Прэзідэнт сустрэўся з міністрамі замежных спраў Швецыі і Фінляндыі.
Агульнага больш, чым здаецца, — да такой высновы прыводзіць сённяшні візіт кіраўнікоў скандынаўскіх знешнепалітычных ведамстваў у Беларусь. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў падабенства эканомік і менталітэту трох краін.
Вітаючы міністраў, Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь надта зацікаўлена ў выбудоўванні ўзаемапаважлівых і добрасуседскіх адносін не толькі з Еўрапейскім саюзам, але і са Швецыяй і Фінляндыяй у прыватнасці.
«Для нас вы з’яўляецеся ў пэўным сэнсе ўзорам гаспадарання. Мы вельмі падобныя да вашых краін — у нас падобная эканоміка і, галоўнае, працалюбівыя, трывалыя людзі. Нашы краіны не маюць велізарных матэрыяльных рэсурсаў, але стараюцца жыць за кошт працы сваіх рук і розуму сваіх людзей. І, шчыра кажучы, у нас шмат атрымліваецца — у вас больш, у нас, магчыма, пакуль крыху меней. Але я спадзяюся, вы нам падкажаце, у якім кірунку рухацца — перш за ўсё ў эканоміцы. У нашых агульных інтарэсах, каб наш рэгіён стаў аазісам міру, спакою і росквіту. Гэта галоўнае. Будзе гэта — будзем багаты, будуць жыць нармальна нашы народы. Калі не будзе спакою, калі мы ўвесь час будзем спрачацца, крый божа, пачнуцца сутыкненні, як на ўсходзе Украіны, ніколі не будзе шчасця для нашых народаў», — абазначыў сваю пазіцыю беларускі лідар.
Менавіта да міру і спакою імкнецца наша краіна, фармулюючы свае мірныя ініцыятывы і прасоўваючы ідэі, накіраваныя на зніжэнне напружанасці і ўмацаванне добрасуседства. Відавочна, што такія падыходы блізкія і паўночнаеўрапейскім краінам: нездарма так званая «разрадка» ў сямідзясятыя гады атрымала назву Хельсінкскага працэсу.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускаму боку цікавы перадавы вопыт Еўрасаюза ў многіх сферах. Але для пачатку неабходна завяршыць працэс фарміравання дагаворна-прававой базы, падпісаць падрыхтаваныя дакументы.
«Канешне, перамовы, дамовы — гэта доўгі шлях, гэта кампрамісы. Хтосьці ўступае — хтосьці мае выгады. Потым мы ўступаем — вы маеце выгады. Не мне вам, дыпламатам, тлумачыць, наколькі гэта складана. Калі мы ўжо выпрацавалі адпаведныя дагаворы, прыйшлі да разумення таго, што нам трэба іх падпісваць, цягнуць з гэтым не варта. Вы бачыце, што вакол нас робіцца. Малыя і сярэднія дзяржавы мусяць неяк бліжэй быць адна да адной, аб’ядноўвацца, калі гэта магчыма, каб устаяць у гэтым цяжкім вірлівым свеце», — упэўнены Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў Беларусі шмат агульнага з дзяржавамі Паўночнай Еўропы. Нягледзячы на адсутнасць выхаду да мора, наша краіна тым не менш з’яўляецца неад’емнай часткай Балтыйскага рэгіёну. У скарбонку дабрабыту краін Прыбалтыкі Беларусь робіць свой істотны ўнёсак, пастаўляючы свае грузы, абслугоўваючы транзітныя патокі ў паўночным і паўднёвым напрамках. Пры гэтым вельмі важны экалагічны складнік.
«Я думаю, у вас да нас прэтэнзій быць не можа у гэтым плане», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён запрасіў шведскія і фінскія кампаніі да рэалізацыі ў Беларусі праектаў у галіне транспарту і лагістыкі, а таксама ў сферах аднаўляльнай энергетыкі, аховы навакольнага асяроддзя і энергаэфектыўнасці.
Паколькі экалагічная сітуацыя ў Балтыйскім рэгіёне шмат у чым залежыць ад Беларусі, Прэзідэнт прапанаваў падтрымаць праекты па перапрацоўцы адходаў, развіццю альтэрнатыўных крыніц энергіі, чаму ў Беларусі надаецца вялікая ўвага.
Сур’ёзныя перспектывы мае супрацоўніцтва ў лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Прымяненне паўночнаеўрапейскіх тэхналогій і прыцягненне інвестыцый у беларускія вытворчасці будзе выгадным для ўсіх удзельнікаў. Дзякуючы зручным транспартным зносінам ёсць магчымасць пастаўляць вырабленую ў Беларусі прадукцыю на рынкі Еўропы і Азіі.
«Ужо больш за дзесяць гадоў па маім патрабаванні нашы спецыялісты прыглядаюцца, як вы гаспадарыце ў лясах, ажыццяўляеце дрэваапрацоўку. Нашы спецыялісты, міністры далёка наперад прасунуліся, і вы ўжо, дыпламаты, адстаяце ад іх. Бізнес, эканоміка ўсё роўна ідуць наперадзе. Яны шукаюць лепшыя месцы, лепшыя ўмовы, каб працаваць і супрацоўнічаць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Фіны і беларусы — менталітэт яднае
Гэта другая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Фінляндыі. У 2008 годзе Аляксандр Стуб быў у Мінску як старшыня АБСЕ, а сёння Пека Хаавіста выконвае адказную функцыю старшыні ў Савеце Еўрапейскага саюза.
«Фінляндыя, як і Беларусь, не мае значных прыродных рэсурсаў, але самастойна, упартасцю і працавітасцю, дамаглася прыкметнага прагрэсу. Фіны па менталітэту вельмі падобныя на беларусаў. Менавіта таму вы добра разумееце працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне. Гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў падтрымцы Фінляндыяй суверэнітэту і незалежнасці Беларусі ў рамках ініцыятывы Усходняга партнёрства», — падкрэсліў Прэзідэнт.
З улікам запуску АЭС, які мае адбыцца ў 2020 годзе, Беларусі цікавы вопыт фінскага боку па забеспячэнні бяспекі атамнай электрастанцыі «Ханхіківі-1», якая будуецца. Тым больш што фінляндская станцыя ўзводзіцца па аналагічным праекце і тым жа расійскім падрадчыкам.
Беларусь-Швецыя: новая старонка
Беларускі лідар падзякаваў міністру замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ за ініцыятыву правядзення такога сумеснага візіту. Асабліва ўлічваючы, што гэта першы візіт кіраўніка шведскага знешнепалітычнага ведамства ў Беларусь.
«У нашай найноўшай гісторыі былі няпростыя эпізоды, але мы здолелі іх пераадолець і адкрылі новую старонку ў адносінах. Думаю, што ў гэтым кірунку і будзем развіваць нашы адносіны», — звярнуўся да госці Прэзідэнт.
Беларускі бок вітае актыўнасць кампаній з Швецыі на беларускім напрамку. Напрыклад, канцэрн ІКЕА прыняў стратэгію «Наперад у Беларусь» па нарошчванні закупак нашай прадукцыі да трохсот мільёнаў еўра.
Супрацоўніцтва «Сканіі» і БелАЗу па пастаўках рухавікоў дапамагае беларускай тэхніцы выходзіць на рынак Еўрасаюза. Газавыя турбіны з Швецыі забяспечаць стабільнасць энергасістэмы пасля ўводу АЭС. Брэнд вопраткі «H&M» пачаў ствараць у нас поўнамаштабную гандлёвую сетку.
«Наша партнёрства спрыяе мадэрнізацыі эканомікі, замацаванню на новых рынках. Бізнэс працуе ў правільным кірунку. Давайце падтрымліваць гэты рух», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка і запрасіў падумаць, што мы можам зрабіць, каб візіт у такім фармаце надаў імпульс развіццю адносін Беларусі з усёй Паўночнай Еўропай.
У Мінску заўсёды рады бачыць палітыкаў разам з калегамі з Нарвегіі, Даніі, Ісландыі, нагадаў Прэзідэнт.
Краіны аднаго рэгіёну
У сваю чаргу міністр замежных спраў Фінляндскай рэспублікі Пека Хаавіста перадаў прывітанне ад Прэзідэнта Фінляндыі і ўсяго Еўрапейскага Саюзу. Кіраўнік ведамства адзначыў, што паміж нашымі краінамі сапраўды склаліся добрыя прагматычныя адносіны з пазітыўнымі тэндэнцыямі.
У фінскага боку ёсць прапановы па пасіленні бяспекі станцыі ў Астраўцы і наконт далейшага развіцця кантактаў паміж грамадзянамі абедзвюх краін. Пекка Хаавіста выказаў гатоўнасць абмяркоўваць пытанні правоў чалавека, правоў жанчын. Таксама міністр спадзяецца на далейшае прадуктыўнае супрацоўніцтва груп сяброўства ў парламентах.
На думку Пеккі Хаавісты, пагадненне аб візах і рэадмісіі мусіць дапамагчы і далей падтрымліваць вельмі добры ўзровень адносін паміж Беларуссю і ЕС.
Ан Ліндэ падкрэсліла, што Беларусь, Швецыя і Фінляндыя — краіны аднаго рэгіёну з агульнымі праблемамі кшталту змянення клімату. Міністр упэўнена, што нашы краіны валодаюць вялікімі магчымасцямі для нарошчвання стасункаў з кампаніямі, якія ўзгадаў Прэзідэнт, і іншымі шведскімі карпарацыямі.
Зразумела, ёсць і пытанні, у якіх пакуль няма згоды. Таму, адзначыла Ан Ліндэ, вельмі важна працягваць адкрытую дыскусію і адкрыць увесь невыкарыстаны патэнцыял супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
У тэму
Міністры паведамілі журналістам, што на сустрэчы з Прэзідэнтам абмеркаваныя не толькі двухбаковыя адносіны, але і ў цэлым адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам. Закранулі таксама пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое належыць падпісаць у хуткім часе. Абмеркавалі і справаздачу АБСЕ па выніках парламенцкіх выбараў.
Міністр замежных спраў Фінляндыі Пекка Хаавіста адзначыў важную ролю, якую Беларусь адыгрывае ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.
«Хацелі б нарошчваць супрацоўніцтва з Беларуссю. Ужо актыўна супрацоўнічаем у лясной гаспадарцы, ахове навакольнага асяроддзя і кантактах паміж нашымі народамі. Спадзяемся на далейшае паляпшэнне гэтых адносін», — сказаў журналістам кіраўнік ведамства.
«Беларусь для нас блізкая краіна. Нашы адносіны вельмі палепшыліся апошнім часам, паколькі ў нас шмат агульных інтарэсаў. Акрамя таго, Беларусь — адна з дзяржаў-лідараў у працы над парадкам дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года», — падкрэсліла міністр замежных спраў Швецыі Анн Ліндэ.
З Прэзідэнтам Беларусі яны абмеркавалі пытанні правоў чалавека, свабодных СМІ. Анн Ліндэ выказала спадзяванне на далейшае развіццё канструктыўных адносін з нашай краінай.
«Мы прыйшлі да адзінага пункту гледжання, што кожная дзяржава мае права зрабіць уласны выбар у тым, да якога саюза далучацца ці не далучацца, якую палітыку бяспекі абраць для сябе», — дадала міністр. Варвара Марозава
«Аляксандр Рыгоравіч вельмі пазітыўна адрэагаваў на ідэю стварэння партовых магутнасцяў у Калінінградскай вобласці. Спадзяемся, што гэта таксама стане адной з тэмаў для размовы на вышэйшым узроўні. Для нашага рэгіёну вельмі важна замацаванне нейкага спецыфічнага таварапатоку з Беларусі на захад праз Калінінградскі порт», — паведаміў журналістам Антон Алінахаў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам.
Акрамя таго, Калінінград плануе закупляць беларускія электробусы, аўтобусы і транспарт для жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
На сёння запланавана правядзенне XVI пасяджэння беларуска-расійскага савета па доўгатэрміновым супрацоўніцтве, па выніках якога будуць падпісаныя камерцыйныя кантракты.
Варвара МАРОЗАВА
Фота БЕЛТА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».