Арганізацыйны камітэт ХХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў і ХVІ Параалімпійскіх гульняў у Токіа назваў імя першага атлета, які пасля цырымоніі запальвання агню. 12 сакавіка 2020 года ў старажытнай Алімпіі пранясе факел.
Права адкрыць эстафету дадзена алімпійскай чэмпіёнцы 2004 года ў марафонскім бегу Мідзукі Нагуці.
Факел у Грэцыі пранясуць таксама трохкратныя алімпійскія чэмпіёны — дзюдаіст Тадахіра Намура і Саоры Ёашыда (жаночая барацьба). Яны даставяць яго ў Японію спецыяльным авіярэйсам.
Першая частка эстафеты пройдзе ў Грэцыі з 12 да 19 сакавіка 2020 года. Пасля полымя Гульняў будзе перададзена аргкамітэту «Токіа-2020» падчас спецыяльнай цырымоніі на Панафінейскім стадыёне, якая будзе ўключаць культурную праграму з удзелам грэчаскіх і японскіх артыстаў, а таксама папулярнага музычнага калектыву Ехіlе Hеrо.
Дызайн факела натхнёны вобразам квітнеючай сакуры, усім знаёмай і самай любімай кветкі ў Японіі. З надыходам сезона цвіцення сакуры ў сакавіку 2020 года алімпійскі факел будзе інтэграваны ў канцэпцыю эстафеты алімпійскага агню «Надзея асвятляе наш шлях» і пачне сваё падарожжа па Японіі.
Таксама на гэтым тыдні былі прадстаўлены ўзоры букетаў, якія ўручаць медалістам Алімпіяды. Букеты створаць з кветак, вырашчаных у паўночна-ўсходняй частцы Японіі, асабліва пацярпелай ад землятрусу і цунамі 2011 года. Складацца яны будуць з кветак эўстомы, вырашчаных у прэфектуры Фукусіма, і гарэчаўкі з прэфектуры Іватэ, што, на думку аргкамітэта Гульняў, прадэманструе аднаўленне гэтых рэгіёнаў пасля землятрусу, цунамі і наступстваў аварыі на АЭС у Фукусіме.
Каля пяці тысяч букетаў уручаць спартсменам на медальных цырымоніях Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў 2020 года. Да букета таксама будзе прымацаваная лялька з талісманамі Гульняў Мірайтава і Самэйці. Праекты прапанаваны Саветам кветак Японіі.
«Думаю, што гэта цудоўныя букеты, якія дапамогуць падзяліцца момантамі трыумфу спартсменаў з людзьмі па ўсім свеце», — заявіў галоўны аперацыйны дырэктар арганізацыйнага камітэта Юкіхіка Нунамура.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.