Вы тут

Убачыў свет зборнік літаратурных партрэтаў «На парозе дабрыні і болю» Міколы Чарняўскага


Пісьменніка Міколу Чарняўскага аматарам літаратуры прадстаўляць асаблівай патрэбы няма. Ён — аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы, уганараваны высокімі прэміямі і ўзнагародамі, а нядаўна парадаваў прыхільнікаў сваёй творчасці чарговай кнігай. У выдавецтве «Народная асвета» па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь убачыў свет зборнік літаратурных партрэтаў «На парозе дабрыні і болю».


Трэба адзначыць, што даволі разгорнутыя літаратурныя партрэты на працягу апошніх гадоў аўтар друкаваў у часопісе «Полымя» і штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», і яны не былі абдзелены ўвагай чытачоў. І вось цяпер, сабраныя пад адной вокладкай, вядома ж, надоўга зберагуць памяць пра тых, хто радаваў сваім літаратурным дарам, вучыў любові да Радзімы, жыццёвай мудрасці і дабрыні. Бо дастаткова нагадаць прозвішчы тых прадстаўнікоў прыгожага пісьменства, пра якіх згадвае Чарняўскі, каб пераканацца ў гэтым. А яму пашчасціла сустракацца, быць блізка знаёмым, творча супрацоўнічаць і сябраваць з Янкам Маўрам, Артурам Вольскім, Васілём Віткам, Уладзімірам Дубоўкам, Станіславам Шушкевічам, Рыгорам Барадуліным, Анатолем Грачанікавым... Хоць, здавалася б, і добра ведаў я біяграфіі і творчасць герояў літаратурных партрэтаў, аднак дзякуючы Міколу Чарняўскаму адкрыў для сябе шмат чаго новага і цікавага. Ну хоць бы, напрыклад, чаму Уладзімір Дубоўка, які стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій і шмат гадоў правёў у Сібіры, пасля вызвалення не вярнуўся ў Мінск, а вырашыў жыць у Маскве. Гэты крок сам Дубоўка растлумачыў так: у Мінску шмат сяброў, яны будуць хадзіць да цябе ў госці, ты павінен будзеш хадзіць да іх... Ці ж да работы будзе? А задумана вельмі шмат. У Маскве цішэй, спакайней, ніхто не адрывае ад стала...

Зрэшты, Уладзімір Дубоўка часта наведваўся ў Мінск, дзе ў яго рэгулярна друкаваліся творы ў часопісах, выходзілі асобнымі кнігамі ў выдавецтвах. Мікола Чарняўскі вельмі цёпла згадвае пра сустрэчы з пісьменнікам няпростага, цяжкага лёсу.

Калі ж ён некаторых літаратараў называе сваімі настаўнікамі ў літаратуры, а менавіта Алеся Пальчэўскага і Міхася Даніленку, то гэтаксама магу сказаць пра іх і я. Сваё першае апавяданне я надрукаваў у часопісе «Вясёлка», а паспрыяў гэтаму Алесь Восіпавіч. Потым я, вучань на той час, заходзіў у рэдакцыю, дзе пазнаёміўся з ім бліжэй, а перад гэтым паклаў на стол водгук на яго кнігу «Данеўцы — нашы знаёмыя», які надрукаваў у рагачоўскай раённай газеце. У той жа дзень убачыў у кабінеце Пальчэўскага Васіля Вітку і Сяргея Грахоўскага.

Што да Міхася Даніленкі, то побач з ім я пражыў у Гомелі амаль сорак гадоў. Заўсёды прыслухоўваўся да яго парад. Сёлета на дзевяноста сёмым годзе жыцця Міхася Пятровіча не стала...

З-пад пяра Міколы Чарняўскага выйшла кніга-рэтра. Яна вымушае чытача вярнуцца назад, у мінулае, дзе жылі і тварылі на парозе дабрыні і болю сапраўдныя людзі, якімі сёння мы ганарымся.

Упэўнены, кніга літаратурных партрэтаў Міколы Чарняўскага «На парозе дабрыні і болю» стане карысным дапаможнікам для выкладчыкаў ВНУ, студэнтаў, школьнікаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай, яе ўчарашнім і сённяшнім днём. Яна напісана жывой гутарковай мовай, не пазбаўлена гумару і прыгод, адкрые чытачу шмат новага, сапраўды цікавага і пазнавальнага.

Васіль ТКАЧОЎ

Загаловак у газеце: На добры ўспамін

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.