Вы тут

Хто такі хаўс-майстар і чым ён займецца


Уладзімір Гарох працуе ў магілёўскім ЖЭУ № 6 спецыялістам па тэхнічным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, але ў адрозненне ад сваіх калег ён яшчэ і хаўс-майстар. Некалькі гадоў таму ён прайшоў навучанне ў абласным Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама і атрымаў адмысловае пасведчанне. Новая спецыяльнасць, па задумцы Міністэрства ЖКГ, павінна была дапамагчы аптымізаваць работу камунальнікаў і адначасова вырашыць пытанне з «вузкімі» спецыялістамі для насельніцтва. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, як гэта рэалізуецца на прыкладзе канкрэтнага ЖЭУ.


Хаўс-майстар праводзіць агляд у пад'ездзе дома № 25 па вуліцы Якубоўскага.

Спецыяліст шырокага профілю

Уладзімір працуе на адным месцы ўжо каля дзевяці гадоў. Да таго як стаў хаўс-майстрам, меў спецыяльнасць электраманцёра. Цяпер акрамя электрычных работ можа выконваць яшчэ сантэхнічныя і цяслярскія.

— Некалькі гадоў таму гэтая прафесія здавалася ноу-хау. Калі мне прапанавалі ісці вучыцца, адразу ж пагадзіўся, — успамінае суразмоўнік. — Навучанне вялося месяц, тэорыю чыталі спецыялісты розных камунальных службаў. У канцы здавалі экзамены. Як цяпер памятаю, мне папаўся білет, дзе былі пытанні па інтэрвале паверкі электралічыльнікаў, рамонце дахаў і нешта па сантэхнічнай частцы. Справіўся без праблем.

У ідэале хаўс-майстар павінен быць у кожным ЖЭУ, але гэта, як паведамілі дасведчаныя людзі, не факт. Нехта ідзе на пенсію, нехта звальняецца або мяняе прафесію. Работнікі не заўсёды затрымліваюцца на адным месцы, але Уладзімір не з такіх.

— Нам са спецыялістам пашчасціла: малады, перспектыўны, вельмі адказны, — кажа начальнік ЖЭУ № 6 Маргарыта Цітова. — У нас тры майстры ўчастка і чатыры замацаваныя за імі рабочыя па тэхнічным абслугоўванні, у тым ліку і Уладзімір. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў, ён выконвае яшчэ і функцыі хаўс-майстра. Гэта значыць, што калі ад жыхароў паступае заяўка пра нейкую праблему, напрыклад, кран зламаўся або нешта падобнае здарылася, па адрасе адпраўляецца менавіта ён.

Асноўны занятак рабочых па тэхнічным абслугоўванні — гэта сачыць за станам дамоў. Штодня майстры ўчасткаў выдаюць сваім падначаленым тэхналагічныя карты, якія складаюцца згодна з графікам агляду інжынерных і канструктыўных элементаў будынкаў і збудаванняў. Вынікі агляду рабочы павінен унесці ў тэхналагічную карту. Нейкія дробязі накшталт замены лямпачкі або няспраўнага провада ліквідуюцца адразу, а вось праблемы больш сур'ёзныя, дзе аднымі сваімі сіламі не абысціся, проста фіксуюцца. У канцы рабочага дня майстар вывучае тэхналагічную карту свайго падначаленага і ўносіць выяўленыя ім няспраўнасці ў журнал тэхнічнай эксплуатацыі. На падставе гэтай інфармацыі потым вырашаецца пытанне, як справіцца з праблемай.

Рэйд па графіку

Каб выклікаць на дом хаўс-майстра, трэба звяртацца не ў ЖЭУ, а ў адзіную дыспетчарскую службу па тэлефоне 115. Там сігнал зарэгіструюць у асобнай графе — «бытавыя паслугі». Гэта зроблена, каб прасцей было кантраляваць якасць работы камунальнікаў. Сёння заказаў ад насельніцтва не паступала, а значыць, усе сілы Уладзіміра Гароха будуць накіраваныя на агляд унутрыдамавога абсталявання. Ад таго, як яно працуе, дарэчы, часам залежыць і колькасць прыватных зваротаў ад грамадзян.

Уладзімір атрымлівае тэхналагічную карту, і мы ідзём выконваць прапісаныя ў ёй заданні. Нас суправаджае майстар — Настасся Міхаенкіна, непасрэдны начальнік Уладзіміра. Такі кантроль бывае не заўсёды, але ж прысутнасць карэспандэнта абавязвае. Настасся, дарэчы, спецыяліст хоць і малады, але таксама вопытны. Сёлета яна скончыла магілёўскі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, вучылася і працавала адначасова ў родным ЖЭУ.

Справа майстра баіцца

На ўзбраенні Уладзіміра сумка з цэлым наборам інструментаў. Тут ёсць усё, што можа спатрэбіцца для ліквідацыі мелкіх надзвычайных здарэнняў, — абцугі, адвёрткі, гаечныя ключы ўсіх калібраў, тэстар-вымяральнік напружання, рулетка і шмат чаго іншага не менш важнага. Пакуль ідзём да прапісанага ў тэхналагічнай карце дома, спецыяліст расказвае, якія прыватныя заказы яму даводзілася выконваць.

— Аднойчы паступіла заяўка ад пенсіянеркі, у якой зламаліся кран у ваннай і выключальнік святла ў адным з пакояў, — згадвае ён. — У першым выпадку замяніў пракладку, у другім — паправіў кантакт. Жанчына была вельмі ўдзячная за работу.

Але прыватных заявак, па словах Уладзіміра, няшмат: адна-дзве на дзень, а бывае, як сёння, і ніводнай. Улетку адноснае зацішша, а ўвосень колькасць зваротаў узрастае.

Дарэчы, разлікі з насельніцтвам праводзяцца выключна праз ЖЭУ. У хаўс-майстра на руках прайс, і, калі заказчыка ўсё задавальняе, афармляецца заказ-дагавор. Пасля таго як заказ выкананы, жыхар ідзе ў ЖЭУ і ўсё аплачвае. Ну а хаўс-майстар зноў вяртаецца да прамых абавязкаў. Як вось зараз. У падвале дома № 27 па вуліцы Якубоўскага мы павінны праверыць інжынернае абсталяванне. Працэдура вельмі важная і адказная. Трэба пераканацца, што нідзе няма ніякай цечы, што ўсё функцыянуе як трэба.

— Акрамя абавязковых восеньскіх і вясновых аглядаў, калі запускаецца і адключаецца ацяпленне, мы павінны перыядычна правяраць, каб не было ніякіх збояў, — удакладняе Настасся.

У падвале суха і цёпла. Візуальны агляд цеплавога пункта паказаў, што ён функцыянуе без заўваг. Уладзімір яшчэ некаторы час аглядае падвальную гаспадарку, робіць запіс у журнал, і мы ідзём далей.

У доме па суседстве наша задача — праверыць, як працуе ў пад'ездзе электраабсталяванне і ўсё астатняе. Падымаемся наверх, а Уладзімір вопытным вокам ацэньвае стан паштовых скрынь. Так і ёсць: вечка адной з іх зламанае. Непарадак. Спецыяліст дастае рулетку і робіць замеры. Гаспадар пакуль заяўку не падаваў, але яго праблемай ужо займаюцца.

Парэнчы, прыступкі, сцены, электрашчыты — прыпынкі робім на кожным паверсе. А іх тут пяць. Кватэрныя электралічыльнікі старыя, але, як кажа Уладзімір, гэта часовая з'ява. У горадзе вядзецца іх планавая замена, і з часам дойдзе чарга і да гэтага дома. А ўвогуле заўваг па пад'ездзе няма. Цёпла, светла і чыста — як і павінна быць. Нічога сур'ёзнага не атрымалася знайсці і ў іншых пад'ездах. Магчыма, Уладзіміру пашчасціла з дамамі і ў іх жывуць выключна сумленныя жыхары. Вунь і кветачкі на вокнах, а дзесьці нават і сурвэткі.

Напаследак цікаўлюся ў Уладзіміра, ці задаволены ён сваёй прафесіяй, якая абяцала быць грашовай і запатрабаванай. Малады чалавек сціпла паціскае плячыма.

— Зарплата крыху большая, чым у іншых маіх калег, але не істотна. Магчыма, пакуль, — спадзяецца ён.

На жаль, даведацца, ці ёсць нейкі станоўчы эканамічны эфект для жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёва ў цэлым ад з'яўлення такой спецыяльнасці, як хаўс-майстар, не атрымалася. Як патлумачылі ў ЖРЭУ Ленінскага раёна, у склад якога ўваходзіць ЖЭУ № 6, не ўсе тыя хаўс-майстры, якія прайшлі месячную падрыхтоўку, апраўдалі спадзяванні. Маўляў, яшчэ не кожны электрык здольны адразу асвоіць спецыфіку сантэхнічных і будаўнічых работ. У дзяржаўным класіфікатары, удакладнілі там, няма нават такой спецыяльнасці. Ёсць рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў 5-га разраду. Такі спецыяліст павінен мець допуск па электрыцы, ведаць сантэхніку і ўсе будаўніча-мантажныя работы — дахавыя, фасадныя і гэтак далей. Такіх спецыялістаў адзінкі. Таму як былі раней электраманцёры па абслугоўванні ў ЖЭУ і рабочыя па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў, так яны і засталіся. Але, падбадзёрылі нас, сёлета за падрыхтоўку такіх спецыялістаў узяўся Магілёўскі архітэктурна-будаўнічы каледж. Магчыма, гэта неяк паўплывае на сітуацыю.

Каментарый у тэму

Святлана Гарбачова, дырэктар абласнога Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама:

— На наступны год мы плануем набраць групу хаўс-майстроў. Актуальнасць прафесіі ёсць. У адну ўключаецца пяць як мінімум. Чалавек можа працаваць і цесляром, і тынкоўшчыкам, і страхарам дапамагаць — на ўсе рукі хаўс-майстар. Міністэрства ЖКГ даводзіла нам план тэрмінова адукаваць такіх спецыялістаў, і мы паклапаціліся, каб у кожным ЖЭУ было іх па 2-3. Але група, якую мы цяпер фарміруем, будзе складацца не толькі з работнікаў ЖКГ. Далучыліся і іншыя ведамствы, у тым ліку і сілавыя. Гэта ж зручна, калі адзін спецыяліст пяцярых замяняе! Але прымаем толькі тых, хто мае спецыяльнасць электрыка, бо яе можна набыць толькі ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А яшчэ практыкуем індывідуальнае навучанне, калі група болей за 10 чалавек не набіраецца. Чалавек нешта вывучае з выкладчыкам, нешта самастойна, потым праходзіць практыку і здае экзамен.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ці лёгка быць хаўс-майстрам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.