Вы тут

У Пярэсецы прыгожыя імгненні


Жыццё, напружаная творчая дзейнасць знакамітага фотамайстра Яна Булгака натхняюць на стваральную працу і сучасных ягоных землякоў


Рэжысёрская знаходка Міколы Котава кранула ўдзельнікаў урачыстасці

“Тут, у маёнтку Пярэсека, у 1905 годзе распачаў мастацкую дзейнасць фатограф Ян Булгак”. Ёсць цяпер на беларускай зямлі знак-помнік з такім надпісам. Барэльеф майстра з фотакамерай вырабіў, прыгожа закампанаваў на фактурным схіле валуна скульптар Валеры Калясінскі. Што памяць фотамайстра ўшанавалі пад Мінскам, у Міханавіцкім сельсавеце, газета трохі расказвала (“І быў стоп-кадр…” — ГР, 28.10.2019). Але ж аповед пра падзею будзе няпоўным без фотаздымкаў — і яшчэ дадаем падрабязнасці наўздагон.

Францішак Жылка і Святлана Давальцова высаджваюць маладое дрэўца

Старэйшы наш калега Уладзімір Субат, фотаздымкамі якога ўпрыгожваем гэтую нататку, падаў фотарэпартаж у “Сельской газете”. І Ала Страшынская са “Звязды” адгукнулася на падзею. Былі й тэлесюжэты. Добры розгалас! Бо добрую справу зрабілі нашчадкі ў Пярэсецы. На такую грамадска-карысную творчасць падштурхнуў іх сам Ян Буглак. Год таму ў вёсцы Цэнтральную вуліцу перайменавалі ў вуліцу Яна Булгака — па ініцыятыве бізнесмена, краязнаўца Францішка Жылкі. Ягоны дом стаіць побач з былой сядзібай фотамайстра. Некаторыя падрабязнасці з лёсу спадара Францішка, гісторыі ягонага роду мы згадвалі ў публікацыях “Францішак Жылка: Слоў на вецер не кідаю” (часопіс “Беларусь. Belarus”, №12–2019) і “Францішак Жылка: Усе шыльды і аб’явы робім па-беларуску” (“Звязда”, 31.12.2018). “Наш дом — у вёсцы Пярэсека, на сядзібе Яна Булгака. Агароджа маёй сядзібы ад яго дома метраў за 10. Гэта быў першы мастак-фатограф Беларусі, Літвы, Польшчы. Я нават пра спадара Яна правёў невялічкае даследаванне — працаваў у архівах, і выдаў кніжку невялічкую,” — расказваў нам гаспадар.

Знак-помнік у Пярэсецы

Вельмі важна, што падтрымалі ягоныя “мемарыяльныя” ідэі дэпутаты мясцовага сельсавета на чале з Святланай Давальцовай. Яна ж праходзіла ўсе інстанцыі, рабіла неабходныя ўзгадненні — каб узвесці помнік. Таксама й мясцовыя жыхары паўдзельнічалі ў суботніках, калі наводзіўся парадак на тэрыторыі былой шляхецкай сядзібы. А сам Францішак Жылка паціху аднаўляў-высаджваў прысады: яны зноў вядуць ад сядзібы на Мінскую шашу. Калісьці, кажуць, па прыгожай алеі са старых дрэваў на ўскрайку вёскі любіў гуляць малады гаспадар сядзібы Ян Булгак. А калі ягонай жонцы Хрысціне ў 1905‑м падарылі фотаапарат, ён увекавечыў алею на першых сваіх здымках. Цяпер вось зберагаецца й памяць пра гаспадара-творцу, які ўмеў сам цаніць прыгожыя імгненні жыцця.

Іван і Валянціна Ждановічы

Здымкі Уладзіміра Субата

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.