Вы тут

Чаму варта паглядзець фільм «Ford супраць Ferrarі» Джэймса Мэнгалда


У кінапракаце знайшоўся чарговы жыццесцвярджальны сюжэт аб тым, як немагчымае можа стаць магчымым, — фільм «Ford супраць Ferrarі» Джэймса Мэнгалда. Складана прайсці міма, таму што тут прыгожыя машыны, гонкі і Крысціян Бэйл, а ён Бэтман. Карціна заснавана на рэальнай гісторыі поспеху і паказвае прафесіяналаў сваёй справы на фоне вялікіх карпарацый — наколькі гэта розныя светы і мэты і наколькі сапраўдныя героі шырэйшыя за ўладных людзей з іх простай матывацыяй. Фільм вядзе праз вялікія кабінеты дырэктараў і гаражы інжынераў, каб расказаць, як ажыццявілася дзёрзкая задума кампаніі Ford пераўзысці на французскіх гонках у Ле-Мане іх нязменнага лідара Ferrarі.


Праўда, «дзёрзкая задума» — выраз хутчэй для анатацыі, але яго рамантычны арэол блякне, калі аказваецца, што жаданне абыграць італьянскага калегу, згодна з сюжэтам, узнікла ў дырэктара кампаніі Ford з-за асабістай крыўды. (Як можна прадбачыць, сатысфакцыя надыдзе).

Тым не менш рамантыкі ў «Ford супраць Ferrarі» ўсё роўна хапае. Увесь фільм будуецца з пункту гледжання такой галівудскай кіношнасці — рызыка, сантыменты, пафас; думаю, па ўзроўні эфектнасці сцэны і фільтраваліся, а гледачу толькі гэта і трэба. Але ёсць тут нешта багацейшае за кураж гонак і заўзенне за Бэтмана. Ёсць падводка пад тое, як таленты, няважна ў чым, робяць цуды, а ўладныя людзі хочуць гэтыя цуды выкарыстаць, адрэдагаваць і падладзіць пад сябе. І калі саступіць, можна не паспець адыграцца.

Галоўныя героі — былы гоншчык Кэрал Шэлбі, які не можа ганяць з-за рызыкі спынення сэрца, і актуальны гоншчык — запальчывы, сабе наўме Кен Майлз. Усе персанажы рэальныя, толькі з галівудскім налётам, герояў сыгралі Мэт Дэйман і Крысціян Бэйл. У пэўны момант дырэктару Ford спатрэбілася тэрмінова стварыць гоначны аўтамабіль пад маркай сваёй кампаніі і перамагчы на ім на прэстыжных гонках у Ле-Мане. Прадстаўнік кампаніі звяртаецца да Шэлбі, і той набірае для выканання амбіцыйнай задачы каманду, куды ў першую чаргу чакае Кена Майлза. З Кенам Майлзам усё не так проста: ён асаблівы, няпросты ў стасунках і не падабаецца аднаму з топ-менеджараў Ford, таму на працягу фільма яго талент, скажам так, адчуваць машыну будзе рэгулярна папірацца.

Фільм увогуле робіць стаўку на гэтага персанажа. У яго абавязкова павінен быць канфлікт з навакольным светам, і ён ёсць, бо Кен дазваляе сабе дзёрзкасць і быццам бы не падыходзіць пад прыдатны для маркетынгу вобраз гоншчыка Ford. У яго павінна быць сям'я, праз якую глядач будзе перажываць за героя, і яна ёсць і ўвесь час пытаецца пра тармазы (у Шэлбі сям'і альбо няма, альбо мы яе не бачым, ён таксама выступае як лінза, праз якую мы глядзім на Майлза). У яго павінна быць «непарушнае» мінулае, і гэта салдацкія дарогі Другой сусветнай вайны. У яго павінны быць запал і гонар, і яны таксама ў Майлза ёсць.

Цудоўна ў карціне паэтызуецца сфера механікі, да якой мы прызвычаіліся ставіцца як да простых лічбаў, маўляў, гэта патрэбна, але сумна. Па-першае, апавяданне закальцоўваецца ў кранальную цытату пра язду на сямі тысячах абаротаў томным паўшэптам — усё вакол знікае, прападае аўтамабіль, застаешся толькі ты, што нясешся ў прасторы і часе, і тады ты задаеш сабе пытанне, хто ты такі. Па-другое, мы з шырока раскрытымі вачыма сочым за стварэннем гоначнай машыны і разумеем, што гэта паходзіць з нейкай надзвычайнай сферы, такой жа, як музы на Геліконе альбо тайна стварэння шэдэўра музыкі. І галоўнае: супярэчлівая асоба Майлза, які не падыходзіць пад чаканні і азначэнні, ясна дае зразумець, што талент, у механіцы таксама, вырашае ўсё — і тое, што можна купіць, і тое, што нельга.

І прыгожыя машыны, і гонкі ў фільме, канешне, ёсць, але чакаць «Фарсажу» не варта. Пакуль немагчымае па замове карпарацыі робіцца магчымым, гэтая ж карпарацыя праяўляе непрыгожае самадурства. І мы бачым, колькі светаў можа хавацца ў тых, хто проста робіць сваю справу, і як часам складана ўладным людзям уціснуцца нават у адзін. Аўтамабілі, амбіцыі, Ford — быццам бы толькі нагода альбо фон, каб перадаць велічыню чалавека, заслугі якога хапіла розуму ацаніць толькі некаторым. У прыватнасці, уладальніку Ferrarі, які ў рэшце рэшт прайграў.

Жыццесцвярджальная гісторыя апроч іншага непрыхавана прызваная паказаць, як амерыканцы чарговы раз перамаглі: у 1940-х, маўляў, дайшлі да Берліна, а ў 1960-х перасягнулі «макарошкаў» на трасе ў Ле-Мане. Але прыбраць усё лішняе — назвы кампаній, нацыі і краіны, — і застанецца толькі талент Кена Майлза. І Шэлбі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».