Вы тут

Малапавярховыя дамы абсталююць ліфтамі


Праўда, датычыцца гэта толькі новых дамоў, якія будуюць, паведаміла начальнік Галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Вольга Верамей.


Цяпер такое патрабаванне не з'яўляецца абавязковым, таму ў будынках да пяці паверхаў не прадугледжаны ліфтавыя шахты. Сёння па нормах ліфты ўсталёўваюцца ў будынках, вышэйшых за 14 метраў. Пяціпавярхоўкі не траплялі ў гэтыя правілы, але сёння такое патрабаванне ўводзіцца: нават калі ў будынку тры паверхі, усё роўна ён будзе абсталяваны ліфтам.

Пасля зацвярджэння будаўнічай нормы «Жылыя будынкі» пры будаўніцтве і рэканструкцыі дамоў, незалежна ад іх паверхавасці, будзе стварацца безбар'ернае асяроддзе. Пры распрацоўцы новых нормаў спецыялісты Мінбудархітэктуры атрымалі даручэнне, каб і вертыкальныя, і гарызантальныя камунікацыі былі безбар'ерныя — каб кожны чалавек, які страціў здольнасці да перамяшчэння, мог адчуваць сябе камфортна ў сваёй кватэры, пад'ездзе, доме. «У прыватнасці, пастаўлена задача, каб у шматкватэрных блакіраваных жылых дамах, якія будуюцца для грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, або іншых катэгорый грамадзян, былі ліфты», — адзначыла Вольга Верамей.

Дырэктар РУП «Будтэхнорм» Ігар Лішай дадаў, што да змен павінны быць гатовыя і інфраструктура, і грамадзяне. Прылада пад'ёмнага механізма і яго эксплуатацыя патрабуюць дадатковых фінансавых выдаткаў і рашэнняў. «Перад тым як уносіць гэтую норму, праводзілі шэраг нарад, збіралі прадстаўнікоў Дзяржпрамнагляду, Мінжылкамгаса, спецыялізаваных абслуговых арганізацый. І гэтае пытанне будзе вырашацца комплексна», — сказаў ён. У якасці прыкладу Ігар Лішай прывёў невялікія населеныя пункты, дзе неабходна забяспечыць абслугоўванне ліфтавай гаспадаркі. «Службы нібыта гатовыя, але паглядзім, што з гэтага атрымаецца ў рэальнасці».

— Напрыклад, будуецца дом у раённым цэнтры. Абсталёўваецца ліфтам. І адразу паўстае пытанне: а куды будзе выводзіцца сігнал? Зразумела, што ў Мінску створаны дыспетчарскія службы. І калі чалавек затрымаўся, націснуў кнопку — там адкажуць і прыедуць на дапамогу. А ў невялікім населеным пункце, дзе ліфтаў ніколі не было, неабходна падумаць, куды выводзіць сігнал, хто і як хутка зможа аказаць дапамогу. Бо норму заўсёды проста ўнесці. Як яе рэалізаваць — вось у чым пытанне.

Акрамя таго, магчыма, гэтай нормай будуць незадаволеныя некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян, якія кожную капейку лічаць. Бо, напрыклад, для трохпавярховага жылога дома з ліфтам кошт квадратнага метра жылля будзе значна вышэйшы, чым калі б пад'ёмнай прылады не было.

Новая норма будзе абавязковая. Акрамя новабудоўляў, яна закране і дамы, якія рэканструююцца. Чакаецца, што новаўвядзенне ўвойдзе ў сілу з сакавіка наступнага года.

50 «квадратаў» — максімальная кватэра-студыя

А яшчэ ў нашай краіне хутка ўстановяць больш жорсткія патрабаванні да кватэр са свабоднай планіроўкай. Гэтая норма накіравана на павышэнне бяспекі будынкаў.

Па словах Ігара Лішая, гэтае пытанне не ўрэгулявана. Бывае, уласнікі кватэр пры рамонце памяшканняў усталёўваюць перагародкі без уліку іх уплыву на канструкцыю дома. Не ўлічваюцца крытэрыі падмурка і пліт перакрыццяў. Цяпер жа вяртаюцца мінімальныя патрабаванні на гэты конт.

У прыклад спецыяліст прывёў замежны вопыт, калі ў праект уносяцца ўсе неабходныя рашэнні, а пры куплі будучыя новыя жыльцы адмаўляюцца ад асобных элементаў. Пры гэтым апорная здольнасць разлічваецца пры поўным камплекце перагародак. Праекціроўшчык разумее, як пераразмяркоўваецца нагрузка і ці можна прыняць адмову ад некаторых элементаў, бо гэта небяспечна.

У прыватнасці, будзе абмежаваная плошча кватэр-студый, якія не змогуць быць большыя за 50 квадратных метраў. Вызначаны мінімум абавязковых работ: наяўнасць стаяка каналізацыі, абсталяванне сантэхнікай ваннай і туалета, разводка праводкі (без падключэння канкрэтных прыбораў). Па словах спецыяліста, цяпер на рынку прадстаўлены ў тым ліку кватэры са свабоднай планіроўкай плошчай 100—180 «квадратаў», дзе падведзена толькі электрычнасць да ўваходных дзвярэй. Пасля здачы дома ў эксплуатацыю жыхары перабудоўваюць прастору, у тым ліку без дапамогі спецыялістаў. Навасёлы дзяўбуць сцены, завозяць тоны пяску і іншых будаўнічых матэрыялаў, такім чынам ствараючы нагрузку на пліты перакрыццяў. «Усё ж такі мы ў гэтай дэмакратыі зайшлі занадта далёка», — лічыць эксперт.

Акрамя таго, пры свабоднай планіроўцы ванна можа знаходзіцца над спальняй суседа, якую пры прарыве стаяка залье. Змяненне будаўнічых нормаў дасць магчымасць пазбегнуць такіх сітуацый. Як часовае рашэнне праблемы рыхтуецца інфармацыйны ліст на заказчыкаў і праектныя арганізацыі, дзе гаворыцца аб вяртанні мінімальных патрабаванняў. Суразмоўца не лічыць, што норма негатыўна адаб'ецца на рынку такога жылля. Гэта аснова для пераходу на адмаўляльныя работы, якія раней, па сутнасці, і былі.

33 нормы, а ўсяго — каля 70

Вольга Верамей адзначыла, што да канца года ў міністэрстве будзе дадаткова зацверджана яшчэ 26 будаўнічых нормаў. Як вядома, першыя сем набылі сілу ў лістападзе. Астатнія будуць дапрацаваныя да пачатку новага года.

— Цяпер яны накіраваны на прававую экспертызу. Гэтыя нормы датычацца бяспечнай эксплуатацыі будынкаў, у тым ліку інжынерных камунікацый, распрацоўкі праектаў па ключавых інжынерных збудаваннях — мастах і трубах. Яны будуць уведзеныя ў дзеянне з 1 лютага 2020 года, — адзначыла начальнік упраўлення.

Усяго ў будаўніцтве будзе ўжывацца максімум 65—70 спецыяльных нормаў. Іх плануюць зацвердзіць налета. Як растлумачыў Ігар Лішай, на сённяшні дзень ужо вядома пра 62 будаўнічыя нормы, якія падрыхтоўваліся Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва. На яго погляд, згодна з 217-м Указам Прэзідэнта спецыялісты міністэрства павінны перагледзець прапановы ўсіх дзяржорганаў па змяненні іх ведамасных дакументаў, якія павінны ўключыць у будаўнічыя нормы. Таму што і ў МНС, і ў Мінэнерга, і ў Міністэрства аховы здароўя былі свае дакументы, якія пашыраліся раней на праектаванне будынкаў і збудаванняў. Канчатковая задача экспертаў цяпер — сабраць гэтыя патрабаванні і зразумець, што трэба ўключыць у абавязковыя нормы. Таму колькасць дакументаў яшчэ канчаткова не вызначана.

Што не забаронена, тое можна

Увядзенне будаўнічых нормаў істотна спросціць увядзенне новых будаўнічых матэрыялаў і сучасных тэхналогій. Гэта адбудзецца таму, што ў сферы будаўніцтва жылля не будзе канкрэтных аб'ёмна-планіровачных канструктыўных рашэнняў, абавязковых прадпісанняў, якія выклікаюць нараканні як арганізацый, так і грамадзян.

Цяпер будуць толькі параметры бяспекі. Калі тэхналогія, будматэрыял іх забяспечваюць, значыць, яны могуць ужывацца. Напрыклад, на рынку з'явілася цэгла, якая ў разы перавышае памерам стандартны прадукт і ўкладваецца як
канструктар.

Нормы актуальныя і для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Мэта новаўвядзенняў — зрабіць тэхнічныя рашэнні такімі, каб у грамадзяніна і праектнай арганізацыі была магчымасць пабудаваць кватэру і дом сваёй мары. Вольга Верамей нагадала, што ў краіне створаны фонд праектнай дакументацыі, у тым ліку малапавярховай забудовы. Даслаўшы запыт, можна за плату атрымаць гатовы праект, які прайшоў экспертызу.

— Наша краіна знаходзіцца на важным пераломным этапе ў дачыненні да тэхнічнага нарміравання ў сферы будаўніцтва, — адзначыў Ігар Лішай. — Указ № 217 дакладна вызначыў, хто мае права ўстанаўліваць патрабаванні да праектавання, будаўніцтва будынкаў і збудаванняў, — раней гэта заканадаўча не было ўрэгулявана: кожны орган дзяржкіравання ў рамках сваёй кампетэнцыі мог прымаць тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, якія насілі абавязковы характар. Узнікалі прававыя калізіі, калі ў дачыненні да аднаго аб'екта, тэхнічнага рашэння дзейнічала некалькі дакументаў.

Паралельна з распрацоўкай будаўнічых нормаў рыхтуюцца будаўнічыя правілы. «Мы нацэленыя на тое, каб спачатку зрабіць будаўнічыя нормы. Але ў тых выпадках, калі яны не могуць існаваць без будаўнічых правілаў, апошнія будуць прымацца адначасова. Цалкам перапрацаваць дакументы плануем у 2021—2022 гадах. Да гэтага моманту дзейнічаюць тэхнічныя кодэксы ўстаноўленай практыкі (ТКП) — іх больш за 300. Мяркуецца іх паэтапная адмена», — патлумачыў Ігар Лішай.

Дарэчы

У Беларусі Указам ад 5 чэрвеня 2019 года № 217 уведзены новыя віды тэхнічных нарматыўных прававых актаў — будаўнічыя нормы і правілы. Будаўнічыя нормы Беларусі (БНБ) — гэта патрабаванні ў галіне бяспекі будынкаў і збудаванняў, прызначаныя для абавязковага прымянення. Будаўнічыя правілы Беларусі (БПБ) — спосабы дасягнення будаўнічых нормаў. Прымяняцца БПБ будуць на добраахвотнай аснове.

Тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты іншых дзяржаўных органаў у частцы, што ўстанаўлівае абавязковыя патрабаванні пры праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў, падлягаюць прызнанню страціўшымі сілу пасля ўвядзення ў дзеянне БНБ і БПБ. Для праектнай дакументацыі, якая знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, і аб'ектаў, будаўніцтва якіх распачата да ўвядзення ў дзеянне нормаў і правілаў, прадугледжаны пераходны перыяд.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».