Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце кожныя 40 секундаў здзяйсняецца самагубства. А ва ўзроставай групе ад 15 да 29 гадоў гэта і ўвогуле другая вядучая прычына смяротнасці. Нядаўна ў Беларусі правялі даследаванне праблем псіхічнага здароўя і суіцыдальных паводзін падлеткаў і моладзі. Яно паказала, што амаль кожны пяты падлетак ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў мае прыкметы дэпрэсіўнай сімптаматыкі.
Даследаванне праводзілася летась і сёлета. Апыталі 3600 падлеткаў і маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў, якія вучацца ў розных навучальных установах — школах, ліцэях, каледжах, ВНУ (усяго 156 навучальных устаноў). Іх анкетавалі спецыяльна падрыхтаваныя студэнты і магістранты Інстытута бізнесу БДУ. Такія псіхалагічныя тэсты ў Беларусі прымяняліся падчас апытання ўпершыню. Праект рэалізаваны пры падтрымцы ЮНІСЕФ.
Даследаванне паказала, што 18,2 % падлеткаў маюць дэпрэсіўную сімптаматыку. У тым ліку ў 3,2 % яна яўна выражаная, у 5,7 % — умераная, у 9,3 % — лёгкая. У больш чым 26 % падлеткаў і моладзі ўзнікалі думкі пра самагубства. Прычым у 8,1 % яны ўзнікалі неаднаразова, а 4,8 % імкнуліся гэта зрабіць. 18 % удзельнікаў мелі такія думкі толькі аднойчы.
Галоўнай прычынай суіцыдальных памкненняў апытаныя назвалі пачуццё адзіноты (у 49,2 %), канфлікты з бацькамі (у 43,4 %), немагчымасць знайсці сваё месца ў жыцці (у 36,3 %). Пры гэтым дзяўчаты больш схільныя да суіцыдальных думак. А сярод спосабаў звесці рахункі з жыццём у іх пераважаюць атручванні і самапашкоджанні. Але менавіта ў хлопцаў больш завершаных спроб.
— Наша краіна не ўнікальная, гэта агульнасусветная тэндэнцыя. Хлопцы выбіраюць больш брутальныя спосабы — павешанне і падзенне з вышыні, — кажа галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Міністэрства аховы здароўя, намеснік галоўнага ўрача Гарадскога дзіцячага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Вольга Літвінава.
Для суіцыдальнай актыўнасці падлеткаў і моладзі характэрныя пад'ёмы і спады, таму і паказчыкі па суіцыдах носяць хвалепадобны характар.
— У 2015 годзе было 18 выпадкаў гібелі, у 2016-м — 29, у 2017-м — 18, у 2018-м — 28. Гэта дастаткова невялікія лічбы, мы змагаемся за кожнае жыццё і радуемся, калі лічбы ўдалося знізіць. Вялікую ўвагу аддаём выпадкам, калі была спроба здзейсніць суіцыд, але падлетак выжыў (парасуіцыд. — «Зв».). Такія выпадкі мы выяўляем (у нас наладжана сістэма перадачы інфармацыі з іншых ведамстваў спецыялістам службы псіхічнага здароўя) дзеля аказання дапамогі. Прыход да нас не з'яўляецца абавязковым, але калі чалавек пагаджаецца атрымаць дапамогу, мы яе аказваем — вучым дзяцей, як выходзіць з крызісных сітуацый, спраўляцца са стрэсам, расказваем пра тэлефон даверу, — тлумачыць Вольга Літвінава.
Выяўляльнасць парасуіцыдаў у Беларусі ў апошнія гады палепшылася. У 2018 годзе зарэгістравана 347 такіх спроб у непаўналетніх (у 2017-м — 298, у 2016-м — 244). Асноўныя прычыны з'яўлення суіцыдальных думак — высокі ўзровень трывожнасці, ужыванне наркотыкаў і алкаголю, напружаныя адносіны з бацькамі, асабліва з татам, фізічны і псіхалагічны гвалт.
— Усе праблемы, у тым ліку ўжыванне наркотыкаў і алкаголю, пачынаюцца з суму. Настаўнікі расказваюць тэму і сыходзяць, а дзецям нецікава. Ёсць мноства гурткоў, але не ўсе туды ідуць. Дзеці не давяраюць свае праблемы настаўнікам, не хочуць ісці да школьных псіхолагаў, бо ведаюць, што аб іх сакрэтах даведаецца ўся школа, — дзеліцца Аляксандра Туроўская, студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, валанцёр цэнтра, сяброўскага да падлеткаў, «Давер». — Да нас звяртаецца моладзь, каб падзяліцца сваімі перажываннямі. Праўда, спачатку прыдумваюць сабе іншыя імёны. Пасля адкрываюцца. Некаторыя прыходзяць проста пагуляць у настольны тэніс. Раней я і сама не магла выказаць свае думкі, пакутавала ад гэтага. Са мной працавалі валанцёры: расказвалі пра аратарскае майстэрства, пра тое, як можна ўнутры стаць лідарам. Цяпер я гэтак жа займаюся з падлеткамі.
Гарачая лінія для падлеткаў
Тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў дзейнічае ў Мінску з 1998 года. Са снежня 2017 года ён стаў агульнанацыянальнай дзіцячай лініяй. Патэлефанаваць па нумары 8 801 100 16 11 можна 24 гадзіны ў суткі без выхадных. У 2018 годзе да спецыялістаў па тэлефоне даверу звярнулася 1077 падлеткаў, за дзевяць месяцаў сёлета — больш за 1300. Аказваюць спецыялісты і амбулаторную дапамогу. Цяпер яна даступная не толькі ў вялікіх, але і маленькіх гарадках, і сельскай мясцовасці. Пры адсутнасці дзіцячага ўрача гэту дапамогу аказвае ўрач-псіхіятр для дарослых. Акрамя гэтага, у Беларусі 345 стацыянарных ложкаў для дзяцей і падлеткаў.
Прэв'ю: vnovgorode.ru
Алена КРАВЕЦ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.