Вы тут

Пачуццёвасць Карэнінай пад харэаграфічным лакаматывам


Давайце прызнаем шчыра: гэтая Ганна Карэніна ўсё ж з часоў Талстога. Стварыўшы вобраз жанчыны, якая не стрымлівае свае пачуцці і ахвяруе сямейным спакоем, аўтар рамана ўяўляў гераіню, чыя адкрытая жарсць — выклік прынятым догмам і маралі. Вользе Костэль, стваральніцы балета «Ганна Карэніна», прэм'ера якога адбылася ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі, трэба было пастарацца абгрунтаваць гэтую лінію, бо ў ХХІ стагоддзі акцэнты ў прыняцці пачуццёвасці змясціліся, і па вялікім рахунку не трэба даказваць, што жанчына — таксама чалавек і нішто чалавечае яе не абмінае... І калі ў часы Талстога сам вобраз Ганны быў выклікам (пісьменнік яе паспрабаваў зразумець), то ў наш час кожны каваль свайго шчасця не абавязкова шукае нейкага апраўдання. Прытым што і цяпер застаецца справядлівым вось гэта, талстоўскае: «Усе шчаслівыя сем'і падобныя адна на адну, кожная няшчасная сям'я няшчасная па-свойму»...


Гэтая думка стала адпраўным пунктам балета Вольгі Костэль. І з першай жа сцэны яна прамаўляецца літаральна як у Талстога, калі Аблонскі, у доме якога «ўсё змяшалася», прачынаецца на канапе ў піжаме. Яму ёсць пра што разважаць: сям'я, дзеці, жонка — свет, які можа быць шчаслівым і такім крохкім. І мы гэта адчуваем адразу. Бо цяпер нам наогул здаецца надта крохкім тое жыццё, што было на адлегласці ў паўтара стагоддзя. Дух некалі жывых панскіх сядзіб можна адчуць якраз дзякуючы мастацкім творам пра той час (а ў спектаклі — праз сцэнаграфічнае рашэнне Аляксандра Касцючэнкі, дзе дэкарацыі не ціснуць, а захоўваюць прастору і паветра для пачуццяў). Крохкія вобразы вытанчаных паненак у доўгіх сукенках — праз іх знешнюю стрыманасць прарываецца энергія жаноцкасці, і гэта датычыцца не толькі Ганны (мастак па касцюмах Ніна Гурло падкрэслівае прыналежнасць да эпохі). А якія крохкія насамрэч уяўленні пра гонар, прыстойнасць, сужэнскія абавязкі, і хіба што боль дзіцяці няшчасных бацькоў застаецца драмай на ўсе часы.

Аўтар лібрэта і харэаграфіі ўсё гэта разумела. Таму вярнулася ў эпоху, пра якую пісаў Талстой, падаўшы яе і праз музыку. Прытым што можна было ўзяць балет больш сучасны і цэльны (Радзівона Шчадрына), Вольга Костэль і дырыжор-пастаўноўшчык Андрэй Галанаў адмыслова падбіралі музыку Пятра Чайкоўскага, якая б дапамагла праілюстраваць задуму. І так, гэта не балет Чайкоўскага (як музычны твор), гэта балет Костэль (як харэаграфічная пастаноўка) пра жанчыну той эпохі, якая, абраўшы пачуцці, рызыкуе страціць сябе як маці. Таму вобразы дзяцей выразныя ў першым акце пачынаючы з сям'і Аблонскіх, на фоне якой няшчасце сям'і сына Ганны далей выглядае сапраўднай катастрофай.

З чаго пачыналася і як развівалася катастрофа, нам апавядаюць даволі дакладна. Хто не чытаў раман, зразумее яго асноўныя калізіі за некалькі гадзін спектакля (прытым што кнігу даводзіцца чытаць некалькі дзён).

Ганна ў выкананні Людмілы Уланцавай — эфектная, прывабна-спакуслівая паненка, якая прыцягвае ўвагу пры першым жа з'яўленні на сцэне. Зразумела, чаму Вронскі (яго партыю танцаваў Эвен Капітэн) звяртае ўвагу на яе. Пара атрымалася гарманічная, адлюстраваўшы ўвесь спектр пачуццёвасці ад захаплення да згасання кахання, у якое сапраўды верыш: усё, што адбываецца паміж ім і ёй, падаецца і эратычна, і ў той жа час без пошласці і лішняй аголенасці, якая ў балеце нікога не здзівіла б. Аголеная нага для дамы таго часу — ужо эротыка, але ў самім малюнку танца чыталася і пяшчота, і напружанне, і выклік, і рашучасць. І эратызм не ў сэнсе разняволенасці жанчыны, што наплявала на прынятую мараль, а як метафара адчайна закаханай. А знакі нядобрых прадчуванняў станавіліся больш выразныя ў адносінах пары праз рухі выканаўцаў па меры развіцця дзеі.

І так, на кантрасце сапраўды механістычнымі выглядалі дзеянні Карэніна ў выкананні Канстанціна Кузняцова. Яго герой, магчыма, успрымаўся крыху з жалем (ну не жалезны чалавек!..), але ў выніку сімпатыі не выклікаў: зняслаўлены муж становіцца тыранам для маленькага сына. Няяркая партыя ў Карэніна з пункту гледжання харэаграфіі, але нудотнасць і стрыманасць рухаў тлумачаць шмат што ў адносінах гэтай сям'і — і часам не трэба шмат словаў.

А як апісаць словамі сцэну таемнай сустрэчы Ганны з Сярожам, якая фактычна стала кульмінацыяй спектакля?.. Увесь мацярынскі боль і ўся яе жаноцкасць былі тут, побач з маленькім хлопчыкам, які моцна пакутуе. І што ў параўнанні з яго пакутамі перажыванні Ганны ад халоднасці Вронскага, які становіцца ўсё больш рэзкі, каменны, і сыходзіць, пакідаючы яе адну ў свеце, поўным асуджэння? Без кахання, якое прымусіла сысці з аднойчы пракладзеных рэек і намацваць іншую каляіну невядома куды. Ды без галоўнай любові для жанчыны-маці, таго лакаматыва, які мог бы вывесці яе з цемры... І тады застаецца падпарадкавацца цягніку, поўнаму асуджэння, перастаць быць сабой ці проста перастаць быць (што раўназначна ў дадзеным выпадку).

Гэты акцэнт становіцца галоўным у фінале: жывы чалавек можа згубіць сябе ў грамадстве, дзе ўсё перадвызначана раз і назаўсёды, а любое адступленне ўбок — усё адно што смерць духоўная і фізічная ў выніку. Акцэнтаваўшы тэму дзіцяці, Вольга Костэль здолела наблізіць канфлікт Ганны Карэнінай да цяперашняга гледача.

Дзеці як радасць жыцця — гэта метафара і шчаслівага кахання Кіці (Первана Мырадава) ды Левіна (Іван Савянкоў). На фоне пастаральнага пейзажу — вёска, снапы, сялянскія матывы — далей ад гарадской мітусні з правіламі свету мы бачым: шчасце магчымае. І ў некага яно будзе. Пра тое, як драматычна Ганна пакінула свет (сцэну), хутка забудуцца, бо жыццё рушыць далей, па сваіх рэйках...

Балет Вольгі Костэль атрымаўся даволі «кніжны». І адчуванне пакідае такое ж. Як і кніга, ён патрабуе ўцягнутасці ў гісторыю герояў. Разам з тым ілюструе яе, пакідаючы вобраз таго самага цягніка, ад якога насамрэч ніхто не застрахаваны. Гэты вобраз здольны даганяць потым, калі выходзіш з тэатра і становішся на сваю каляіну.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Паўла СУШЧОНКА

Загаловак у газеце: Прыпынак для Ганны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».