Што можа зрабіць сучасную школу шчаслівай? Паразважаць на гэтую тэму прапанавалі ў рамках дыскусійнай пляцоўкі вучням профільных педагагічных класаў і груп. Яны частыя госці ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. І трэцяя міжнародная канферэнцыя «Педагагічныя класы: вопыт і перспектывы» таксама прайшла пры іх непасрэдным удзеле. Менавіта на гэтых падлеткаў сёння робяць тут стаўку.
— Педагогіка — прафесія не для кожнага, — разважае рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК. — Ад таго, які абітурыент прыйдзе сёння вучыцца да нас, залежыць, які настаўнік будзе заўтра ва ўстановах адукацыі, — гэта аксіёма. Нам патрэбныя маладыя людзі з педагагічнымі схільнасцямі, з жаданнем вучыць іншых, лідарскімі якасцямі, уменнем камунікаваць і выстройваць стасункі з іншымі. Матывацыя да прафесіі — вось што, напэўна, самае важнае. Быць настаўнікам — адна з найскладанейшых задач, і добра, калі ў старшакласнікаў яшчэ ў школе ёсць магчымасць праверыць правільнасць свайго выбару. Не канстатаваць на трэцім-чацвёртым курсе, што ты памыліўся, а пераканацца ў сваіх здольнасцях і схільнасцях яшчэ падчас першых педагагічных спроб, зробленых у школе.
Кожны трэці
У мінулым навучальным годзе профільныя педкласы скончылі 2182 чалавекі. 630 з іх атрымалі рэкамендацыі педсаветаў, якія даюць права паступаць на адпаведныя спецыяльнасці без экзаменаў — толькі па выніках гутаркі. Гэта 30 % ад агульнай колькасці выпускнікоў, хоць па рэгіёнах лічбы істотна адрозніваюцца: так, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях рэкамендацыі атрымалі больш за 40 % выпускнікоў педкласаў. У Мінску — 18 %, хоць менавіта ў сталіцы найбольш востра адчуваецца дэфіцыт настаўнікаў пачатковых класаў і педагогаў дашкольнай адукацыі, а ў Віцебскай вобласці яшчэ менш — толькі 16 %. «Мы лічым, што 30 % па краіне — гэта добры паказчык, які сведчыць, што педагагічныя саветы не раздаюць рэкамендацыі ўсім запар, а ацэньваюць прафесійную матывацыю сваіх вучняў», — падкрэслівае Аляксандр Жук.
Гэта важна!
Права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў ёсць толькі ў тых выпускнікоў педагагічных класаў, хто мае па ўсіх прадметах у атэстаце адзнакі ад 7 да 10 балаў, а па профільных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, — не менш за 8. Да таго ж вучні павінны атрымаць разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі для паступлення. На сайце «Педагагічныя класы» ў раздзеле «Пытанні, што часта задаюць» можна прачытаць пра тое, як праходзіць гутарка і якія дзейнічаюць крытэрыі ацэньвання яе вынікаў.
Трэба заўважыць, што тры гады таму магчымасць залічэння выпускнікоў педкласаў пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці без здачы ЦТ, толькі па выніках гутаркі, у грамадстве ўспрынялі па-рознаму. У прыватнасці, выказваліся думкі, што ім далі занадта вялікія льготы. Маўляў, у педагагічны ўніверсітэт пойдуць усе без разбору, у тым ліку і тыя, хто не можа добра здаць цэнтралізаванае тэсціраванне.
У Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па выніках гутаркі, без экзаменаў, былі сёлета залічаны на першы курс 132 выпускнікі педкласаў. Яшчэ 62 чалавекі не скарысталіся льготай і здавалі ЦТ. Такім чынам, студэнтамі сталі калі 200 навучэнцаў профільных класаў, гэта прыблізна чвэрць ад агульнага набору на першы курс.
— Хацелася б падкрэсліць, што ў БДПУ ідуць добра падрыхтаваныя выпускнікі педпрофілю з сярэднім балам школьнага атэстата не менш за 8,5, — кажа Аляксандр Жук. — А ў многіх сярэдні бал перавышае 9. Па выніках апошняй сесіі, што вельмі важна, сярэдні бал у студэнтаў — выпускнікоў педкласаў склаў 8 з 10 балаў. Гэта супастаўляльна з сярэднім балам студэнтаў з кола медалістаў, якія таксама паступаюць у педуніверсітэт без экзаменаў. А ў асноўнай масы студэнтаў сярэдні бал на сесіі быў 6,8, гэта значыць, што ў студэнтаў, якія навучаліся ў педкласах, паспяховасць у ВНУ на адзін бал вышэйшая!
Першы досвед
Неабходнасць стварэння партфоліа была калісьці самым складаным момантам падчас навучання ў педкласе. Але ў параўнанні з папярэднімі гадамі ў выпускнікоў 2019 года такія работы вылучаліся сістэмнасцю, вялікім аб'ёмам і наяўнасцю ўсіх рэкамендаваных раздзелаў. Навучэнцы пацвердзілі, што работа над партфоліа дапамагае ім правесці самадыягностыку ўласных педагагічных здольнасцяў, адрэфлексаваць сваю педагагічную дзейнасць, прывучае да пастаяннай фіксацыі дасягненняў і няўдач.
Навучэнцы, якія праходзілі субяседаванне, маюць вопыт узаемадзеяння, вылучаюцца камунікабельнасцю, упэўненасцю ў сабе, у іх больш развітыя аратарскія навыкі, эмацыянальны інтэлект, здольнасць працаваць у камандзе — так званыя soft skіlls, навыкі ХХІ стагоддзя, патрэбныя ў штодзённым і прафесійным жыцці.
Абсалютная большасць іх ужо маюць вопыт навукова-даследчай работы, з'яўляюцца ўдзельнікамі адпаведных канферэнцый рознага ўзроўню (ад школьнага да рэспубліканскага), што яны пацвердзілі дыпломамі і пасведчаннямі, якія прыклалі да сваіх партфоліа.
Будзь у курсе!
Усе навучэнцы педагагічных класаў і груп наведваюць факультатыўныя заняткі «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Вось што кажуць яны самі. «Дзякуючы ім я стаў больш упэўненым». «Асабліва каштоўныя для мяне былі веды і ўменні ў галіне кіравання канфліктамі і міжасабовага ўзаемадзеяння». «Педагагічныя спробы былі новым і цяжкім для мяне досведам. Не думала, што настаўнік павінен так шмат зрабіць, каб правесці ўрок». «Педагагічны клас — ідэальная знаходка для навучэнцаў, якія мараць пра паступленне ў педагагічны ўніверсітэт».
— Мы ўважліва сочым за тым, хто да нас прыйшоў, ці не было гэта памылкай. Што вельмі радуе, дык гэта сацыяльная актыўнасць выхаванцаў педкласаў, іх лідарскія якасці, гатоўнасць браць на сябе адказнасць. Сярод іх шмат старастаў вучэбных груп. Дэканаты спецыяльна высвятляюць, хто навучаўся ў педкласе, каб вызначыцца з кандыдатурамі. Яны задзейнічаны ва ўсіх нашых найважнейшых мерапрыемствах, адукацыйных і сацыяльных праектах, далучаюцца да прафсаюзных спраў, валанцёрскага руху, працуюць у студатрадах, удзельнічаюць у «зорных паходах», творчым і спартыўным жыцці ўніверсітэта, — падкрэслівае Аляксандр Жук. — А студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі стварылі ва ўніверсітэце клуб выпускнікоў педагагічных класаў. У іх ёсць агульная платформа, што аб'ядноўвае, яны пачынаюць групавацца ў своеасаблівае братэрства. Праект «Стаць студэнтам на адзін дзень» — таксама ініцыятыва выпускнікоў педкласаў.
Асаблівая катэгорыя
У БДПУ адсочваюць, як адаптуюцца першакурснікі да адукацыйнага працэсу. Штогод у лютым пасля заканчэння зімовай сесіі праводзяць спецыяльнае анкетаванне. «Ці ўпэўнены вы ў гэты момант у правільнасці свайго выбару педагагічнай прафесіі?» — запыталіся ў выпускнікоў педкласаў. Станоўчы адказ далі 68 % апытаных, а 32 % паведамілі, што ў іх было яшчэ недастаткова часу для таго, каб гэта ацаніць. На пытанне «Калі б у вас была магчымасць зноў паступаць ва ўніверсітэт, ці выбралі б вы тую ж спецыяльнасць?», 81 % далі адназначна станоўчы адказ.
Пацікавілася ў «навабранцаў» і тым, як яны спраўляюцца з вучэбнай нагрузкай. Вынікі апытання сведчаць, што выпускнікі педкласаў пазіцыянуюць сябе як моцныя студэнты. 42 % спраўляюцца без праблем. Яшчэ 34 % таксама спраўляюцца, але прызнаюцца: думалі, што будзе прасцей. 14 % не заўсёды спраўляюцца з-за ўласнай неарганізаванасці, і толькі 10 % апытаных канстатавалі, што вучоба даецца ім з вялікімі цяжкасцямі ў сувязі з вялікім аб'ёмамі падрыхтоўкі да заняткаў.
На пытанне «Ці дапамагло вам навучанне ў педкласе прасцей адаптавацца да вучэбнага працэсу ва ўніверсітэце?» 20 % адказалі, што вельмі дапамагло, 46 % адказалі «так», 24 % — «часткова» і толькі 10 % далі адмоўны адказ.
— Мы ўсведамляем усю ступень адказнасці за стварэнне ў нашым універсітэце адпаведнага адукацыйнага асяроддзя для падрыхтоўкі педагогаў новага пакалення, — запэўнівае Аляксандр Жук. — Выпускнікі педкласаў — асаблівая катэгорыя студэнтаў, з якімі трэба працаваць па-новаму. Яны ўжо маюць першасны вопыт педагагічнай дзейнасці, уяўленне пра спецыфіку педагагічнай прафесіі, веды, навыкі і кампетэнцыі, неабходныя паспяховаму педагогу.
А хто галоўны?
Цікава было даведацца, а што будучыя педагогі думаюць пра сённяшнюю школу? Якой яны яе бачаць? Міхаіл КУДЗЕЙКА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій Інстытута павышэння кваліфікацы і перападрыхтоўкі БДПУ, прапанаваў школьнікам пакласці ў «мех шчасця» ўсё, што можа, на іх погляд, зрабіць школу больш шчаслівай. А дапамагала яму ў гэтым Таццяна КАЛОДЗІЧ, вучаніца выпускнога класа пінскай сярэдняй школы № 11. Як прызнаецца дзяўчына, калісьці яна нават не магла сабе ўявіць, што зможа працаваць з дзецьмі, бо звычайны адказ каля дошкі быў для яе магутным стрэсам. А сёння гэта ўпэўненая ў сабе вучаніца педгрупы, у якой за плячыма багаты вопыт валанцёрскай дзейнасці, работа ў гарадскім дзіцячым парламенце.
— Гэтым летам я знаходзілася ў Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» ў ролі члена валанцёрскага атрада «Крылы», — кажа яна. — Маёй задачай была дапамога ў арганізацыі адпачынку дзяцей малодшага ўзросту — ад 6 да 9 гадоў. У атрадзе былі самыя маленькія, і гэта быў для мяне проста неверагодны педагагічны досвед. Яны давяраюць табе цалкам. Асабліва цяжка ім у пачатку змены, калі малыя яшчэ сумуюць па сваіх бацьках, і напрыканцы, калі яны зноў сумуюць. Вось тут і патрэбна дапамога валанцёраў. Менавіта ў «Крылах» я яшчэ раз пераканалася, што хачу стаць педагогам, паступіць у БДПУ, таму што гэта справа мне па душы. Я разумею, што абрала няпросты шлях: для таго каб стаць сапраўдным педагогам, трэба набыць шмат прафесійных навыкаў, але ўсё ў маіх руках.
На думку Таццяны і іншых юнакоў і дзяўчат, што навучаюцца ў педагагічных класах, шчаслівая школа немагчымая без супрацоўніцтва і прафесіяналізму настаўніка. Яны вельмі высока ставяць аб'ектыўнасць у адносінах і прыняцце розных пунктаў погляду, адсутнасць дыскрымінацыі і ціску з боку настаўніка, уменне суперажываць, паважлівае стаўленне да ўсіх вучняў незалежна ад іх здольнасцяў, эмацыянальны і псіхалагічны камфорт, заахвочванне інтарэсаў дзіцяці, свабоду выбару прадметаў, змяншэнне вучэбнай нагрузкі. Цікава, што такія моманты, як тэхнічная абсталяванасць школы і адмена школьнай формы, згадваліся далёка не ў першую чаргу. Дзеці адчуваюць, што не яны галоўныя, што школа не для іх, яны толькі сродак. А вучні хочуць, каб з імі размаўлялі, каб дапамаглі рэалізаваць свой патэнцыял, ім нецікава быць толькі сродкам для добрых паказчыкаў школы.
«А што вы самі можаце зрабіць як будучыя настаўнікі?» — запытаўся ў старшакласнікаў Міхаіл Кудзейка. «Мы можам быць аб'ектыўнымі», «Развіваць у сваіх вучнях упэўненасць ва ўласных сілах», «Слухаць і чуць іншага», «Быць талерантнымі», «Быць крэатыўнымі і заахвочваць крэатыў з боку сваіх выхаванцаў», «Паважаць іх і разумець», — пасыпаліся адказы. «Віншую, вы вынайшлі рэцэпт школьнага шчасця — у школе павінен быць найперш пазітыў. Шчасце — гэта калі табе рады, вераць у твае магчымасці і табе давяраюць», — падсумаваў дыскусію выкладчык.
Даведка
Першыя 102 педагагічныя класы і групы былі адкрыты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў 2015/2016 навучальным годзе. На наступны год іх колькасць павялічылася ўтрая. Цяпер ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуюць ужо 438 педагагічных класаў і груп, у якіх навучаюцца 4036 чалавек. Лідзіруе па гэтым паказчыку Гродзенская вобласць — у рэгіёне дзейнічаюць 93 педагагічныя класы, у якіх навучаюцца 835 чалавек. Далей ідзе Мінская вобласць — 92 класы і 767 навучэнцаў. У іншых рэгіёнах і ў сталіцы колькасць класаў вар'іруецца ад 45 да 59.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота аўтара і прэс-службы БДПУ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!