Вы тут

Лукашэнка: Нельга вырашаць праблему адных прадпрыемстваў за кошт іншых


Пра гэта казаў Прэзідэнт Беларусі на нарадзе па пытаннях эфектыўнасці дражджавой галіны.


Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем адзначыў, што пытанне не было вырашана на ўзроўні ўрада і цяпер выносіцца на ўзровень Прэзідэнта.

«Дарэчы, на тэму дражджавой галіны, яе развіцця, важнасці для краіны мы ўжо размову вялі. Гэта прыкладна паўтара гады таму, — нагадаў ён ва ўступным слове. — За гэты час нарасціў вытворчыя магутнасці новы завод у Слуцку. У яго будаўніцтва было ўкладзена каля 37 мільёнаў еўра, у тым ліку 10 мільёнаў еўра інвеставалі з Германіі. Таксама працуюць дражджавы камбінат у Мінску і яго філіял у Ашмянах. Гэта значыць, у краіне — два буйныя заводы па вытворчасці дражджэй».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, па яго інфармацыі, патрэба ўнутранага рынку рэспублікі ў прэсаваных дражджах поўнасцю забяспечана за кошт айчыннай вытворчасці. Беларуская дражджавая прадукцыя таксама пастаўляецца на экспарт, у тым ліку ў краіны Еўрасаюза.

«Але ў гэтай сферы ёсць і рэзервы росту, пры гэтым дзіўна, што яны не задзейнічаныя, — дадаў Прэзідэнт. — Акрамя традыцыйнага хлебапячэння дрожджы могуць скарыстоўвацца i ў медыцыне, і, што вельмі важна для нас, у жывёлагадоўлі. Хацелася б сёння абмеркаваць пытанні эфектыўнасці дражджавой галіны і напрамкі яе далейшага развіцця».

Аляксандр Лукашэнка наступным чынам пракаментаваў нагоду, якая паслужыла для правядзення нарады. «Асноўнай нагодай, чаму я пагадзіўся на правядзенне гэтай нарады, паслужыла тое, што нямецкія інвестары (чытай беларускія, напэўна, там немцамі і не пахне, але не важна, бо грошы інвеставаныя нямецкія — 10 мільёнаў еўра) быццам бы патрабуюць, каб мы закрылі ўсе нашыя вытворчасці дражджавой галіны і пакінулі адно прадпрыемства для работы на беларускім рынку. Прыкладна такое патрабаванне. І быццам бы такое патрабаванне заснаванае на тым, што мы абяцалі гэта зрабіць да таго, як быў пабудаваны новы Слуцкі дражджавы завод», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што і члены урада, і прэм’ер-міінстр упэўнівалі яго, што такое абяцанне інвестарам было дадзенае. «Вось мы гэта абяцалі, і калі мы гэта не зробім, то „заўтра пачнецца вайна з Германіяй, якая можа перарасці ў трэцюю сусветную“, — саркастычна перадаў довады суразмоўцаў Аляксандр Лукашэнка. — Пасля аналізу ў Адміністрацыі Прэзідэнта дагавору — там такога абяцання не было. І быць не магло. А калі б было, гэта дурата поўная з боку нашых чыноўнікаў: мы тут у Беларусі ўсё закрыем — вы прыходзьце будуйце свае заводы або камбінаты. Ці можа такое быць? Не».

Тым не менш, лідар краіны заклікаў разабрацца ў сітуацыі. «Калі мы нешта абяцалі, асабліва замежным інвестарам, гэта свята павінна выконвацца. Калі не, то ў сітуацыі, якая склалася, давайце знойдзем нармальны выхад са становішча. Бо гэта нашы два прадпрыемствы. Не важна, што туды інвеставалі немцы, беларусы, рускія або ўкраінцы. Не важна — гэта ўжо наша прадпрыемства, і мы павінны клапаціцца пра функцыянаванне гэтых прадпрыемстваў. Але не аднаго за кошт іншага».

Галоўнае — гэта людзі, якія працуюць і ў Слуцку, і ў Мінску, і ў Ашмянах, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Дворнік даклаў Прэзідэнту, што на беларуска-нямецкім прадпрыемстве па вытворчасці дражджэй у Слуцку працуе 79 чалавек, сярэдні заробак — 1429 рублёў. На мінскай вытворчасці дражджавога камбінату працуе 150 чалавек, сярэдні заробак якіх — 849 рублёў, у Ашмянах — 64 чалавекі с заробкамі ў 582 рублі. Сумарныя вытворчыя магутнасці ў краіне складаюць 35 тысяч тон дражджэй у год, у тым ліку у Слуцку — 20 тысяч тон з магчымасцю павелічэння да 70 тысяч тон дражджэй у год.

Нагадаем, у лютым мінулага года Прэзідэнт наведаў Слуцкі дражджавы завод (Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Інтэрферм»), які быў уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені 2017-га пры непасрэдным удзеле немецкіх інвестараў. Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці дражджэй і прадукцыяй, якая выпускалася, пагутарыў з дырэктарам нямецкай кампаніі, якая інвеставала сродкі ў будаўніцтва завода. Кіраўнік дзяржавы даручыў на працягу 2018 года зняць усе пытанні па поўнай загрузцы прадпрыемства. Пры гэтым ён падкрэсліў, што штучна ствараць умовы для паспяховай работы завода дзяржава не будзе, бо ў краіне ёсць іншыя падобныя вытворчасці, якім таксама неабходна рэалізоўваць сваю прадукцыю.

У канцы года на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў Прэзідэнт паставіў канкрэтныя пытанні па рабоце Слуцкага дражджавога завода: «З аднаго боку, вы вынеслі праект выключна тэхнічнага рашэння аб павелічэнні статутнага фонду. А з іншага — пасля вывучэння дакументаў у мяне ўзнікла пытанне: ці не спроба гэта пазбегнуць вырашэння праблемы? У прадпрыемства рэнтабельнасць продажу мінус 112 %! Як з такімі паказчыкамі можна ўвогуле працаваць?»

СТАА «Інтэрферм» — сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства, долі ў статутным фондзе якога размеркаваліся наступным чынам: 74,99 працэнту належыць «Інтэрферм ГмбХ», 25,01 працэнта — ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат». Запланаваная магутнасць прадпрыемства на першым этапе — 20 тысяч тон дражджэй у год, на другім — 40 тысяч тон, у наступным — 70 тысяч тон.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА


У тэму

Пасля нарады аб яе выніках расказаў старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Анатоль Сівак. Яму і кіраўніку Гродзенскай вобласці Уладзіміру Краўцову на аснове прапанаваных падыходаў прыйдзецца вырашаць лёс прадпрыемстваў.

Магутнасці заводаў, па словах Сівака, значна павялічыліся і нават ідзе барацьба за ўнутраны рынак. Былі планы ў гэтай барацьбе выкарыстоўваць у тым ліку і адміністрацыйны рэсурс.

«Узнікла пытанне: што далей рабіць з ААТ „Дражджавы камбінат“? У гэтай сітуацыі Прэзідэнт прыняў рашэнне, што прадпрыемства павінна функцыянаваць. Функцыянаваць у той частцы, што ў аснове павінна ляжаць эканоміка, канкурэнцыя. Перавага існуючых прадпрыемстваў у тым, што абсталяванне замартызавана і не так давіць на сабекошт. А калектыў павінен працаваць, змагацца за рынак. У аснове далейшых дзеянняў павінны ляжаць эканамічныя дадзеныя і вынікі працы», — паведаміў Анатоль Сівак.

Ён расказаў, што ў найбліжэйшы час на сустрэчы з Уладзімірам Краўцовым выпрацуюць праграму. Але самае галоўнае — камбінат закрываць не будуць. Тым больш што ў эканамічным плане менавіта «Дрожджавы камбінат» больш фінансава ўстойлівы і рэнтабельны.

Камбінат у Мінску і яго філіял у Ашмянах маюць больш сталае абсталяванне. Мадэрнізацыя прадпрыемства ў сталіцы супярэчыць горадабудаўнічай дакументацыі. У нейкі час можа адбыцца так, што абноўленыя магутнасці могуць быць знесеныя. «У генплане, які сёння дзейнічае, — гэта зона (дзе, размешчаны камбінат — Зв.) грамадская, і яна не прадугледжвае прамысловых вытворчасцей. Наяўнасць у такіх зонах любой вытворчасці магчыма, але не яе развіццё», — тлумачыць Анатоль Сівак.

Вырашыць праблемы дрожджавай галіны немагчыма і без развіцця экспартнага патэнцыялу.

Марыя ДАДАЛКА


Даведка

Магутнасці дрожджавай галіны ў краіне — 35,1 тысячы тон у год, што ў 4,5 разы перавышае патрэбы ўнутранага рынку. Вытворчасцю гэтага прадукта займаюцца прадпрыемствы "Інтэрферм" (Слуцк) і "Дрожджавы камбінат" (Мінск, філіял Ашмяны). Па паказчыках за 9 месяцаў бягучага года яны працуюць не на поўную загрузку — на 64 і 23 працэнты адпаведна. Для хлебапякарнай галіны пастаўляюць 4,3 тысячы тон дрожджаў, арганізацыям Белкаапсаюза — 1,4 тысячы, прадпрыемствам рознічнага гандлю — 1,9 тысячы.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».