Учора прайшла цырымонія адкрыцця дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне −2019». Падчас жараб’ёўкі нашай удзельніцы дастаўся сёмы нумар выступлення ў фінальным гала-канцэрце.
Лёсаваннем вызначалі толькі першы і апошні нумар і пазіцыю краіны-гаспадыні, а чаргу астатніх вызначалі прадзюсары праекта. Такім чынам, першай на сцэне Глівіца-Арэны з’явіцца Аўстралія, а завершыць выступленні фіналістаў Сербія. Польшчу пачуем адзінаццатай.
Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў краін-удзельніц у Сілезскім тэатры (Катавіца). Наша Ліза Міснікава разам з удзельнікамі свайго балету і кіраўніком дэлегацыі прайшла па чырвонай дарожцы, адказала на некалькі пытанняў па-англійску для міжнароднай аўдыторыі конкурсу. Напярэдадні адбыліся здымкі візітоўкі: па сюжэце дзяўчына глядзіць у тэлескоп і быццам пераносіцца ў іншае вымярэнне, дзе бачыць пейзажы Сілезіі — паўночнага рэгіёну Польшчы, які сёлета прымае песеннае спаборніцтва. Гатовы відэаролік гледачы змогуць ацаніць і ўбачыць напярэдадні выхаду Лізы на сцэну ў нядзелю, 24 лістапада.
Сёння ў нашай прадстаўніцы адбудзецца першая рэпетыцыя на сцэне Глівіца-Арэны, а таксама кансультацыя па грыме і першая вечарынку ў еўраклубе.
Алена ДРАПКО
Фота: junioreurovision.tv
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.