Вы тут

У Савецкім раёне Гомеля футбольны манеж стаў крытым


Зімой і летам будзе цяпер працаваць адноўлены спартыўны комплекс у Савецкім раёне Гомеля. Дарэчы, купал новага спартыўнага збудавання можна заўважыць здалёк. Ён мае вышыню 24 метры. Бялюткую мембрану над полем паднімалі ціскам паветра з дапамогай газавых установак і дызель-генератараў. Яна накрыла сучасную футбольную пляцоўку са штучным пакрыццём.


Полістырольная тканіна, якая была разаслана на пляцоўцыгомельскага стадыёна «Прамень», пазамінулай ноччу ператварылася ў купал.

Падзеі радуюцца ўсе — ад рабочых да кіраўнікоў установы. Рэч у тым, што моманту, калі можна будзе завяршыць важны этап, чакалі, як з мора пагоды. Поўнага штылю — такое было асноўнае патрабаванне славенскіх праектантаў — дачакаліся ноччу з 18 на 19 лістапада. Надзімалі аб'ект тры гадзіны. І няхай вакол і ўнутры ёсць яшчэ што ўдасканальваць, зроблены асноўны этап.

— Цяпер спецыялісты славенскай кампаніі прыступяць да мантажу святлодыёднага асвятлення. Яго будуць праводзіць на працягу 10 дзён, — кажа начальнік аддзела спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Ігар Палуян. — Далей будзе адбывацца мантаж трыбун, якія знаходзяцца ўнутры купала. А потым усталююць супрацьпажарную сігналізацыю. Праект рэалізуецца за сродкі УЕФА праз Беларускую федэрацыю футбола і абласны бюджэт. Цяпер тут ёсць паўнавартаснае футбольнае поле еўрапейскага стандарту як для трэніровак, так і для спаборніцтваў любога ўзроўню.

Гэты праект рэалізуецца па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Каб трэніроўкі на траве ў футбалістаў перасталі насіць сезонны характар, у кожным абласным цэнтры даручана пабудаваць крытыя манежы. Аналагічныя купалы-мембраны над футбольнымі палямі ўжо ёсць у Мінску, Брэсце і Гродне. Праз пэўны час з'явяцца і ў Магілёве з Віцебскам.

У гомельскім манежы, у адрозненне ад падобных збудаванняў у іншых гарадах нашай краіны, усталююць трыбуны на 500 гледачоў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца тэхніцы бяспекі.

— Унутры, непасрэдна над месцамі для гледачоў, будзе ахоўная сістэма, якая не дазволіць купалу ўпасці да падлогі, — кажа дырэктар Гомельскай ДЮСШ № 6 Юрый Сачыўка. — Там прадугледжаны дадатковыя металічныя канструкцыі, якія будуць абмяжоўваць тканіну. Праходнасць людзей за хвіліну з адных дзвярэй — 32 чалавекі. Апроч трох асноўных ёсць 10 эвакуацыйных выхадаў. Дарэчы, купал пры пашкоджанні спадае не адразу, а за 2,5 гадзіны.

Адкрыты ў 70-я гады мінулага стагоддзя стадыён «Прамень» сёння кардынальна абноўлены. Адрамантаваны падтрыбунныя памяшканні, дзе для спартсменаў зроблены ўсе неабходныя ўмовы. З футбольным манежам памяшканні злучыць крытая галерэя. Апроч таго і ўрэшце тут будуць тры паўнавартасныя футбольныя пляцоўкі. Акрамя закрытай — яшчэ дзве адкрытыя: са штучным пакрыццём і натуральным газонам.

Пасля завяршэння работ аб'ект будзе перададзены на баланс гарадской дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 6, дзе ўжо вядзецца набор навучэнцаў у новае футбольнае аддзяленне. Завершаны і добраўпарадкаваны стадыён стане падарункам гамяльчанам да Новага года, а са студзеня тут пачнуцца заняткі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фта аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.