Вы тут

Як сёння рэабілітуюць нарказалежных


У Беларусі пад наглядам урачоў знаходзіцца больш за 12,8 тысячы нарказалежных. Але спецыялісты заўважаюць, што насамрэч іх значна больш: каля 88,5 тысячы чалавек ужываюць наркотыкі калі не сістэматычна, то эпізадычна. Нягледзячы на тое, што на сітуацыю з наркаспажываннем істотна паўплывала рэалізацыя Дэкрэта № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» і колькасць нарказалежных паступова зніжаецца, рызыка ўсё ж застаецца. У прыватнасці, транзіт наркатычных рэчываў праз нашу краіну павялічваецца. Ці патрэбна паслабленне па «наркатычным» артыкуле Крымінальнага кодэкса і як рэабілітуюць сёння нарказалежных, у прыватнасці, ці могуць яны разлічваць на працаўладкаванне, расказалі спецыялісты.


— Мінск знаходзіцца на «перадавой» наркатычнай праблемы. На ўліку стаіць 5181 чалавек, — расказвае намеснік галоўнага ўрача па амбулаторным раздзеле работы Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Жанна Істоміна. — Дапамога нарказалежным аказваецца як на ўмовах пастаноўкі на ўлік з афармленнем медыцынскай дакументацыі і занясеннем усіх асабістых звестак, так і платна на ананімнай аснове без сацыяльных наступстваў.

У апошнім выпадку чалавек мае права не адкрываць свой наркалагічны статус, а атрымаць медыцынскую дапамогу ананімна, і гэта, як лічыць Жанна Істоміна, вялікі плюс, асабліва для тых, хто яшчэ сацыялізаваны, не страціў сувязі з грамадствам і можа выконваць свае сацыяльныя функцыі.

Першую дапамогу наркаспажыўцы атрымліваюць амбулаторна. Кабінеты ў Мінску размяшчаюцца па 18 адрасах, і ў хуткім часе будзе адкрыты 19-ы. У наяўнасці шэсць стацыянарных аддзяленняў, дзе нарказалежныя могуць прайсці праграму дэтоксу (так званае зняцце ломкі). Працуюць і чатыры кабінеты, спецыяльна вылучаныя для прыёму наркаспажыўцоў, па вуліцах Маякоўскага і Перадавой. Там пацыенты атрымліваюць дапамогу на амбулаторным этапе: прыём урача-нарколага, які прызначае лячэнне, а таксама кансультацыю псіхолага.

Калі не дапамагае амбулаторнае лячэнне, пацыенту прапануюць стацыянарнае. Калі яно праходзіць паспяхова, нарказалежнага чакае рэабілітацыя. У сталічным наркадыспансеры працуюць дзве кароткатэрміновыя праграмы, разлічаныя на 28—30 дзён. Адна з іх ананімная платная — «Вясёлка», якая дзейнічае ўжо больш за дзесяць гадоў.

— Гэта адна з самых першых праграм рэабілітацыі наркаспажыўцоў у Беларусі. У нас вялікі вопыт, і вывучаць нашы рэабілітацыйныя праграмы прыязджаюць нават калегі з Расіі. На сённяшні дзень паказчык рэмісіі (невяртання да наркаспажывання на працягу трох гадоў) у нас большы за 40 %. Гэта добрая лічба нават у сусветным маштабе, бо па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не вяртаюцца на працягу жыцця да наркотыкаў ад трох да дзесяці працэнтаў былых нарказалежных, — кажа Жанна Істоміна. — Таму добра, што хоць на нейкі тэрмін у нас атрымліваецца вярнуць наркаспажыўцоў у грамадства.

Другая праграма бясплатная — для тых, хто знаходзіцца на ўліку. З пацыентамі тут таксама працуюць псіхолагі, псіхатэрапеўты, якія вучаць жыць без псіхаактыўных рэчываў.

— Для людзей, якія паспрабавалі ўсе віды лячэння і нічога не дапамагло, якія не могуць сысці ад вулічных наркотыкаў (гэта так званыя інкурабельныя пацыенты), у нас ужо больш за дзесяць гадоў працуе праграма замяшчальнай метадонавай тэрапіі. Цяпер у Мінску працуюць два кабінеты: па вуліцах Маякоўскага і Перадавой. Мы літаральна стаім на парозе адкрыцця трэцяга кабінета па праспекце газеты «Праўда».

Сёння ў праграме замяшчальнай тэрапіі ў Мінску задзейнічана каля 150 чалавек. За час яе работы пацыенты выходзілі замуж і жаніліся, аднаўлялі былыя сем'і, яны працуюць, нараджаюць дзяцей. Адна з умоў уключэння і знаходжання ў праграме для носьбітаў ВІЧ — прымаць антырэтравірусныя (АРВ) прэпараты. Сярод наркаспажыўцоў назіраецца рост ВІЧ-інфекцыі. Але ўсе пацыенты з ВІЧ у метадонавай праграме знаходзяцца і на АРВ-тэрапіі.

— У грамадстве, на жаль, ёсць пэўная стыгма. У нас праблемы з мясцовым насельніцтвам (у месцах, дзе знаходзяцца наркалагічныя кабінеты. — «Зв».). Нашы пацыенты гаварлівыя, шумныя — у іх такі псіхатып. І многім навакольным здаецца, што яны знаходзяцца ў ап'яненні, што яны збіраюцца зрабіць нешта дрэннае. Нам перыядычна паступаюць скаргі. Па адным з нашых адрасоў жыхары нават устанавілі некалькі камер для кругласутачнага назірання за нашымі пацыентамі. Але паверце, у нашых пацыентаў зніжаецца колькасць правапарушэнняў. Мы адводзім іх ад вулічных наркотыкаў, і яны не здзяйсняюць злачынствы. Лічу, што такая праграма павінна працаваць як адзін з варыянтаў сацыялізацыі і рэсацыялізацыі пацыентаў, якія маюць наркатычную залежнасць, — падкрэсліла Жанна Істоміна.

Кароткатэрміновыя рэабілітацыйныя праграмы існуюць і ў рэгіёнах — ва ўсіх абласных цэнтрах. Больш доўгая праграма магчымая ў РНПЦ псіхічнага здароўя, дзе нядаўна адкрыўся эксперыментальны цэнтр працяглай рэабілітацыі нарказалежных. Працэс аднаўлення ўключае медыцынскую частку і сацыяльную. Пасля выпіскі са стацыянара з пацыентам працягваюць займацца спецыялісты сацыяльных і іншых службаў.

Як адзначае начальнік палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун, людзям з нарказалежнасцю аказваюць сацыяльныя паслугі, а таксама дапамагаюць у працаўладкаванні. У аказанні сацыяльных паслуг задзейнічаны тэрытарыяльныя цэнтры, дзе можна атрымаць бясплатную кансультацыю юрыста і псіхолага.

— Пытанне працаўладкавання дазваляе ацаніць паспяховасць рэсацыялізацыі людзей з нарказалежнасцю. Нашу работу будуем на добраахвотным заяўляльным прынцыпе. Кожны можа звярнуцца ў службу занятасці. Калі навыкі прафесіі не страчаны, мы акажам дапамогу ў працаўладкаванні, можам дапамагчы атрымаць новую спецыяльнасць. Усе паслугі аказваюцца бясплатна. Сёлета да нас звярнулася дзевяць чалавек, якія прайшлі лячэнне ад нарказалежнасці, чатыры з іх працаўладкаваны.

Як дадала Жанна Істоміна, урад прыняў адпаведную пастанову, згодна з якой падыход да працаўладкавання былых нарказалежных стаў больш лаяльны. Калі раней такі чалавек не мог уладкавацца на многія віды работ, то цяпер сітуацыю з кожным разглядаюць індывідуальна.

Канцэпцыя змякчэння антынаркатычных артыкулаў, у прыватнасці ў дачыненні да непаўналетніх, пакуль абмяркоўваецца. Тым не менш існуючае заканадаўства прадстаўнікі МУС лічаць эфектыўным.

— Тыя меры, якія прымаліся па стабілізацыі абстаноўкі і недапушчэнні распаўсюджання наркотыкаў, аказаліся эфектыўнымі. Заканадаўства дазваляе нам уносіць у пералік забароненых усе новыя наркотыкі, якія з'яўляюцца: 98 % наркотыкаў, якія ёсць у свеце, забаронены ў нас, у Беларусі. Закупляюцца сучасныя прыборы і прэпараты, якія дазваляюць вызначыць забароненыя рэчывы ў біялагічных асяроддзях. Усё гэта дапамагае стварыць парог і не дапусціць забароненыя рэчывы ў Беларусь, — лічыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Андрэй Саладоўнікаў.

За 10 месяцаў гэтага года ў падраздзяленні Следчага камітэта паступіла 4204 паведамленні аб злачынствах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Заведзена 3946 крымінальных спраў па артыкуле 328. У суд за гэты перыяд накіравана 1423 крымінальныя справы па гэтым артыкуле. Сёлета да адказнасці прыцягнута 1870 чалавек, 968 утрымліваецца пад вартай, у тым ліку 28 непаўналетніх.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Выйсці з «небяспечнай гульні»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».