Вы тут

Казачная філасофія існасці ў знічках метафарычнага тэатра


 «Казка», — першае, што прыйшло на розум. Падзея за падзеяй нагнятаецца трывога, перш чым здараецца вырашальная бітва, пераможцам якой абавязкова выйдзе галоўны герой, за якім, вядома, дабро… Але ж тут законы казкі парушаны: падаецца, што вырашальныя бітвы не ўвайшлі ў сцэнічную дзею, яны наперадзе для кожнага з герояў спектакля «Дарагая Памэла», якіх мы бачым толькі на пачатку шляху. Прэм’ерай паводле амерыканскага драматурга Джона Патрыка Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр абавязаны літоўскаму рэжысёру Альгірдасу Латэнасу.


Літоўскі тэатр — асобная з’ява, для апісання якой знайшлося вызначэнне, што замацавала адмысловы мастацкі погляд на рэчаіснасць. Мастацтва (любое і добрае) размаўляе метафарамі — гэтым і цікавае. Але ў драматычным тэатры, дзе ёсць акцёры, якія выконваюць ролі, а галоўны тэкст усё-такі прамаўляецца словамі, мова метафар часта застаецца фонам (нават неабавязковым). Менавіта яна стала вызначальнай рысай стылю літоўскіх рэжысёраў, у спектаклях якіх словы ўдакладняюцца, а сэнс становіцца больш важкім праз трапныя знаходкі, дэталі, дробязі, з якіх сплятаецца складаны карунак драматычнай дзеі. Літоўскі тэатр называюць метафарычным у першую чаргу дзякуючы Эймунтасу Някрошусу. Але побач з ім былі і працавалі (ды працягваюць гэта рабіць) калегі з такім жа адчуваннем тэатра. Спектаклі Альгірдаса Латэнаса, напрыклад, неаднойчы ўдзельнічалі ў міжнародных фестывалях, яго пастаноўка ёсць у расійскім Вахтангаўскім тэатры і іншых. А беларускія тэатралы памятаюць адчуванне фатальнасці лёсу, якое пакінуў «Макбет» у прачытанні Латэнаса ў Купалаўскім. Але даўно тое было. Цяпер новая гісторыя, спектакль зусім іншага настрою. Аднак тэма фатальнасці і лёсу, з якім нельга гуляць, гучыць зноў. Праз рэжысёрскія падыходы і прыёмы, уласцівыя метафарычнаму тэатру. І ўсё ж крыху інакш — дзякуючы драматургічнай аснове. Нездарма п’есу «Дарагая Памэла» ставілі пераважна як камедыю: трапныя жарты і нечаканыя павароты чапляюць гледача і цяпер, нягледзячы на тое, што прайшло больш чым паўстагоддзя з моманту яе напісання. Альгірдас Латэнас прачытаў гэтую гісторыю як драму. Праўда, не без бонусу для гледача ў выглядзе шчаслівага фіналу, на што настройвае пазнака «меладрама».

…Памэла вырашыла памерці. Сама прыняла такое рашэнне, каб за яе смерць нехта атрымаў страхавую выплату. Нехта — гэта нават не сваякі, не блізкія, не сябры. Звычайныя махляры, злодзеі — яна ведае, хто тыя людзі, да якіх так прывязалася. Але няхай у іх усё будзе добра. А тыя, пра каго яна так клапоціцца, увесь час балансуюць на мяжы спакусы: ці вартае ўвагі жыццё немаладой і абсалютна адзінокай жабрачкі, якая бадзяецца па звалках... Для кожнага з герояў, якія круцяцца вакол Памэлы, наступае момант выбару.

Каб больш выразна акцэнтаваць гэтыя моманты, рэжысёр выбраў нетаропкі тэмп апавядання, што абсалютна ў традыцыях літоўскага тэатра. Пры гэтым кожны эпізод павінен прайгравацца з паглыбленнем у матывацыю героя, калі ўсе рэплікі асэнсаваныя акцёрамі, каб іх паспяваў усвядоміць глядач — дзеля разумення невыпадковасці ўсяго, што адбываецца. Таму першая дзея здаецца доўгай (прычым усё ідзе па п’есе, без купюр, падрабязна), што можа збянтэжыць традыцыйнага гледача маладзёжнага тэатра, але разлік на тое, што яму захочацца даведацца, чым усё скончыцца. Такі падыход арыентаваны перш за ўсё на акцёрскую працу — каб перадаць характары і паказаць іх эвалюцыю. Прычым змены гэтыя мы паступова адчуваем нават знешне. Спачатку тройку «кампаньёнаў» бачым у пафасна-мудрагелістых строях — варыянт папсовага гламуру (мастак па касцюмах Вікторыя Ця-Сен). Незаўважна вобразы змяняюцца ў бок «вулічнай элегентнасці», як можна было б вызначыць стыль Памэлы, якую мы бачым у выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Наталлі Анішчанкі. Асоба ў нейкай ступені маргінальная, яна ўсё ж не зусім асацыяльны элемент: жанчына няшчасная, страціла мужа і дачку, апынулася на ўзбочыне жыцця, але ёсць нават знешні напамін пра тое, што калісьці яна была лэдзі, а цяпер проста даношвае старыя рэчы. Яна жыве ва ўласным доме, які цяпер знаходзіцца ў аварыйным стане, і вельмі сумуе па стасунках з іншымі людзьмі.

Дом — нібыта жывы персанаж. Мастакпастаноўшчык Сяргей Бацула здолеў перадаць атмасферу гэтага незвычайнага месца, таму можна паверыць, што тут адбываюцца дзіўныя падзеі. Дом дыхае, радуецца: вельмі паэтычны момант, калі шкляначкі, падвешаныя да галінак і парасонаў, нібыта званочкі, вітаюць новых сяброў гаспадыні. А яшчэ ён рыпіць, калі злуецца, стогне ад адчаю і паглыбляецца ў змрок, калі прадчувае бяду. Зноўку імкнецца знайсці падставы для аптымізму — і абрынутая жырандоль абрастае ўтульнымі вазончыкамі. Пры тым, што дэкарацыі стацыянарныя, прастора падаецца пластычнай, рухомай.

У ёй атрымліваецца размежаваць этапы існавання герояў: у першай дзеі тройка злодзеяў не стрымлівае сваіх думак у амаль пустым пакоі — так, у пустым жыцці можна даваць волю самым розным думкам, не згадваючы пра маральныя абмежаванні. У другой дзеі запоўненасць сцэны сімвалічна падкрэслівае напоўненасць герояў любоўю, якую дорыць ім Памэла. Любоў ачышчае нават самыя злыя думкі і ўзвышае: вось Глорыя (актрыса Вольга Давыдава-Роік) у вясельнай сукенцы завісла пад самай столлю і нібыта анёл імкнецца прадухіліць чарговы віток злосных планаў. Але спускаецца на зямлю — і можа спакусіцца сама, калі знойдзена больш-менш лагічнае абгрунтаванне. Логіка супраць пачуццяў — і нават захоплены Сол Боза (артыст Сяргей Шаранговіч) пагаджаецца на прыгожы помнік для сваёй дарагой Памэлы. Існае супраць інфернальнага — у выніку для Брэда Вінера (Анатоль Лагуценкаў) наступае час, калі «плюс» і «мінус» мяняюцца месцамі. Найбольш паслядоўны і рашучы ў сваёй задуме, ён збянтэжаны злом, якое выйшла з-пад кантролю, — калі яго ўчыніў нехта іншы. Перад рэальнай бядой, якая ўваходзіць у хату, усе змоўшчыкі безабаронныя — і уздымаюць рукі ўгору, так ці інакш разумеючы сваю датычнасць да таго, што адбылося. Але тут яшчэ няма пакаяння (не так хутка яно адбываецца, як хацелася) — і мы праходзім яшчэ адно кола, Памэла павінна памерці неаднойчы, перш чым нешта канчаткова зразумеюць гэтыя людзі… Даходзіць да іх праз яе самаахвярнасць, на якую здольная толькі чыстая любоў. І то не так проста да канца паверыць у пераўтварэнне «сяброў», асабліва ў выпадку з паліцэйскім (Іван Шчатко), які імгненна спакушаецца і так жа імгненна выбачаецца (ці не таму, што ён з Сіцыліі?) — яму наогул не надта верыш. Магчыма, гэтая рэзкая змена палюсоў у складзе мыслення і схіляе да думкі, што ў жыцці герояў будзе яшчэ не адна складаная сітуацыя, але гісторыя з Памэлай навучыць іх распазнаваць спакусы і супрацьстаяць ім. Што, як мы бачым, вельмі няпроста для чалавека. Людзі ідуць па жыцці спатыкаючыся, і далёка не ўсе ўмеюць пісаць лісты нябачнаму сябру, не ўсе ўмеюць прыкмячаць таемныя знакі і адчуваць нябачны, але напоўнены святлом свет, які для нас заключаны найперш у самой Памэле, якая ўмее лекаваць не толькі целы, але і душы. Таму адзіным рэальна шчырым яе спадарожнікам з’яўляецца жывёла — кот (артыст Юрый Шаланкоў выдатна ажыўляе лялечнага персанажа, які можа гуляць сам па сабе і з’яўляецца, калі патрэбны).

У такім вырашэнні, з такімі акцэнтамі спектакль глядзіцца як драма. І чаму гэтага трэба баяцца?

Асабліва калі ў драме — праўда. Чыста чалавечая. Яна адчувальная, нават не зважаючы на ўсе цуды, якія адбываюцца на сцэне: нібыта нешта ці нехта ўвесь час спыняе герояў (мо таму што рэальнае злачынства ўчыніць не так проста?). Праўда адчувальная і нягледзячы на перабольшванні, уласцівыя мастацкаму твору, асабліва калі ён утрымлівае рысы прыпавесці: Памэла размаўляе і чакае паслянняў аб Бога, якога іншыя пакуль не ведаюць. А вось наколькі выразна заззяе галоўная думка, дзеля якой героі сышліся ў гэтай гісторыі, залежыць не столькі ад метафар, атмасфернай мастацкай і чароўнай музычнай часткі. Кампазітар Фаўстас Латэнас надаў душы спектакля голас — вельмі выразны, а для некаторых сцэн наогул вызначальны, таму што задае іх рытм і характар, таксама становіцца дадатковай фарбай у тэмах герояў.

Але ў найбольшай ступені гэтая пастаноўка павінна трымацца на акцёрскім майстэрстве — кожная роля ўмяшчае сваю драму, якую трэба паказаць без мітусні і штучнага напружання. Задача няпростая, асабліва калі гледачы прызвычаіліся чакаць забаў, ды артысты ў прынцыпе гатовы пераключацца ў рэжым забаўляння. А тут іншае — праца на падсвядомасць, якая павінна потым працаваць нязмушана. Асабліва калі гаворка пра боскія справы — а гэта на пачатку ХХІ стагоддзя шмат для каго ўжо з’яўляецца прыгожай метафарай. Таму ёсць рэчы, пра якія трэба казаць напаўголасу — тады ў іх хочацца ўнікнуць. Тонкае палатно мы можам не адчуваць на скуры, калі на ім не выпіраюць асобныя вузельчыкі, інакш узнікаюць зусім іншыя рэакцыі. Артыстам патрэбны час, каб гэта ўсвядоміць і данесці, але з кожным паказам гэта атрымліваецца больш дакладна. І ў гледача не ўзнікае думкі, як дажыць да канца спектакля, які ідзе амаль тры гадзіны, а ён сапраўды перажывае фінал, які мяняе акцэнты, спакушаючы цудам, і фактычна пераводзіць аповед у казку.

Але ж у кожнай казцы — усяго доля казкі.

Валерыя АСІПЕНКА

Загаловак у газеце: Жыві і дай жыць іншым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.