Вы тут

Беларускія фарбы неапалітанскай восені


Свята беларускай культуры мела вялікі поспех у італьянскім Неапалі. Ладзілі ж яго нашы супляменнікі.


Ганаровыя ўдзельнікі свята разам з артыстамі гурта “Сузор’е” з Беларусі

Лад і згода — з іх пачынаецца любая добрая справа. Так было і ў Неапалі, калі беларусы, што тут жывуць, задумалі супольна правесці свята “Беларуская восень у Неапалі”. Для таго, каб адбылося ўсё належным чынам, працавалі Ганаровае консульства Беларусі ў Неапалі, Амбасада Беларусі ў Італіі, праект падтрымала наша Культурная асацыяцыя “Bellarus”, а ладзілася беларускае свята пад эгідай муніцыпалітэта Неапаля.

У свяце паўдзельнічаў беларускі фальклорны гурт “Сузор’е” з Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны, неапалітанскі спявак Франчэска Кокка й вучні танцавальнай школы Тэатра Сан-Карла ў Неапалі. Нашае свята наведалі старшыня гарсавета Неапаля Алесандра Фучыта, прадстаўнікі праваслаўнага духавенства, беларускай грамады Неапаля ды іншыя неапалітанцы, якія цікавяцца беларускай культурай.

Вядома ж, немалая частка святочных клопатаў легла на плечы актывістак Асацыяцыі “Bellarus”. Але ж нам не прывыкаць! Спрацавалі зладжана, і прайшло свята, як заўжды, з вельмі вялікім поспехам. Шмат прыйшло людзей, шмат гасцей, шмат уражання было і ў нас, і ў італьянцаў — як кажуць, аж цераз край! Хто жадае далучыцца да імпрэзы хоць бы віртуальна — глядзіце відэаролікі ў інтэрнэце: на старонцы суполкі ў facebook ці на канале youtube. Мы ж выказваем сваю шчырую ўдзячнасць усім працаўнікам Амбасады Беларусі у Рыме, і асаблівую — Амбасадару Аляксандру Гур’янаву, а яшчэ Ганароваму консулу Беларусі ў Неапалі Вінчэнца Трані ды Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур (з Вольгай Антоненкай на чале!) з Мінска: за іх дапамогу, садзеянне, падтрымку пры ўвасабленні ў рэальнае неапалітанскае жыццё дзівоснага праекта пад назвай “Беларуская восень у Неапалі”.

Імпрэзу мы зладзілі дзеля таго, каб пашыраць беларускую культуру, традыцыі ў італьянскім рэгіёне Кампанья. Бралі за аснову элементы, што ўласцівыя для святкаванняў беларускіх восеньскіх святаў. Падзеі адбываліся ў Неапалі 19 і 20 кастрычніка — як у васьмігадовай дзяржаўнай школе імя Д’Авідзіа-Нікалардзі па адрасе вул. Св. Джакома дэй Капры, 43 (Vіa S. Gіacomo deі Caprі, 43), так і ў манументальным архітэктурным комплексе Св. Даменіка Маджорэ (Pіazza S. Domenіco Maggіore, 8A). У першы дзень вучні згаданай школы, іх бацькі й жыхары горада змаглі бліжэй пазнаёміцца з беларускімі восеньскімі традыцыямі, святочнымі дзеямі. З цікавасцю разглядалі беларускія народныя касцюмы — прама на артыстах з гурта “Сузор’е” ды музыках гурта “Спадчына”, што створаны пры Асацыяцыі “Bellarus”. Працавала выстава для дарослых: мы знаёмілі гасцей свята з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, узорамі беларускага рукадзелля, кнігамі, альбомамі пра нашу Бацькаўшчыну. І быў святочны канцэрт!

І яшчэ здымак на памяць пра тую неапалітанскую восень

Потым прыкладна ў тым жа фармаце мы паўтарылі імпрэзу й на другі дзень — у другім ужо месцы. Наш “двухсерыйны” праект меў вялікі поспех у горадзе, стварыў вялікі эфект, на хвалі якога падрастае станоўчы імідж як беларускай суполкі ў Неапалі, так і ўвогуле Беларусі з яе міралюбным і творчым народам. Я пачула вельмі шмат добрых слоў як на адрас арганізатараў святочных імпрэзаў, так і краіны, беларускага народа, які зберагае каштоўныя традыцыі продкаў.

Кіраўнік гарадскога савета Неапаля Алесандра Фучыта ў ліку іншых таксама выказаў сваё захапленне: яму асабліва прыйшлося даспадобы, як у нас усё было зладжана з арганізацыйнага боку. Ён падзякаваў Амбасадзе Беларусі ў Італіі, Ганароваму консульству Беларусі ў Неапалі, актывістам нашай асацыяцыі за праведзеную працу. Спадар Алесандра выказаў інтарэс, зацікаўленасць у тым, каб падтрымаць падобную дзейнасць у будучыні — бо, ён упэўнены, гэта спрыяе ўзаемакарысным кантактам паміж італьянскай і беларускай культурамі, збліжае нашы народы.

Таццяна Пумпулева,  кіраўніца Культурнай асацыяцыі “Bellarus”, г. Неапаль

Ад рэдакцыі. У сваім электронным пісьме зямлячка дзякуе нам і за газеты, якія па пошце атрымлівае ў Неапалі: “Яны да нас даходзяць рэгулярна, прыносяць шмат радасці ды, здаецца мне, майго роднага беларускага паветра. Вельмі прыемна ўяўляць сабе, што іх трымалі ў руках нашы беларускія людзі, да адпраўкі ў Італію, што рухаліся яны па нашай краіне, каб прынесці да нас і Голас, і водар Радзімы”. Спадзяемся, і на святочных выставачных стэндах “Беларускай восені ў Неапалі” газета “Голас Радзімы” — на ганаровых месцах. Так робяць, ведаем, многія беларускія суполкі ў розных краінах.

Мы ж праз інтэрнэт “прабілі”, што сёлета згаданы ансамбль народнай песні і музыкі “Сузор’е” з Асіповіччыны выступаў і ў расійскім Омску — на Днях беларускай культуры. Маем надзею, што з часам і з беларусамі Омска ў нас адладзяцца стасункі. Пішыце ў рэдакцыю пра свае беларускія справы, сябры!

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.