Вы тут

Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў з аншлагам выступілі на сцэне Вялікага тэатра


Зоркі сусветнай опернай сцэны Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў выступілі ў Мінску. Гэта іх трэці прыезд у сталіцу Беларусі. У лютым 2018 года ў Палацы Рэспублікі ў суправаджэнні Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова яны далі канцэрт у рамках V Міжнароднага фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае». Затым прынялі ўдзел у адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў.


І цяпер упершыню выступілі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у суправаджэнні аркестра тэатра. За дырыжорскім пультам — заслужаны артыст Азербайджана Фуад Ібрагімаў, запрошаны госць — вядомы італьянскі барытон Лука Сальсі.

25 кастрычніка ўпершыню адзначаўся Сусветны дзень оперы. Па ініцыятыве трох вядучых оперных арганізацый Opera Europa, Opera America і Opera Latinoamerica было вырашана пашырыць маштабы еўрапейскіх дзён оперы і заснаваць Сусветны дзень оперы. Яго мэта — прадэманстраваць уклад, які ўносіць опернае мастацтва ў развіццё культуры. Дата абраная невыпадкова: 25 кастрычніка нарадзіліся Жорж Бізэ і Іаган Штраус — аўтары самых вядомых опер і аперэт. Гэтую знамянальную падзею бліскуча адзначылі ў Мінску выступленнем самых запатрабаваных у наш час зорак опернай сцэны — Ганны Нятрэбка і Юсіфа Эйвазава.

Як звычайна бывае ў падобных канцэртах, сольныя вакальныя нумары, дуэты і трыа спалучаюцца з аркестравымі. І гэтым разам традыцыя была вытрымана. Але праграма, асабліва першага аддзялення, аказалася досыць няпростай. Як адзначыла сама Ганна Нятрэбка, артысты спецыяльна ўключылі ў яе складаныя творы, ведаючы, што ў зале будуць не толькі аматары опернага мастацтва, але і музыкантыпрафесіяналы. У першым аддзяленні выконвалася толькі музыка Джузэпэ Вердзі: нумары з опер «Атэла», «Дон Карлас», «Луіза Мілер», «Рыгалета», «Сіла лёсу» і «Трубадур».

Першы выхад артыстаў публіка сустрэла бурнымі апладысментамі. Бліскуча быў выкананы дуэт з оперы «Атэла». Ганна Нятрэбка адзначае: «Тое, што мы спяваем разам, — выдатна, і нам вельмі пашанцавала, бо нашы галасы добра спалучаюцца, і тэатры рады бачыць нас».

Ганна — спявачка рэдкага таленту. Думаю, не варта шмат гаварыць пра ўнікальнасць яе голасу і выбудаванасць драматургіі ўсіх выкананых ёю оперных партый, пра знешнюю прыгажосць і велізарную сцэнічную абаяльнасць. Усё гэта добра вядома яе прыхільнікам. Кожны раз спявачка здзіўляе здольнасцю чапляць увагу публікі з першых гукаў кампазіцыі і ўтрымліваць яе да апошніх секунд. Ёй падуладна выкананне любых оперных партый: выдатна атрымліваюцца як насычаныя драматычныя эпізоды, так і далікатныя лірычныя. Спявачка паспяхова прадэманстравала ўсё гэта ў Арыі Леаноры з «Сілы лёсу», Арыі Лізаветы з «Дона Карласа».

У выкананні Юсіфам Эйвазавым Арыі Рудольфа з оперы «Луіза Мілер», а таксама Арыі і Кабалеты з оперы «Рыгалета» публіка змагла ацаніць тэмбральную прыгажосць голаса спевака, яго вакальную дасканаласць і высокі ўзровень акцёрскага майстэрства. Ён вольны ў выкананні тэхнічна складаных твораў і заўсёды стварае яркі вобраз свайго героя.

Беларускія оперныя меламаны змаглі пазнаёміцца з Лукой Cальсі — сусветна вядомым італьянскім оперным спеваком, які ўпершыню выступаў у Мінску. Выхаванец Пармскай кансерваторыі імкліва ўварваўся на падмосткі вядучых сусветных оперных тэатраў, сярод якіх Метраполітэн-опера, Ла Скала, Каралеўскі оперны тэатр у Лондане, Баварская дзяржаўная опера, Рымскі оперны тэатр і іншыя. Публіка захоплена адрэагавала на выкананне артыстам Арыі Макбета з оперы «Макбет», а таксама высока ацаніла яго ўдзел у ансамблях з Ганнай Нятрэбка і Юсіфам Эйвазавым, асабліва ў тэрцэце з оперы «Трубaдур».

У другім аддзяленні канцэрта прагучала папулярная музыка. Вельмі драматычным быў Дуэт Дона Альвара і Дона Карласа з оперы Джузэпэ Вердзі «Сіла лёсу» ў выкананні Юсіфа Эйвазава і Лукі Cальсі. Выбухам апладысментаў сустрэла публіка Ганну Нятрэбка, якая выйшла на сцэну ў раскошнай белай сукенцы з залатымі кветкамі. Яна была, як і раней, непараўнальная ў Арыі Валі з оперы Анжалікі Каталані «Валі». Кантрастам прагучалі Арыя Каварадосі з оперы Джакома Пучыні «Тоска» і Арыя Лаўрэты з оперы гэтага ж кампазітара «Джані Скікі». Апошняй яркай кропкай у гэтым канцэрце стала выкананне ўрыўка з оперы «Андрэ Шэнье» Умбэрта Джардана.

Беларуская публіка высока ацаніла майстэрства не толькі спевакоў, але і таленавітага дырыжора Фуада Ібрагімава. Малады дырыжор, які атрымаў адукацыю ў Германіі, у Кёльнскай вышэйшай школе музыкі ў 2011 годзе, паспеў стаць дырыжорам Азербайджанскага сімфанічнага аркестра імя У. Гаджыбекава, а таксама галоўным дырыжорам Новага філарманічнага аркестра Мюнхена і Бакінскага камернага аркестра. Акрамя гэтага, ён — запрошаны дырыжор кёльнскага Гюрценіх-аркестра, галоўны дырыжор кёльнскага студэнцкага сімфанічнага аркестра Simfonietta.

Адчувалася, што дырыжор і музыканты аркестра Вялікага тэатра знайшлі поўнае паразуменне. Аркестр тонка акампаніраваў спевакам, якія адкрыта са сцэны дзякавалі дырыжору за такое ў найвышэйшай ступені прафесійнае зліццё. Стылістычна дакладна былі выкананы таксама аркестравыя нумары — уверцюра да оперы Джузэпэ Вердзі «Сіла лёсу» і вытанчанае інтэрмецца з оперы П’етра Масканьі «Сельскі гонар». Бліскучы канцэрт скончыўся урыўкам з оперы Джузэпэ Вердзі «Травіята». Адчувалася, што зала ў захапленні: гледачы апладзіравалі, крычалі «Брава!». Асаблівую падзяку хочацца выказаць арганізатарам канцэрта холдынгу Berin Iglesias ART і яго прэзідэнту Максіму Берыну. Berin Iglesias ART — эксклюзіўны прадстаўнік Ганны Нятрэбка і Юсіфа Эйвазава ў Расіі, СНД і краінах Балтыі.

— У мяне канцэрты Ганны Нятрэбка і Юсіфа Эйвазава заўсёды выклікаюць асаблівае хваляванне, — адзначыў Максім Берын. — Мільённая армія прыхільнікаў ва ўсім свеце лічыць дні да магчымасці ўбачыць на адной сцэне двух найвялікшых оперных выканаўцаў нашага часу. І мне неверагодна прыемна ўсведамляць дачыненне да гэтай падзеі, якая мае ўсе падставы стаць знамянальнай у гісторыі опернай музыкі. Асаблівы гонар выклікае той факт, што канцэрт праходзіць на маёй радзіме на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Акрамя таго, што тут сабралася самая элітарная публіка, знаўцы высокага мастацтва, мы таксама з вялікім задавальненнем запрасілі на канцэрт студэнтаў музычных навучальных устаноў Мінска. Сярод запрошаных — лаўрэаты музычных конкурсаў, медалісты, уладальнікі дыпломаў і ганаровых узнагарод.

Элеанора СКУРАТАВА

Загаловак у газеце: Viva опера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».