77 гадоў таму, у лістападзе 1942-га, на беларускай зямлі была праведзена ўнікальная партызанская аперацыя — група народных мсціўцаў Брэсцкай вобласці захапіла варожы эшалон і пад чырвоным сцягам з баямі правяла яго па акупаванай ворагам тэрыторыі, раздаючы мясцоваму насельніцтву нарабаванае фашыстамі дабро.
Вясной 1942-га непадалёк ад Івацэвіч, у лясным урочышчы Гута-Міхалін з аб'яднаных партызанскіх груп сфарміраваўся партызанскі атрад імя Георгія Дзімітрава. Яго баявая дзейнасць праходзіла на тэрыторыі Косаўскага, Ружанскага і Бярозаўскага раёнаў. Дыверсійнай групай у атрадзе кіраваў Аляксандр Іванавіч Самуйлік, любоўна названы сярод баявых таварышаў «беларускім Чапаем» за падабенства з вядомым камандзірам дывізіі Грамадзянскай вайны, — закручаныя вусы і бязмежную смеласць. Родам Самуйлік быў з вёскі Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе да вайны працаваў старшынёй сельскага савета. Калі пачалася вайна, сельскі актывіст пайшоў у лес, дзе хавалася нямала савецкіх воінаў-акружэнцаў і мясцовых жыхароў. Патрыёты збіралі зброю і боепрыпасы, якія засталіся на месцах нядаўніх баёў, стваралі партызанскія групы, удзельнічалі ў баявых дзеяннях і дыверсіях супраць акупантаў.
У канцы восені 1942 года партызанскай разведкай было ўстаноўлена, што са станцыі Любяшоў Валынскай вобласці, размешчанай на левым беразе ракі Стаход — прытока Прыпяці — па вузкакалейцы фашысты рэгулярна адпраўляюць у горад Камень-Кашырскі чыгуначныя саставы з нарабаваным у мясцовага насельніцтва дабром, а затым вязуць яго ў Германію. Партызанам праз надзейных людзей стала вядома пра адпраўку фашыстамі ў найбліжэйшыя дні чарговага цягніка з нарабаванымі каляднымі падарункамі — збожжам, птушкай, мёдам, яйкамі. Камандзіру дыверсійнай групы Самуйліку паступілі прапановы партызан захапіць варожы эшалон і праехаць чыгункай па тылах фашыстаў з чырвоным сцягам.
Што і казаць, прапанова была прывабная: паспяхова праведзеная аперацыя магла даць трайны эфект: можна і таварышаў выратаваць ад адпраўкі ў нямецкую няволю, і нарабаванае дабро ў акупантаў адабраць, і паказаць людзям, што жывая яшчэ ўлада беларускага народа! Але надта ўжо рызыкоўная гэта справа, бо група будзе абмежаваная ў манеўрах, цалкам прывязаная да вузкакалейкі. Самая малая недакладнасць, самы нязначны промах пагражалі правалам усёй аперацыі. Тут, акрамя выключнай смеласці, патрабаваўся яшчэ і цвярозы, халодны разлік.
Для ажыццяўлення гэтай дзёрзкай аперацыі вырашылі адабраць добраахвотнікаў. Першы адгукнуўся адважны і знаходлівы разведчык Юрый Логінаў. Да вайны ён працаваў памочнікам машыніста на Паўднёва-Уральскай чыгунцы, добра разбіраўся ў тэхніцы. Па задуме аперацыі яму адводзілася месца машыніста паравоза. Апошні трэба было ў баі захапіць у ворага. У дыверсійную групу папрасілася і маладзёжная актывістка Ганна Рудзько. У атрадзе яна аднолькава добра ўмела страляць, кашаварыць, перавязваць раны. У склад выканаўцаў аперацыі таксама ўвайшлі Леанід Бяссонаўскі, Іван Уладзіміраў, Зіновій Абакумаў, Васіль Пукемаў, Іван Савін. Усе яны былі па-сапраўднаму ўніверсаламі: умелі паставіць міны, падарваць рэйкі, бясшумна зняць вартавога. З кожным з іх Аляксандр Самуйлік не раз бываў у баі, хадзіў на дыверсіі і таму быў упэўнены, што ў любой, самай нечаканай і рызыкоўнай сітуацыі яны не падвядуць.
5 лістапада 1942 года Самуйлік са сваёй групай апынуўся пад Любяшовам, дзе па просьбе партызан мясцовы жыхар Фелікс Рапятовіч ноччу напісаў на чырвоных палотнішчах плакаты. Затым актыўнымі баявымі дзеяннямі партызаны стварылі абстаноўку, каб у гітлераўцаў склалася ўражанне з'яўлення ў іх тыле ўзброеных атрадаў чырвонаармейцаў. З гэтай мэтай народныя мсціўцы вывелі са строю тэлефонную сувязь на двухкіламетровым участку Махро — Адрыжын, спалілі адміністрацыйны будынак пад Рудскам, знішчылі мост цераз раку Стаход. Толькі пачало світаць, як партызаны, беражліва склаўшы ў рэчмяшкі напісаныя лозунгі, зняліся са стаянкі, бясшумна падкраліся да чыгуначнага палатна непадалёк ад паўстанка Сваротная.
На гэтым месцы ў засадзе яны праляжалі ўсю ноч і раніцу 6 лістапада 1942 года. У пуцявога абходчыка ўзялі на час куртку, фуражку і сцяжкі. Як толькі цягнік паказаўся з-за павароту, пераапрануты ў форму чыгуначніка партызан Леанід Бяссонаўскі, энергічна размахваючы чырвоным сігнальным флажком, рушыў насустрач чыгуначнага саставу, які набліжаўся. Машыніст паравоза, заўважыўшы трывожныя сігналы чыгуначнага абходчыка, якія азначалі нейкую небяспеку, рэзка сцішыў ход. Гэта дазволіла Юрыю Логінаву, ухапіўшыся за поручні паравоза, падняцца ў будку машыністаў. Паравозная брыгада, што складалася з двух машыністаў — мясцовых жыхароў, якіх немцы прымусілі весці цягнік, — беспярэчна падпарадкавалася партызанам. З вагонаў паказалася ўстрывожаная ахова, па якой адначасова з абодвух бакоў дарогі ўдарылі партызанскія аўтаматы. Частка варожай аховы палегла пад прыцэльным агнём з засады, астатнія ахоўнікі разбегліся па лесе.
Вось як апісвае тыя далёкія грозныя падзеі беларускі журналіст Міхаіл Рылка ў кнізе «Чырвоны цягнік», выдадзенай у 1984-м у сталічным выдавецтве «Беларусь» да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: «Пачатак партызанскаму рэйсу быў пакладзены. Самуйлік падае каманду: «Падрыхтаваць агітцягнік!» Хлопцы кінуліся дапамагаць Ганне Рудзько прымацаваць да вонкавых сценак вагона расцяжкі з лозунгамі — «Няхай жыве 25-я гадавіна Вялікага Кастрычніка!», «Бі фашыстаў скрозь і ўсюды!», «Раздавім фашысцкую гадзіну!», а на трубе паравоза ўзнялі флаг з выявай Герба СССР. На адной з платформаў стаяла веялка. Партызанскі баец Уладзіміраў спрытна прыстасаваў яе для свайго кулямёта. Астатнія партызаны размясціліся па вагонах так, каб пры падыходзе да станцый можна было весці агонь адразу з усіх ствалоў. Вораг ні ў якім разе не павінен здагадацца аб малалікасці атрада».
І вось цягнік падрыхтаваны да рызыкоўнай і трывожнай дарогі. Юрый Логінаў заняў месца машыніста цягніка і падаў сігнал адпраўлення. Так пачаўся 40-кіламетровы рэйс патрыётаў, якіх у далейшым фашысты ахрысцілі «буйнымі дэсантнымі сіламі бальшавікоў». Партызаны Абакумаў і Савін абышлі ўсе захопленыя вагоны, перапісалі нарабаванае немцамі дабро і склалі адпаведны акт, на які камандзір дыверсійнай групы А. І. Самуйлік чырвоным алоўкам налажыў рэзалюцыю: «З нагоды свята Кастрычніка раздаць прадукты насельніцтву».
На станцыях і паўстанках, каля вёсак, размешчаных блізка да чыгункі, партызаны рабілі кароткія прыпынкі, праводзілі мітынгі, раздавалі прысутным усё, што было ў вагонах, — збожжа, муку, сала, курэй, гусей, яйкі... На кожным прыпынку Самуйлік, падкруціўшы чапаеўскія вусы, падняўшы над галавой папаху з чырвонай стужкай, перад прысутнымі жыхарамі ўсхвалявана казаў: «Перамога будзе за намі! Каб наблізіць яе час, улівайцеся ў партызанскія атрады, будзем граміць ворага ўсім народам! Няхай гарыць зямля пад нагамі фашыстаў!»
Станцыю Махро, дзе стаяў буйны нямецкі гарнізон, партызаны праляцелі на поўным хаду, абстраляўшы з кулямёта і аўтаматаў гітлераўцаў, якія разгубіліся ад нечаканасці. На адным з паўстанкаў Самуйлік загадаў спыніцца і падрыхтаваць абоз, загрузіць яго прадуктамі і даставіць у партызанскі лагер. Для суправаджэння абозу камандзір вылучыў групу на чале з Паўлюкоўцам — знаўцам тутэйшых мясцін і адважным партызанскім разведчыкам — у складзе Ганны Рудзько, партызанаў Абакумава, Савіна, Пукемава.
На станцыі Вулька зрабілі чарговы кароткачасовы прыпынак, выгрузілі рэшткі прадуктаў, знялі чырвоны сцяг і расцяжкі. Сяляне дапамаглі загрузіць чыгуначны састаў саломай. Бяссонаўскі з запаленым факелам хутка абабег вагоны. Салома ўмомант загарэлася, ярка-жоўтыя языкі полымя прабіліся да аконных рам, сталі лізаць дахі вагонаў. У будцы палаючага цягніка застаўся машыніст Логінаў. Цягнік набіраў хуткасць і набліжаўся да разбуранага моста цераз раку Піна. У самы апошні момант бясстрашны партызан выскачыў з паравоза, скаціўшыся ўніз пад адхон, пачуў выбух паравога катла і страшны скрыгат металу. Ва ўмоўленым месцы ва ўрочышчы Клубок яго чакалі баявыя таварышы.
Улетку 1943 года Аляксандра Самуйліка прызначылі камандзірам партызанскага атрада імя С. М. Кірава Брэсцкай вобласці. У жніўні 1944-га за мужнасць і гераізм у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Тагачасны кіраўнік Беларусі, арганізатар партызанскага руху ў рэспубліцы Панцеляймон Панамарэнка, прымацоўваючы найвышэйшую ўзнагароду краіны да гімнасцёркі Аляксандра Самуйліка, сказаў: «Дзякуй табе, камандзір, за справы твае ратныя, за бясстрашных людзей тваіх. Ну а цяпер аднаўляй усё на роднай беларускай зямлі!» І пайшоў баявы партызан Аляксандр Самуйлік выконваць гэты загад.
Больш за трыццаць гадоў ён прапрацаваў на розных пасадах у Камянецкім раёне, удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Камянца». Памёр у 1989 годзе. Удзячныя землякі назвалі ў яго гонар адну з новых вуліц райцэнтра.
У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца перададзены ў пасляваенны час Самуйлікам самаробны сцяг «вогненнага цягніка» з чырвонага паркалю. У партызанскай зале музея экспануюцца схема руху цягніка па тылах ворага, фотаздымкі героя-партызана і яго баявых таварышаў — удзельнікаў дзёрзкага рэйду.
Мікалай ШАЎЧЭНКА
На прасторах яе вялікасці кнігі.