Вы тут

ЛІМб #1: Роздумы+Пакуты


Безліч часу прайшло з таго моманту, як «Літаратура і Мастацтва» накіроўвала свой крытычны позірк не толькі на знешнія літпадзеі, але і на ўласны кантэнт. Таму мы вельмі рады нарэшце пазбавіцца гэтай несправядлівасці і распачаць эксклюзіўную крытычную рубрыку пад крыху правакатыўнай назвай «ЛІМб». У яе межах адзін раз на месяц к-о-ж-н-ы аўтар, які быў надрукаваны ў «ЛіМе» на працягу папярэдняга месяца, нягледзячы на свой узроставы, гендарны ці які іншы статус нароўні са сваімі суседзямі па друку будзе атрымліваць сваю порцыю аналітыкі. Часам крытычны напор ЛІМба можа падацца спрэчным, але ў гэтым «перцы» і соль — усё дзеля стварэння жывой дыялагічнай пляцоўкі паміж Аўтарам, Газетай і Чытачом, таму будзем чакаць Вашых каментароў і прапаноў на нашым электроным адрасе ў лістах з пазнакай «ЛІМб». І нарэшце — да кастрычніцкіх паэтычных старонак «ЛіМа».


Мікола ШАБОВІЧ на пачатку сваёй падборкі неяк механічна ажно ў пяці вершах запар выкарыстоўвае чатырохстопны ямб. Што да тэматычнай аднатоннасці, паўсюль, як можна здагадацца, пануе тэма кахання. Аднатоннасць тэматычная заканамерна вядзе і да аднатоннасці мастацкіх сродкаў, да лексічных паўтораў: нават калі не ўлічваць тыповыя «абдымкі» і «пацалункі», з тэксту ў тэкст крочаць «дарогі» са «сцяжынкамі», «сон» і «ранне», «птушкі» і «лёс». Нешта адметнае пачынаецца ў другой палове падборкі, калі аўтар ад абстрактна-элегічных матываў пераходзіць да нейкай канкрэтыкі: «шыкоўна-чырвоная сукенка» з «белым паліто» ды «Палац на Купалаўскай» — менавіта такога не хапае ў астатніх вершах для таго, каб яны набылі сваё аблічча. І напрыканцы чытання ўсё ж хутчэй застаецца ўражанне, быццам бы ў вітражы пабачыў адзін і той жа верш з розных бакоў.

Не надта ўдалы ход робіць Дар’я ДАРОШКА, калі пачынае падборку з радка «Каханне — гэта чай з лімонам». Кожны, хто нешта разумее ў сучаснай паэзіі і мае пэўны досвед у тым, што датычыцца стэрэатыпаў, на ўзроўні рэфлексу выпаліць, што аўтарка амаль здзейсніла творчае самагубства — настолькі моцна жавана-перажавана спалучэнне «кахання» і «чая» ў адным сказе. І за такі пралік сумна, бо ўжо наступны верш пачынаецца даволі бадзёрым гукапісам: спачатку «Лета, цені. Летуценні», потым «Мары, мроі. Пах марэляў», прыемна-кашэчая алітэрацыя на «мр». Трэці верш не дае засумаваць у новым ключы, бо ўражвае граматычным кантрастам: першая яго палова насычана дзеясловамі, тады як другая амаль цалкам складаецца з прыметнікаў. Пяты верш адметны (на жаль, у негатыўным сэнсе) тым, што з-за выкарыстання слова «летуценнік» часткова зніжаецца эфект ад другога верша. Калі ж глядзець наогул, падборка Дар’і Дарошкі дастаткова яскравая за кошт тэхнічных прыёмаў, каб пакінуць у чытача выключна пазітыўныя эмоцыі.

Вершы Марыі КОБЕЦ пранізаны роздумамі. Нават Роздумамі, бо гэта не проста індывідуальна-аўтарская рэфлексія, а сапраўдная міжчасавая палеміка з антычнымі мысліцелямі і з хрысціянствам. Але мэта, як і ва ўсіх сапраўдных філасофскіх дыспутах, агульная для ўсёй нізкі: пошук Ісціны. Творы выкананы ў форме верлібраў, што спрыяе большай сканцэнтраванасці менавіта на сутнасці вершаў, а не іх фармальных прыкметах. Каб спрасціць паглыбленне ў павуцінне роздумаў, аўтарка робіць дзве выразныя рэчы. Папершае, скарачае дыстанцыю праз прамыя звароты да сваіх суразмоўцаў («Ты кажаш, Арыстоцель, што Ісціна…», «Ты даўно казаў так, мудры Дыяген…»). Падругое, важныя для вершароздумаў філасофскія паняцці Марыя Кобец выдзяляе, вялікімі літарамі: акрамя ўжо згаданай «Ісціны», гэта, напрыклад, такія паняцці, як «Свет ідэй» і «Свет рэчаў», а таксама «Сутнасць» і «Быццё». Вершы гэтай аўтаркі прыцягваюць не толькі гучнымі імёнамі, але і ўласнай думкай, за якой сачыць цікава, а палемічны метад, абраны паэтэсай, дазваляе зразумець кантэкст нават без знаёмства з зыходнымі тэкстамі філасофскіх прац.

У першым паэтычным тэксце сваёй нізкі Марыя ЦІТАРЧУК бярэ досыць вядомы сюжэт — міф аб Галатэі… А не, толькі падалося. Толькі вобраз, які вядзе ў нікуды і не атрымлівае аніякага раскрыцця. Увесь верш  — дастаткова побытавая жаночая рэфлексія на стасункі, нягледзячы на баязлівыя спробы яе апаэтызаваць (праз «пацалункі навылет» і «цемра, якая ператвараецца ў бездань»). І як падагульненне спроб — звышстэрэатыпны канец: «сустракаем світанак утраіх: ты, я і адзінота». На жаль, ніякага пераасэнсавання  — толькі карыстанне ўжо некалі распрацаваным паэтычным матэрыялам. Да думкі наконт аматарства аўтаркі таксама падводзіць другі верш (ужо не верлібр, а традыцыйная сілаба-тоніка), дзе не без палак беларускай граматыкі колы зладжанага рытму саскокваюць у двух месцах, парушаючы ўсталяваны трохстопны амфібрахій. Адзінае цікавае, што можна заўважыць у прадстаўленых вершах,  — гэта відавочную цягу аўтаркі да «высокай эстэтыкі», якая, магчыма, была падгледжана ў рамантычных кніжках, але не знайшла ўпэўненага адлюстравання ў вершах.

З першага верша Васіля КУЗЬМІЧА можна адразу працытаваць шэраг вобразаў, па якіх будзе зразумела ўсё-ўсё: і тэматычная навізна, і багацце вобразнага мыслення аўтара: «сінь нябёсаў і водар траў, і мядовая свежасць кветак». Быццам з букіністычнага падручніка для чайнікаў «Пейзажная лірыка XIXст.»  — настолькі ўсе гэтыя «птушыныя гоманы» і «жураўліныя выраі» сядзяць недзе ў міжстагоддзевых пячонках. Другі ж (і апошні) верш, які прысвечаны рацэ Сцвізе, таксама ніякай асаблівай навізны не выяўляе. І нават калі гаварыць пра вартасць гістарычна-даследчую, то ў тэксце нічога, акрамя сувязі ракі з Прыпяццю, таксама няма. У выніку — рытмарыфмаваная форма без асаблівага зместу.

Гаворачы пра Зінаіду ДУДЗЮК, нельга не падкрэсліць пэўны культурны бэкграўнд, які можна пабачыць і па змесце, і нават па назвах вершаў. Тапонімы пераплятаюцца з прозвішчамі вядомых мастакоў і музыкаў, каб распавесці асаблівую гісторыю. І гісторыі дастаткова цікавыя, але ў вершы пад назвай «У Парыжы» гэтая рыса — уключаць у вершы імёны ўласныя  — становіцца краевугольным каменем. Французскія мастакі пералічваюцца без усялякіх падтэкстаў (то-бок на іх месцах маглі быць і іншыя, і яны гэтак жа былі б толькі крыніцамі экзатычных рыфмаў), а згадванне пажару ў Нотрдаме і ўвогуле выглядае як спроба, як сёння гавораць, «хайпануць» на гарачай тэме (выбачайце за наўмысны каламбур). І ўсё гэта толькі з-за недастатковай кантэкстуальнай глыбіні. Калі разглядаць падборку паэтэсы ў тым жа завадным рытме, у якім напісаны вершы, можна згадзіцца, што гэта добра выкананая паэзія, якая ведае, што і як робіцца. Калі ж пачаць углядацца — там-сям ёсць невялікія сэнсавыя хібы, якія, тым не менш, не настолькі вялікія, каб парушыць агульны строй тэкстаў.

З вершамі Алеся КАРАНЕЎСКАГА выходзіць даволі складаная сітуацыя. З аднаго боку, у эстэтыку тыповага «паэта-традыцыяналіста» ён не трапляе. А з іншага… ці гэта да лепшага? На сінтаксічным узроўні досыць часта ўзнікаюць пытанні па банальным дапасаванні — і, як вынік, губляецца сэнс. Напрыклад, паспрабуйце зразумець, дзе якія члены сказа і што з чым звязана ў наступным радку: «А як, каханне? — еднасці асноў!» І калі вы раптам падумалі, што ў мяне ёсць правільныя адказы  — гэта зусім не так. Найбольш канцэнтраваны градус моўнага «рассінхрону»  — у другім вершы з надрукаванай падборкі, але і на шмат якія іншыя цягне адрэагаваць кароткім «І што?» Калі паэт не наўмысна выбудоўвае стратэгію непаразумення, тады нават не вершы, а аўтарскае сказабудаўніцва выклікае пытанні.

Так званая «традыцыйная» паэтыка, калі разглядаць яе на прыкладзе вершаў Івана КАПЫЛОВІЧА, мае істотны недахоп: пераважанне лірычных штампаў над канкрэтыкай. Так, у радку «Прайду скрозь туманы — убачу прасторы» ёсць, здаецца, досыць зразумелае слова «прасторы», але ніякай канкрэтыкі ў родным склоне за ім не стаіць, то-бок застаецца гадаць: ці то «прасторы радзімы», ці «прасторы лясоў/палёў», ці штосьці цікавейшае. Слова «прасторы» быццам дае чытачу адчуць разняволенасць  — але канкрэтнага вобраза за ім не стварае. І менавіта на падобных недахопах будуецца амаль уся падборка аўтара.

Ігар СІДАРУК з умеранай паспяхова- сцю выцягвае са звыклых (для абранай ім тэмы кахання) вобразаў нешта цікавае. Найбольш цікавым тэкстам у нізцы паўстае верш «Ты размаўляй са мною моўчкі…», які, як можна пабачыць па гэтым радку, ужо змяшчае ў сабе просты, але дзейны аксюмаран. Далей па тэксце лірычны герой твора размаўляе з каханай як заўгодна, толькі не з дапамогай моўнага апарату, чым адлюстроўвае невыказнасць пачуцця, якое шукае сябе па-за межамі вербальных сродкаў. Цікава, што ў спалучэнні з гэтым вершам наступны, «Грай без нот, сляпы музыка», за кошт супрацьпастаўлення інстынктыўна цягне назваць братам па парадаксальнасці пісьма, але калі ўгледзецца, вобраз музыкі цалкам рэалістычны. Ігар Сідарук, нягледзячы на невялікі памер вершаў (ад чатырох да пяці строф), паспявае разгарнуць пэўную канцэпцыю і ўжо адным толькі разгортваннем выклікае прыхільнасць.

Янка КАЛІНОЎСКІ — адзіны на ўвесь кастрычнік прадстаўнік маладога пакалення аўтараў. Нават калі б на старонцы не было фатаграфіі, па адным толькі семантычным полі твораў можна было б зразумець, што за паэт перад намі. І мне вельмі не хочацца ўключаць буркуна — але як жа шмат у творах гэтага маладога аўтара дэкадэнцтва! Калі ж заплюшчым на гэта вочы, то ёсць і неблагія хады. Папершае, асвяжае звыклую пунктуацыю выкарыстанне матэматычных знакаў. Па-другое, кожнаму тэксту пра самазнішчэнне пасуе згадванне гурта Джой Дывіжн — тут гэта не выключэнне. Цікавым таксама паўстае злітнае напісанне аднаго з радкоў (які якраз рыфмуецца з «Джой Дывіжн»)  — «крышáццаалоўкіл амаюццастрыжні» — праз якое счытваецца моцнае лірычнае напружанне. Увогуле, Янка Каліноўскі здольны да пэўнай афарыстычнасці (напрыклад, рэфрэн другога верша «боль  — найвышэйшая ступень дасканаласці»), але тым цяжэй падтрымліваць узровень і ўтрымліваць увагу чытача не-рэфрэнамі, і гэта сапраўды спрацоўвае не заўсёды. Але, бывае, аднаго толькі імпэту і вострага светаадчування хапае для таго, каб на фоне быццам бы прызнаных майстроў выдзяляцца ў выгадным святле.

Сярэдзіна восені ў паэтычным асяроддзі «ЛіМа» адзначаецца адпаведным чынам: водгаласы кахання, паглыбленыя ў сябе роздумы і (як жа без яе!) усюдысная пейзажная лірыка, якая, існуючы ў нейкім выключна тэкставым паралельным свеце, звышактуальная пры любым надвор’і.

 Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?