Вы тут

«Яна паставіць варыць суп, а сама можа легчы і заснуць». Калі ў сям'і — чалавек з дэменцыяй


У 86-гадовага Алега Паўлавіча нечакана пачаў псавацца характар. Ён стаў, па словах яго жонкі, нейкі злы, падазроны, прыдзірлівы... Хоць усё сваё жыццё яна ведала яго як ціхага, лагоднага, інтэлігентнага чалавека. А не так даўно Алег Паўлавіч падышоў раніцай да сваёй жонкі і вінавата сказаў: «Ведаеш, я вынес і выкінуў усё, што было ў хаце: усе грошы, дакументы, альбомы...»


Такія сумныя гісторыі...

— Усё гэта мы потым пайшлі шукаць на сметнік і сёе-тое нават адшукалі, — апавядае яго жонка Вольга Іванаўна (імёны герояў зменены). — Мы з ім аб'ездзілі ўвесь свет у свой час: былі ў Лондане, Парыжы, Нью-Ёрку... Было столькі альбомаў з фотаздымкамі! Усе яны зніклі, а вось грошы мы знайшлі і прынеслі назад дадому. Яны былі ў скрынцы — тысяча долараў, і гэтую скрынку камунальнікі яшчэ не паспелі вывезці разам з іншым смеццем.

А потым мой муж замоўк — спачатку маўчаў па 2-3 гадзіны, потым практычна зусім перастаў размаўляць. Далей перастаў есці... (Вольга Іванаўна сумна глядзіць кудысьці ўдалячынь і ўздыхае). Адзін раз падышоў да мяне, я гляджу, а ён зусім голы. Гэта так не падобна на яго, ён стаў зусім іншым чалавекам! Раней ён быў такі сарамлівы...

Дактары прапісвалі яму таблеткі, але ніякага эфекту ад іх я не бачыла. Скончылася ўсё тым, што я выклікала дадому прыватнага псіхолага, які сказаў, што яго трэба тэрмінова шпіталізаваць. І на наступны дзень мы паклалі яго ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя, у Навінкі. Я ўвесь час плакала, у мяне самой на фоне гэтых перажыванняў пачаліся праблемы з памяццю, я ўпала ў дэпрэсію...

У чымсьці падобная гісторыя і ў Юрыя Пятровіча, чыя жонка, 80-гадовая Галіна Канстанцінаўна, стала змяняцца проста на вачах.

«Яна стала ўсё забываць», — спачатку лаканічна кажа ён. А потым пачынае расказваць у падрабязнасцях...

— Аднойчы яна забылася выключыць ваду, і мы залілі суседзяў. Яшчэ неяк мы з ёй пайшлі з дому разам і нас абодвух не было цэлы дзень. Я не праверыў за ёй, а яна пакінула адкрытай падачу газу ў газавай пліце. Вярнуліся дадому — моцны пах газу. Добра, што абышлося без выбуху. На наступны дзень я ўзяў яе за руку і пайшоў да дактароў... Увогуле пра гэта можна доўга расказваць.

Цяпер яна памятае ўсё, што было пры цару Гароху: сваю маладосць, вучобу... А што адбылося ўчора, успомніць не можа, і тут нічога зрабіць ужо, мабыць, нельга. Паставіць варыць суп, а сама можа легчы і заснуць, яе ўвесь час цягне цяпер на сон.

— Часам даводзіцца нагадваць ёй, каб яна памылася, — з горыччу працягвае мужчына. — Мне даводзіцца кантраляваць яе, каб яна апранулася ў адпаведнасці з надвор'ем, нагадваю, што трэба падфарбаваць вусны, калі выходзім на вуліцу...

Бываюць моманты, калі яна становіцца такая злосная, што проста немагчыма. Хоць яна з вельмі інтэлігентнай сям'і і добра выхаваная, заўсёды паводзіла сябе культурна, яе ўсе любілі.

Цяпер я прымушаю яе чытаць газеты, бяру з сабой на кірмаш і ў краму, ходзім па панядзелках з ёй у аддзяленне дзённага знаходжання для людзей з кагнітыўнымі парушэннямі. Тут яна мае зносіны з людзьмі. Яны спяваюць песні, рашаюць галаваломкі, разгадваюць загадкі. Ёй вельмі падабаецца...

— Прычым калі вы ўбачыце Галіну Канстанцінаўну, вы ніколі не падумаеце, што ў яе такія праблемы, — падключаецца да нашай гутаркі галоўны спецыяліст па сацыяльнай рабоце грамадскай дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі «Хэсэд-Рахамім» Соф'я Абрамава. — Яна выглядае як свецкая дама. Нармальна размаўляе, усміхаецца, разумее гумар...

У гэтым і складанасць дэменцыі (слоўнік вызначае дэменцыю як набытыя кагнітыўныя парушэнні, устойлівае зніжэнне пазнавальнай дзейнасці са стратай у той ці іншай ступені раней засвоеных ведаў і практычных навыкаў і цяжкасцю або немагчымасцю набыцця новых. — Аўт.). Першапачаткова людзі вельмі паспяхова хаваюць яе. Справа ў тым, што чалавек да нейкага моманту добра разумее сваю праблему, вельмі перажывае з гэтай нагоды і не хоча дрэнна выглядаць у вачах навакольных. Не хоча дыскрэдытаваць сябе і сваю сям'ю. Адна жанчына, якая часам забывала дарогу дадому, аднойчы сказала: «Я, калі разумею, што заблудзілася і не магу трапіць дадому, і бачу кагосьці са знаёмых, ніколі ў жыцці не падыду, каб пра мяне потым дрэнна не падумалі. Я падыходжу і звяртаюся па дапамогу толькі да чужых людзей».

Партрэт чалавека з дэменцыяй

Часцей за ўсё гэта жанчына, старэйшая за 75 гадоў, мае інваліднасць (55,6 %) і пражывае сумесна з членам сям'і, які даглядае яе (52,9 %). Прычым даглядае, як правіла, дачка ва ўзросце да 53 гадоў (у 50 % выпадкаў).

У дапамозе мае патрэбу ўся сям'я

СААЗ адносіць нашу краіну да старэючых нацый. Эксперты сцвярджаюць, што ўжо праз 20 гадоў кожны трэці чалавек, сустрэты намі на вуліцы, будзе пажылы. На жаль, чым старэйшы ўзрост, тым часцей сустракаецца і дэменцыя.

Дактары называюць яе хваробай, а супрацоўнікі Цэнтра дзённага знаходжання для людзей з кагнітыўнымі парушэннямі пры дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі «Хэсэд-Рахамім» — дарэчы, яна першая ў краіне пачала працаваць з такімі людзьмі і іх сваякамі — кажуць пра дэменцыю як пра асаблівы стан чалавека. І сваіх кліентаў называюць не «хворыя на дэменцыю», а кажуць: «Людзі, якія жывуць з дэменцыяй». Гэтая ж фармулёўка выкарыстоўваецца і ў іх дакументацыі.

І хоць спецыялісты «Хэсэд-Рахамім» сцвярджаюць, што дэменцыя — гэта не прысуд, на жаль, яна часта цяжка адбіваецца на ўсёй сям'і чалавека, які жыве з ёю. Як правіла, блізкія сваякі пры гэтым адчуваюць шок і нярэдка вымушаныя кардынальна змяніць свой лад жыцця. Хтосьці з дзяцей пажылога чалавека звычайна павінен сысці з работы, каб даглядаць яго, з часам пажылому чалавеку робіцца ўсё горш, а члены яго сям'і паступова «выгараюць»...

Адна дачка жанчыны з кагнітыўнымі парушэннямі прызналася: «Я ніяк не магу змірыцца з тым, што мая мама стала іншай». Але змірыцца з гэтым неабходна. І хтосьці павінен вучыць гэтаму сваякоў. Вучыць таму, што з чалавекам, які жыве з дэменцыяй, не трэба спрачацца, яго не трэба ні ў чым пераконваць. Проста таму, што гэты чалавек хворы, у яго парушаныя прычынна-выніковыя сувязі, ён не можа па-іншаму...

Таму ў дапамозе мае патрэбу не толькі пажылы чалавек з дэменцыяй, але і члены яго сям'і.

Разумеючы гэта, у «Хэсэд-Рахамім» акрамя стварэння аддзялення дзённага знаходжання для людзей з дэменцыяй пачалі працаваць і з іх сваякамі. Менавіта на адной з такіх сустрэч я і пачула гэтыя гісторыі. Людзі дзеляцца імі адно з адным, падтрымліваюць адно аднаго, а супрацоўнікі дабрачыннай арганізацыі вучаць іх, як можна палегчыць сваё жыццё і жыццё чалавека з дэменцыяй.

— На жаль, хвароба Альцгеймера не лечыцца, — кажа псіхолаг «Хэсэд-Рахамім» Кацярына Сяргеева. — Але ёсць прэпараты, якія трохі запавольваюць яе прагрэсаванне. І калі правільна арганізаваная прастора, у якой жыве такі чалавек, — гэта значыць, калі ёсць правільны догляд з боку сваякоў і патранажных работнікаў — то нават калі стан чалавека пагаршаецца, ён можа заставацца жыць у сваім доме і абслугоўваць сябе. Таму наша задача — арганізаваць правільнае асяроддзе для людзей з кагнітыўнымі парушэннямі.

Мы стварылі тую мадэль, якую цяпер выкарыстоўваем, тры гады таму, у 2016 годзе. Для нашай арганізацыі гэта быў выклік. Спачатку мы планавалі работу дома, у больш бяспечнай атмасферы. Але людзей было шмат, і тэндэнцыя такая, што будзе станавіцца яшчэ больш, — таму мы прынялі рашэнне арганізаваць Цэнтр дзённага знаходжання для людзей з кагнітыўнымі парушэннямі на тэрыторыі нашай арганізацыі.

На сённяшні дзень у нас чатыры групы для пажылых людзей з дэменцыяй, якія знаходзяцца ў розных станах і стадыях. Першая — гэта група прафілактыкі, яе можна пачаць без дадатковых фінансаў у любой установе. У другую групу ходзяць людзі пасля інсультаў, траўмаў ці інфекцый галаўнога мозга. Трэцюю і чацвёртую групы наведваюць тыя, у каго назіраюцца складанасці рознай ступені, частка такіх людзей ужо мае медыцынскі дыягназ. І 16 чалавек займаюцца ў хатніх умовах, адзін з іх — у Барысаве. Пакуль людзі ходзяць у наш Цэнтр толькі адзін дзень у тыдзень, але гэты дзень для іх — свята.

— Я свайго мужа ўжо нікуды не выпускаю, у яго стане гэта можа быць небяспечна, — кажа ўжо знаёмая нам Вольга Іванаўна. — Але сюды, у групу, мы прыходзім кожны панядзелак. І тут муж мяняецца! Дома ён маўчыць, а тут пачаў размаўляць...

У групах з пажылымі людзьмі займаюцца па методыках, здольных запаволіць прагрэсаванне захворвання. Галоўная задача тут — кагнітыўная стымуляцыя. Трэба прымусіць мозг пажылых людзей працаваць. Для гэтага эфектыўныя гульні і практыкаванні. Гэта і складванне пазлаў, і рознага роду пляценне, і аплікацыі, і разгадванне крыжаванак, і многае іншае. Усе гэтыя заняткі дапамагаюць чалавеку быць у калектыве, не страціць сацыяльных навыкаў. І, вядома, захаваць і актуалізаваць важныя ўспаміны, падтрымаць сацыяльныя кантакты.

— Дарэчы, у ТЦСАН, каб пачаць працаваць з такімі людзьмі, трэба, каб чалавеку быў пастаўлены дыягназ, — удакладняе Кацярына Сяргеева. — А нам дыягназ не патрэбны. Калі наш сацыяльны работнік заўважае, што ў яго падапечнага з'явіліся цяжкасці такога кшталту, мы праводзім з ім анкетаванне. Але нам яно трэба не для пастаноўкі дыягназу! Нам трэба ўдакладніць, якія менавіта складанасці пачаў адчуваць чалавек, каб вызначыць яго ў адпаведную групу аддзялення дзённага знаходжання і пачаць працаваць з ім.

  • Каментарый спецыяліста

Вельмі дапамагае ранняе выяўленне праблемы

Наталля Мількота, загадчыца аддзела развіцця інавацыйных формаў сацыяльнага абслугоўвання НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

— На жаль, у нас да гэтага часу нізкі ўзровень інфармаванасці ў дачыненні да прыкмет і асаблівасцяў дэменцыі — як у грамадстве ў цэлым, так і ў сем'ях, якія маюць у сваім складзе пажылых людзей. І спецыялісты першаснага звяна сістэмы аховы здароўя, да якіх, як правіла, у першую чаргу звяртаюцца такія сем'і, далёка не заўсёды дапамагаюць пераадолець інфармацыйны «вакуум», бо канцэнтруюцца менавіта на прапісванні лекаў і на негатыўных прагнозах. А сем'і чакаюць аповеду пра тое, што адбываецца і як з гэтым справіцца, як сябе паводзіць, як кіраваць сітуацыяй. Да таго ж спецыялісты самі не заўсёды гатовыя бачыць у асобных сімптомах праявы дэменцыі, бо гэта патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі.

Нізкая ступень інфармаванасці грамадства і спецыялістаў з'яўляецца сур'ёзнай праблемай, таму што не спрыяе выяўленню дэменцыі, асабліва на пачатковай стадыі. Тлумачачы дэменцыю натуральным старэннем ці асаблівасцямі характару, самі людзі і іх сваякі доўгі час ігнаруюць яе праявы.

Разам з тым менавіта пры лёгкай ступені дэменцыі як медыцынская дапамога, так і сацыяльнае абслугоўванне найбольш эфектыўныя. Так, своечасовы пачатак прыёму медыцынскіх прэпаратаў і выкарыстанне дадатковых, немедыкаментозных метадаў дазваляе падоўжыць перыяд лёгкай выяўленасці дэменцыі і павялічыць агульную працягласць жыцця пажылых людзей з дэменцыяй, павысіць яго якасць і дапамагае як мага даўжэй захаваць самастойнасць.

Хочацца таксама адзначыць, што магчымасць пражывання чалавека з дэменцыяй у хатняй абстаноўцы залежыць не столькі ад ступені захворвання, колькі ад створаных для яго ўмоў. Пад такімі ўмовамі трэба разумець у першую чаргу падрыхтоўку яго асяроддзя (работу са сваякамі), пастаянную трэніроўку навыкаў і памяці пажылога чалавека і іх развіццё (праз заняткі па дробнай маторыцы, творчасці), а таксама адаптацыю навакольнага асяроддзя пад патрэбы чалавека з дэменцыяй.

Таму ў найбліжэйшай перспектыве мы бачым неабходнасць стварэння ў дзяржаве спецыялізаваных аддзяленняў у дамах-інтэрнатах (прафілактычных — у дамах-інтэрнатах агульнага тыпу і геронтапсіхіятрычных — у псіханеўралагічных інтэрнатах) і развіццё паслуг для грамадзян з дэменцыяй, якія даюцца ў аддзяленнях дзённага знаходжання для пажылых у ТЦСАН. Вельмі важным з'яўляецца таксама ўключэнне элементаў ранняга выяўлення і прафілактыкі ў стандартную работу ТЦСАН з пажылымі людзьмі.

Святлана Бусько

Фота: 3age.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».