Вы тут

Нечаканыя знаходкі сёлетніх «Каласавінаў»


Літаратуразнаўчы і культуралагічны аналіз творчасці Якуба Коласа ніколі не перапыняўся. Даклады айчынных вучоных і гасцей замежжа прагучалі на навуковай канферэнцыі «Каласавіны» — музей штогод арганізоўвае падобныя сустрэчы да дня нараджэння народнага паэта. Сёлета падзея была прысвечана 60-годдзю Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і 75-годдзю вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Горад Перм. Злева ад царквы — дом, дзе ў 1917 г. жыла сям'я Міцкевічаў

Як зазначыла на адкрыцці «Каласавін» галоўны спецыяліст упраўлення устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Анжаліка Янкоўская, немагчыма ўявіць развіццё нацыянальнай культуры Беларусі без асобы Якуба Коласа — ён адыграў выключную ролю ў фарміраванні еднасці беларускага народа і абуджэнні нацыянальнай свядомасці. «"Каласавіны"  — працяг той важкай справы, якую ён рабіў, — захавання і папулярызацыі нацыянальных традыцый нашага народа»,  — упэўнена Анжаліка Янкоўская.

Ідэйны натхняльнік і адзін з арганізатараў самай першай канферэнцыі, Генадзь Тумас (у той час загадваў сектарам музея) згадваў, што назва «Каласавіны» прыйшла да яго падчас прагулкі ў Траецкім прадмесці, дзе тады, у 1985 годзе, праводзілася свята выяўленчага мастацтва. У тым жа годзе арганізавалі і «Каласавіны», а сёлета навуковы форум адбыўся 33 раз.

— За трэць стагоддзя існавання традыцыі «Каласавін» яны сталі асновай коласазнаўства, а коласазнаўства з’яўляецца канцэптуальным складнікам усяго літаратуразнаўства, усёй філалагічнай навукі Беларусі, — разважаў падчас урачыстасці адкрыцця даследчык Анатоль Трафімчык. Літаратуразнаўца падарыў музею сваю кнігу «Гісторыя Круговіцкае школы. Сшытак 1: у часы Расійскай імперыі», дзе знайшлося месца і трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». У выданні апісана гісторыя навучальнай установы — адметным у ёй з’яўляецца тое, што там настаўнічаў педагог, які фігуруе ў трылогіі Якуба Коласа пад прозвішчам Саханюк. Так, у літаратуры захаваўся мастацкі партрэт гэтага настаўніка. «Колас пісаў вельмі рэалістычна. У які б куточак Бацькаўшчыны мы не завярнулі, паўсюль  — матывы яго творчасці», — упэўнены даследчык.

За сваю гісторыю «Каласавіны» сталі не толькі навуковым складнікам вялікай шматграннай і навукова-асветніцкай дзейнасці музея, але і перайшлі нацыянальныя межы, прыцягваюць у дом Коласа не толькі айчынных, але і замежных навукоўцаў, аматараў беларускага слова з іншых краін. Сёлета музей атрымаў у падарунак фотаздымкі ваколіц Пярмі, а таксама дома ў Пярмі, у якім жылі Міцкевічы ў 1917 годзе — іх прывезла вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых Эльвіра Калашнікава.

Здавалася, столькі гадоў няма з намі песняра, можна было вывучыць і даследаваць спрэс усё дасканала, але знаходкі здараюцца, кожная канферэнцыя нясе адкрыцці. Так, сёлета ў музей даслалі паштоўку, пазначаную 1942 годам, напісаную Коласам Сяргею Гарадзецкаму ў Маскву (аўтограф быў невядомы, знайшоўся выпадкова ў прыватным архіве ўнучкі нацыянальнага паэта Арменіі Аванэса Туманяна).

Вынікі пошукаў у галіне коласазнаўства пачатку ХХІ стагоддзя, дасягненні ў даследаваннях праблем коласазнаўства разглядаліся ў фармаце пленарнага і секцыйных пасяджэнняў. Даследчык Яўген Гарадніцкі азнаёміў з аналогіямі, якія ён пабачыў у творчасці Якуба Каласа і Гётэ.

— Чаму ніхто з навукоўцаў не прыкмячаў дасюль аўтабіяграфічнага падабенства ў творы «Сымон-музыка»? Гэта і патрыятычныя матывы, і прыгодніцкія рысы, — выказаў здзіўленне літаратуразнаўца.

Аляксей Ненадавец заўважыў, што ніхто з беларускіх пісьменнікаў не апісаў працэс рыбалоўства так шырока, як Якуб Колас. Прагучалі на канферэнцыі і расповеды пра іншыя малавядомыя старонкі жыцця і творчасці класіка. Прадметам абмеркавання стаў і музей як удзельнік адукацыйна-выхаваўчага працэсу, як установа ў супрацоўніцтве са школамі.

Яна БУДОВІЧ

Фота прадастаўлена Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа

Загаловак у газеце: Паштоўка ад класіка

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.