас ёсць найлепшы вучань, найлепшы клас, найлепшы кабінет, настаўнік года... Складваецца такое ўражанне, што ўсё пабудавана на спаборніцтве: вучня з вучнем, настаўніка з настаўнікам, школы са школай, раёна з раёнам... Ну паспаборнічалі, ну перамаглі. І што засталося пасля гэтага марафона? Задавальненне? Хіба толькі ад таго, што гонка скончылася. У гэта паверу. Магчыма, яшчэ матэрыяльнае стымуляванне ў выглядзе прэміі... Але якія эмацыянальныя і псіхалагічныя выдаткі мы маем у выніку гэтага спаборніцтва? Колькі недапрацаваных урокаў засталося ў таго настаўніка, які ўзяў удзел хоць бы ў раённым этапе конкурсу «Настаўнік года»? Альбо колькі недавучаных тэм па іншых прадметах застаецца ў вучня-алімпіядніка...» Атрымліваецца, што вяршыня трыкутніка паварочваецца ў бок школы, бо гэтая перамога працуе на статус школы, павышае яе месца ў гарадскім ці раённым рэйтынгу. Але адукацыя — гэта не спорт!»

У сайта аdukаvаnkа.bу ёсць раздзелы «Праблемы», «Рашэнні», «Праекты» і «Меркаванні». Кожны можа даслаць сваю праблему ці прапанаваць рашэнне. Таксама можна апублікаваць свой ці параіць іншы аналітычны артыкул пра адукацыю, каб ідэі і разуменне сітуацыі былі больш грунтоўныя. Замест пустых размоў прапануецца стварыць канкрэтныя апісанні таго, што бачыцца праблемамі для беларускай адукацыі на думку розных бакоў (настаўнікаў, вучняў, бацькоў, грамадства, органаў кіравання і г. д.), а таксама стварыць банк патэнцыйных рашэнняў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Усе ведаюць, як «нельга». А як трэба?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.