Вы тут

Якія кветкі і кусты нельга абразаць восенню


Увосень, асабліва такую зацяжную, як сёлета, дастаткова часу для абрэзкі саду. Аднак далёка не ўсім культурам патрабуецца гэтая аперацыя, часам яна можа нашкодзіць. Разбяромся, якія расліны не варта абразаць.


Для дэкаратыўных кустоў дзейнічае простае правіла — калі яны цвітуць на парастках мінулага года, то абразаць іх нельга, у адваротным выпадку вы не дачакаецеся цвіцення.

Барбарыс звычайны і барбарыс Тунберга — папулярныя кусты, шматлікія сарты з жоўтай і чырвонай афарбоўкамі лісця часта сустракаюцца ў садах. Квітнее барбарыс у маі — чэрвені на парастках мінулага года, восеньская абрэзка яму не патрабуецца.

Найбольш папулярныя ў нас гартэнзіі — дрэвападобная і мяцёлчатая, захоўваюць пышныя суквецці ўсю зіму. Не варта іх абразаць, сухія суквецці ўпрыгожаць сад у міжсезонне, а таксама зберагуць кветкавыя пупышкі на верхавінах парасткаў.

Сартавы пузыраплоднік каліналісны з эфектным пурпурным або залацістым лісцем утворыць белыя або ружовыя кветкі на леташніх парастках, мінімальнае абразанне праводзяць толькі вясной.

Бэз закладвае кветкавыя пупышкі на верхавінах найбольш моцных парасткаў леташняга прыросту, восенню іх не чапаюць і не кароцяць. У выпадку неабходнасці ў канцы сезона можна выдаліць толькі зламаныя і сухія галінкі, а прарэджванне адкладзіце на вясну.

Ва ўмераным клімаце часцей за ўсё вырошчваюць зімаўстойлівыя віды фарзіцыі. Хмызнякі, абсыпаныя жоўтымі кветкамі, адкрываюць вясновы сезон з канца красавіка, абразаюць іх толькі пасля цвіцення.

Духмяныя беласнежныя язміны традыцыйна растуць у нашых садах, іх кветкі ўтвараюцца на парастках другога года жыцця. Фармавальнае абразанне рэкамендуюць праводзіць пасля заканчэння цвіцення.

Увосень абавязкова выдаляюць засохлыя парасткі ў тых відаў шматгадовых дэкаратыўных раслін (дэльфініум, флёксы), якія пакутуюць ад хвароб, а таксама ў раслін, якія даюць багаты, але непажаданы самасеў (лубін, сумнік).

Не варта абразаць расліны з лісцем, якое зімуе, іх на нашых участках дастаткова. Магутнае лісце бадану выдатна пераносіць халады, доўгі час захоўвае дэкаратыўнасць вясной.

Існуе цэлы шэраг раслін, якія восенню адміраюць, засыхаюць, але дзякуючы жорсткім трывалым сцёблам захоўваюць форму. Гэтыя віды можна не абразаць, а выкарыстоўваць для стварэння зімовага кветніка. Ён будзе прыцягваць увагу ў міжсезонне.

Сухаватыя парасткі і лісце астыльбы лепш за ўсё пакінуць да вясны, яны створаць натуральную абарону для каранёвай сістэмы і дапамогуць затрыманню снегу. Таксама варта гэта зрабіць з мнагалетнікамі паўднёвага паходжання, якія прыстасаваліся да зімоўкі ў паўночных шыротах. Не трэба абразаць мацярдушку і мелісу, з рэшткамі парасткаў яны добра перанясуць халады, а ўвесну іх нескладана будзе выдаліць.

Можна не зразаць восенню лісце лілейніка і хостаў, яны лёгка раскладаюцца пад снегам, практычна не пакідаючы неахайных слядоў. Аднак побач з гэтымі магутнымі мнагалетнікамі, якія адрастаюць пазней за іншыя віды, многія садоўнікі размяшчаюць раннія дробнацыбульныя кветкі — крокусы, мускары, пералескі. У гэтым выпадку кветнік трэба ачысціць ад лісця, лягчэй за ўсё гэта зрабіць пасля першых замаразкаў. Толькі так вы зможаце палюбавацца чароўнымі першацветамі.

Ацэньваючы патрэбу кветнікаў у абрэзцы, улічыце, што абавязкова трэба выдаліць лісце, пацярпелае ад хвароб, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі.

Разлічвайце свае сілы і час. Калі даводзіцца заканчваць дачны сезон рана, то прасцей за ўсё пакінуць усе дэкаратыўныя кусты і мнагалетнікі без абрэзкі, гэта не нашкодзіць ім ніякім чынам. Выдаліць сухія парасткі траў цалкам можна і ўвесну, а ў кустоў заадно будзе зручна абрэзаць парасткі, якія пацярпелі ў зімовы час.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».