Вы тут

У Мінску прэзентавалі «Анталогію сучаснай казахскай паэзіі і прозы»


13 лістапада ў Бібліятэцы № 1 імя Льва Талстога пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь сумесна з ДУ «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска» адбылася прэзентацыя двухтомніка «Анталогіі сучаснай казахскай паэзіі і прозы». Журналіст сайта «Сугучча» пабывала на імпрэзе.


З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства выступіла дырэктар бібліятэкі імя Льва Талстога і вядучая прэзентацыі Лола Іназемцава.

Лола Іназемцава.

Аскар Бейсенбаеў.

Кнігі «Анталогіі сучаснай казахскай паэзіі і прозы» былі прадстаўлены Паслом Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Аскарам Бейсенбаевым, які падкрэсліў важнасць перакладу роднай літаратуры на замежныя мовы дзеля асветы і ўсведамлення пазіцыі нацыянальнага пісьменства ў свеце.

Дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска Алена Кубышкіна падзякавала гасцям з Казахстана за працу, укладзеную ў «Анталогію сучаснай казахскай паэзіі і прозы», за выдатныя кнігі, якія папоўняць фонды бібліятэк краіны.

Міхась Пазнякоў.

Вольга Багушынская.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў распавёў пра літаратурныя сувязі Беларусі і Казахстана, перакладніцкі абмен, мерапрыемствы, якія гуртуюць пісьменнікаў з розных краін у Беларусі, прадэкламаваў верш Алжаса Сулейменава «Карагач» ва ўласным перакладзе. Верш М. Пазнякова «Казахстану» прачытала артыстка Вольга Багушынская.

Алена Жыганава.

Юлія Галкоўская.

Музычная паўза ад Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П.Александроўскай.

Слова мелі і прадстаўнікі ВНУ сталіцы — дэкан факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКіМ Юлія Галкоўская і намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДПУ па вучэбнай рабоце Алена Жыганава.

Госці імпрэзы змаглі пачуць вершы класікаў казахскай літаратуры на мове арыгінала, а таксама ў перакладзе, дзякуючы вучням сталічных гімназій і ўніверсітэтаў.

Нагадаем, што выданне «Анталогіі сучаснай казахскай паэзіі і прозы» ажыццявілі ў межах праекту «Сучасная казахстанская культура ў глабальным свеце», які з’яўляецца часткай праграмы «Рухани жаңғыру», у свой час запачаткаванай Першым Прэзідэнтам Казахстана Н. Назарбаевым. Дзякуючы адзначанай ініцыятыве, двухтомнік, куды ўвайшлі творы 60 аўтараў, перакладзены і выдадзены на 6 афіцыйных мовах ААН (англійскай, рускай, іспанскай, французскай, кітайскай і арабскай), а таксама прэзентаваны ў Лондане, Мадрыдзе, Парыжы і Маскве.

Варта адзначыць, што Бібліятэка № 1 імя Льва Талстога падрыхтавала кніжную выставу, якая рознабакова адлюстроўвае стасункі Беларусі і Казахстана. Асабліва прыемна журналістам партала «Сугучча» было пабачыць літаратурна-мастацкія выданні серыі «Созвучие сердец», з якіх пачынаўся партал sozvuchie.by, а таксама зборнік вершаў Абая Кунанбаева (у наступным годзе свет будзе адзначаць яго 175-гадовы юбілей) ў перакладзе Міколы Мятліцкага на беларускую мову.

Марына ВАРАБЕЙ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».