Вы тут

Сучаснае беларускае мастацтва вачыма замежных спецыялістаў


Часам складваецца ўражанне, што сучасны беларускі мастак увесь час мусіць перад гледачом апраўдвацца. Недахоп матэрыялаў для выканання якаснай работы, узровень жыцця... Альбо ідэя была канцэптуальнай, і таму стала для большасці незразумелай.


А ці павінен мастак, працуючы над творам, рабіць ключавым меркаванне гледача? Тонкая нітка праходзіць паміж жаданнем дагадзіць гледачу і камерцыйным мысленнем, якое ламае творчае. Гэтая з’ява прасочваецца ва ўсёй гісторыі мастацтваў, і тут грэшныя не толькі беларускія мастакі.

Сучасны глядач вельмі патрабавальны, пры гэтым часам не здольны судзіць пра сучаснае мастацтва. А часам, наадварот, звыклы да акадэмізму.

Чыстае мастацтва — гэта заўсёды рэфлексія. Аўтар мае поўнае права не апраўдвацца перад гледачом і не адлюстроўваць рэаліі навакольнага свету, калі гэта не ёсць тое, пра што ён хоча сказаць сэрцам. Мастак павінен, улічваючы меркаванне мастацтвазнаўцаў, рухацца наперад, задаючы сваёй творчасцю высокую планку, каб глядач захацеў узняцца да гэтай планкі і зразумець творчую глыбіню.

Выстаўка «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» — выдатны прыклад таго, што беларускі мастак яшчэ не да канца ўсведамляе права на свабоду ў сваёй творчасці, не выключаючы пры гэтым прынцыпы маралі і эстэтыкі.

Ці магчыма быць часткай арт-рынку і прадаваць работы, створаныя без дыктоўкі? Так, калі мастак знайшоў сябе, індывідуальны аўтарскі почырк і кірунак, ён не павінен баяцца выказвацца і быць не зразуметым.

Свае думкі пра рэаліі беларускага сучаснага мастацтва выказалі замежныя эксперты на прэс-канферэнцыі па падвядзенні вынікаў «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам». Меркаванні былі розныя, але, тым не менш, погляд збоку для сучаснага беларускага мастацтва вельмі карысны. Таму прапануем чытачам выказванні сяброў міжнароднага журы.

Эгле ЮАЦЭВІЧУТЭ, крытык і куратар сучаснага мастацтва, Нацыянальная галерэя мастацтваў у Вільні (Літва):

«Мяне ўразіла, як прадстаўлены розныя тэхнікі, жанры і віды выяўленчага мастацтва. Я б хацела звярнуць увагу на пытанні, якія, як мне падаецца, актуальныя не толькі для нашых краін, а і для ўсяго свету. Уразіла тэматыка твораў, якія звяртаюцца да штодзённасці, і як гэтая штодзённасць рэпрэзентуецца. Але ў той жа момант мы яшчэ адчуваем уплыў савецкага часу».

Як заўважыла спадарыня Эгле, беларускія мастакі закранаюць тэмы міжнароднага значэння і робяць гэта на дастаткова добрым узроўні, але наша гісторыя «ідзе за намі па пятах».

Уладзімір НАЗАНСКІ, мастацтвазнаўца, куратар Музея сучаснага мастацтва Эрарта (Расія, Санкт-Пецярбург):

«Сабраць вялікую разнастайную выстаўку, у якой прысутнічалі б розныя мовы сучаснага мастацтва, а таксама традыцыйныя работы было вельмі складана. Мы з цяжкасцю знаходзілі кансэнсус, таму што дыпломаў мала, а работ, якія заслугоўваюць увагі, нашмат больш. Хачу адзначыць, што ў Мінску добрая пластычная школа. Амаль усе скульптары далі якасны прафесійны матэрыял. Мне была цікавая ўся скульптура на выстаўцы. Добрая традыцыя назіраецца і ў графіцы. Здавалася б, такая прапашчая справа: друкаваная графіка, абсалютна некамерцыйны стандарт. Тым не менш шэраг аўтараў я адзначыў, некаторыя з іх працуюць у традыцыях позняга экспрэсіянізму, неаэкспрэсіянізму.

Мастацтву важна быць патрэбным. Гэта ствараецца не толькі дынамікай тых ці іншых дамінуючых стандартаў, укаранёных у свядомасць праз масмедыя. Важна, каб мова мастацтва стала мовай зносін, каб гэта не была чарада модных поз, гульняў. Мастацтва павінна дапамагаць чалавеку разабрацца ў пытаннях, хто ён, навошта існуе. Як бы ні развівалася адцягненая свядомасць на аснове візуальных вобразаў, важныя пластычныя традыцыі. Рамяство неабходна, і добра, калі яно захоўваецца, але і выдатна, калі шмат арт-гульні, дасціпнасці».

Уладзімір Назанскі вельмі выразна адзначыў высокі ўзровень пластычнай і графічнай школы ў Беларусі, пры гэтым не спрабаваў зводзіць сваё меркаванне да вострай сучаснай праблематыкі твораў. Ён разглядаў беларускае мастацтва з пазіцыі глыбокай пашаны да аўтэнтычнасці, разумеючы, што шмат у чым мае справу з уплывам савецкага ладу:

«Мы бачым тую рэальнасць, тыя традыцыі, тую дакументальнасць, якая паказваецца фактамі. На міжнароднай мове цяпер гаворыць мноства мастакоў, а беларусы тым і цікавыя, што адрозніваюцца сваёй інтанацыяй, сентыментальнасцю, мяккасцю. Варта падумаць аб сваёй аўтэнтычнасці і не імкнуцца быць у адзінай шарэнзе. Я не выключаю значнасць новых тэхналогій, новых мастацкіх моў, уключаючы інтэрнэт-арт і відэаарт. Важна пры гэтым у імкненні развівацца не страціць сваю ўнікальнасць».

Мова мастацтва можа падыходзіць для сучаснага contemporary art, але ў кожнага народа абавязкова ёсць свая праблематыка, свае падыходы да выяўлення. Чалавек з дзяцінства ўбірае ў сябе, нібы губка, адмысловыя інтанацыі менталітэту і традыцый. Таму мы маем справу з рэфлекторным зваротам да рэалій беларусаў у творчасці шматлікіх мастакоў. Не варта заглушаць уласцівасць адлюстравання навакольнага свету, але і не варта прымушаць да гэтага аўтараў. Калі мастак напоўнены беларускай культурай, мы ўбачым яе ў творах. Міжнародная мова, у сваю чаргу, уздымае праблемы, актуальныя для ўсяго чалавецтва, інакш ты не будзеш успрыняты. Чым больш мастацтва натуральнае і індывідуальнае — тым лепш.

Вольга БАЛАШОВА, мастацтвазнаўца, намеснік дырэктара па развіцці Нацыянальнага мастацкага музея Украіны:

«На выстаўцы вельмі шмат выдатных работ, створаных рамеснікамі, якія, тым не менш, не могуць пакуль што перайсці на іншы ўзровень — мастацкай рэфлексіі. Для гэтага і існуюць падобныя выставачныя праекты — важна ўбачыць свае работы побач з работамі іншых аўтараў. Калі мы маем справу з куратарскім выказваннем — гэта пэўны тып аўтарскіх падыходаў, візуальная гісторыя. Тут я бачу свабоднае спалучэнне мастацкіх стратэгій — менавіта гэтым цікавы «Восеньскі салон». Нечаканае суседства дазваляе ўбачыць кантэкст, у якім існуюць беларускія мастакі. І тым выдатней, выразней становяцца тыя творы, якія дэманструюць тэхнічны складнік і інтэлектуальную працу, што стаіць за выказваннямі.

Той зрэз, які мы ўбачылі, дэманструе, што некаторыя мастакі гавораць на міжнароднай мове. Калі мастак працуе ў напрамку contemporary art, ён гаворыць на міжнароднай мове, гэта не беларускае сучаснае мастацтва, а проста мастацкая мова. Тут галоўная праблема як для Беларусі, так і для Украіны ў тым, што гэтая мова герметычная, мы ў ёй не развіваемся, паколькі мала цікавімся тым, што адбываецца ў свеце. Таму не абнаўляецца мастацкая мова, якая выкладаецца ў ВНУ. Але ёсць індывідуальныя аўтары, якія змаглі пераадолець бар’еры, што існуюць?

Вольга Балашова, у адрозненне ад Уладзіміра Назанскага, разглядала беларускае сучаснае мастацтва выключна з боку сусветнай сучаснай мовы. Ключавым у яе выказваннях было будаўніцтва новага на аснове старога. Але, верагодна, гэты працэс павінен зараджацца натуральным спосабам, з-пад дыктоўкі паўстане толькі яшчэ адна разнавіднасць постсавецкай мастацкай мовы.

Яро ВАРГО, мастацкі кіраўнік Галерэі HIT ў Браціславе, галоўны куратар Галерэі MeetFactory ў Празе (Чэхія):

«Сёння быць мастаком складана. Мастацтва — гэта пра тое, як спрабаваць змяніць свет да лепшага, і пра тое, як змяніць сваё меркаванне пра свет. Я лічу, што мастацтва не павінна заставацца ў рамках галерэй, яно павінна з’яўляцца ў публічных прасторах.

Мне не хапіла на «Восеньскім салоне» ўзнятых пытанняў на тэму навакольнага асяроддзя. Мы кожны дзень адкрываем Інстаграм, Фэйсбук, бачым колькасць публікацый, прысвечаных тэме экалогіі. Мяне цікавіць гэтая тэма і пытанне, што павінна рабіць мастацтва ў сітуацыі забруджвання планеты».

Але ці з’яўляюцца яго словы праўдай на сто адсоткаў? Прыз сімпатый гледачоў на пятай выстаўцы-продажы «Восеньскі салон» атрымала беларуская мастачка Алеся Скарабагатая. Яе работа ўразіла глыбінёй і вобразнасцю: закранаючы тэму экалогіі, кожнаму з гледачоў мастачка прапанавала задацца пытаннем: Homo sapiens?

Адну з работ Яро Варго вылучыў як прыдатную для сінтэзу з гарадской прасторай. У свеце ўжо існуе тэндэнцыя «выхаду» мастацтва на вуліцы, і Беларусь у гэтым пытанні не саступае: штогод у Мінску праходзіць праект «Арт-астравы».

У якім жа кірунку рухацца маладому беларускаму мастаку? Каб беларускае мастацтва стала актуальным, аўтар павінен па-новаму зірнуць на гісторыю беларускага народа. Станаўленне не павінна быць зведзена толькі да пытанняў сусветнай мастацкай мовы. Беларускае мастацтва можа быць цікавым свету не толькі як частка contemporary art. Але над выяўленнем нацыянальнай мастацкай мовы на высокім узроўні, безумоўна, неабходна працаваць. Каб нацыянальнае мастацтва стала актуальным у свеце, беларускі мастак павінен перагледзець стаўленне да мастацтва і гісторыі.

Мастацкі праект, створаны намаганнямі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і асацыяцыяй «БелБрэнд», акцэнтуе на гэтым увагу ў праекце «Vector»: без вытокаў, правільнага стаўлення да гісторыі беларусам не знайсці і мастацкую будучыню. Абапіраючыся на карані, мы ствараем сённяшні дзень і даём дарогу будучыні.

За два тыдні правядзення выстаўкіпродажу творчасці маладых мастакоў яе наведалі амаль 13 тысяч гледачоў. Тым не менш, неабходна яшчэ больш працаваць над папулярызацыяй творчасці здольных беларускіх аўтараў, якія разумеюць нацыянальную гісторыю і ўмеюць гэта данесці гледачу, у тым ліку і замежнаму, без мудрагелістай канцэпцыі.

Нагадаем, што міжнароднае журы — мастацтвазнаўцы, куратары і дырэктары мастацкіх інстытуцый — адзначылі прэміямі Дар’ю Сямчук, Андрэя Бусла (Hutkasmachnaa studio) і Наталлю Кацубу. Дыпломы атрымалі Дзмітрый Жаўноў, Сяргей Савіч, Раман Аксёнаў і Маргарыта Новікава. Будзем і далей пільна сачыць за беларускім сучасным мастацтвам, адкрываючы новыя імёны.

Настасся РЭДЗЬКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Пад павелічальным шклом

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...