Вы тут

Якія праблемы хвалююць жыхароў Брэсцкай і Гомельскай абласцей?


Жыллёвыя і іншыя пытанні, што турбуюць жыхароў у рэгіёнах, задалі падчас прамых ліній

Пераважна жыллёвыя пытанні турбуюць жыхароў Гомельшчыны. Менавіта з імі звярталіся на прамую тэлефонную лінію, якую разам з прыёмам грамадзян у Веткаўскім раёне правёў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.


Першае тэлефанаванне паступіла з Гомеля. Заяўніца расказала, што летась работнікі ЖКГ пафарбавалі фасад аднаго з дамоў па вуліцы Кірава. Паводле слоў жанчыны, фарбавалі спачатку цокаль, затым фасад, і запэцкалі ніжнюю частку. Былі і іншыя парушэнні. Пасля завяршэння работ дольшчыкам выставілі рахунак, ён аказаўся даволі вялікім і не адпавядаў, на думку гамяльчанкі, аб'ёмам выкананых работ. «Другі год шукаем праўду ў ЖКГ, а яны сцвярджаюць, што расцэнкі цалкам апраўданыя», — скардзілася жанчына. Для вырашэння пытання старшыня аблвыканкама даручыў стварыць камісію. «Паглядзім усе акты, прааналізуем аб'ёмы работ, каб разабрацца», — падкрэсліў ён.

З аграгарадка Дуброва Светлагорскага раёна патэлефанавала інвалід 2-й групы. Жанчына расказала, што жыве ў доме, які належыць сельгаспрадпрыемству, у якім раней яна працавала даяркай. Паводле слоў заяўніцы, вокны ў доме ў дрэнным стане — амаль не зачыняюцца. «Трэба дапамагчы чалавеку, навесці парадак. У цяжкую хвіліну ён не павінен заставацца сам-насам з праблемай, якая яго хвалюе», — агучыў пазіцыю Генадзь Салавей.

Жыхарка вёскі Хальч Веткаўскага раёна паскардзілася, што на вуліцы не гараць ліхтары. «Ідзеш з работы — вельмі цёмна, спатыкаешся», — растлумачыла яна. Кіраўніцтву Веткаўскага раёна пастаўлена задача разабрацца.

Дачніца з вёскі Прысно Веткаўскага раёна прасіла разгледзець магчымасць устанавіць дадатковы прыпынак грамадскага транспарту ў гэтым населеным пункце. Паводле яе слоў, адлегласць паміж тымі, што маюцца, вельмі вялікая. Пытанне вывучаць спецыялісты «Гомельаблаўтатранса» і дарожных службаў.

Датэлефанавалася на прамую лінію і мама дзевяцікласніцы школы № 1 Веткі. Жанчына падзякавала адукацыйнай установе, настаўніку фізкультуры і трэнеру па скалалажанні Яўгену Беляцкаму за якасную падрыхтоўку дзяцей, іх падтрымку і матывацыю.

А вось у жыхароў Іванава іншая праблема — у мясцовай паліклініцы не хапае неўролагаў. Яе ўдалося вырашыць непасрэдна падчас правядзення памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Брэсцкай вобласці Анатолем Маркевічам прамой тэлефоннай лініі.

Жыхарка райцэнтра расказала, што каб трапіць да неўролага ў мясцовай паліклініцы, трэба чакаць месяц. Тое, што праблема існуе, пацвердзіла прадстаўнік адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы, бо ў цяперашні час два спецыялісты павышаюць сваю кваліфікацыю. Пацыентаў у асноўным прымаюць урачы агульнай практыкі, а таксама спецыялісты ў паліклініках Пінска і Брэста. Яшчэ адзін неўролаг вельмі патрэбны, пагадзіліся ў ЦРБ.

«Добра, што вашы спецыялісты павышаюць кваліфікацыю. Але людзі ад гэтага не павінны пакутаваць. Дрэнна, што вы не прынялі мер для таго, каб пацыенты, якія маюць патрэбу ў абследаванні ці кансультацыі, маглі гэтую дапамогу атрымаць — не праз два тыдні ці месяц, а аператыўна, — падкрэсліў Анатоль Маркевіч. — Чалавеку трэба сабрацца і выехаць у Брэст ці Пінск. Ці не прасцей спецыялісту прыехаць на месца і правесці прыём?»

У студзені з перападрыхтоўкі вернуцца два ўрачы і сітуацыя з неўралагічнай дапамогай у Іванаве павінна змяніцца. А ў лістападзе—снежні сюды накіруюць спецыялістаў з іншых клінік. Такая дамова была дасягнута падчас тэлефоннай размовы з начальнікам галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктарам Міхалоўскім.

Падчас прамой тэлефоннай лініі Анатоль Маркевіч адказаў і на іншыя пытанні, якія датычыліся льгот для інвалідаў пры аплаце камунальных паслуг, павышэння працоўных пенсій пэўным катэгорыям грамадзян, выкарыстання чэкаў «Маёмасць», арэнды зямельных участкаў. Пасля памочнік прэзідэнта правёў прыём па асабістых пытаннях.

Паводле БелТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Калі работа і расцэнкі ЖКГ не задавальняюць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На ўік-энд — па «жывыя вітаміны»

На ўік-энд — па «жывыя вітаміны»

Традыцыйны восеньскі кірмаш у Гомелі.

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».