Вы тут

Лукашэнка: Спорт стаў палітыкай. Гэта вайна без правіл


Прэзідэнт уручыў узнагароды нацыянальнай сборнай па веславанні на байдарках і каноэ.

Адпаведны Указ Прэзідэнт падпісаў 28 кастрычніка.


Медаль «За працоўныя заслугі» атрымаў трэнер-выкладчык філіяла «Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву» Міхаіл Азёмша, старэйшыя трэнеры нацыянальнай каманды Беларусі Мікалай Банько і Генадзь Галіцкі. Гэтай узнагароды ўдастоены таксама спартсмены-інструктары нацыянальнай каманды Марына Літвінчук і Вольга Худзенка. Ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» прысвоена спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды Арцёму Козыру.

«Стала добрай традыцыяй сустракацца тут, каб сказаць усім, — хто праслаўляе Беларусь, здзіўляе ўвесь свет, вялікі дзякуй», — сказаў Прэзідэнт.

Нацыянальную зборную па веславанні на байдарках і каноэ кіраўнік краіны назваў «самай стабільнай і паспяховай у дзесяцігоддзі, а іх від спорту — праўдзіва беларускім, бо яго традыцыі непарыўна звязаны са шматвяковай культурай і побытам Беларусі, краю тысячы рэк і азёр».

Беларускія балельшчыкі даўно прызвычаіліся да перамог байдарачнікаў і канаістаў на самых буйных міжнародных спаборніцтвах. З кожнага турніру, уключаючы Алімпійскія гульні, яны вяртаюцца з медалямі, канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

4 залатых, 2 сярэбраных і 2 бронзавых медаля Марыны Літвінчук і Вольгі Худзенка, «золата» Арцёма Козыра на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Усяго па выніках спраборніцтва беларускія байдарачнікі і канаісты заваявалі 10 узнагарод. Пераможную серыю спартсмены працягнулі і ў жніўні на чэмпіянаце свету ў венгерскім Сегедзе, дзе зборная ўзяла 14 медалёў, шэсць з якіх залатыя. Спартсмены перамаглі ў камандным заліку і пакінулі ззаду іншых лідараў сусветнага веславання — зборныя Германіі, Венгрыі, Кітая, Расіі, Новай Зеландыі.

«У чэрвені падчас Другіх Еўрапейскіх гульняў я з вялікім задавальненнем гэта назіраў. Я ўважліва сачыў за гарачымі жнівеньскімі баталіямі на чэмпіянаце свету ў венгерскім Сегедзе, дзе вы даказалі, што беларусам сёння няма роўных у свеце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асабліва ён адзначыў экіпаж байдаркі-двойкі — Марыну Літвінчук і Вольгу Худзенка. У Венгрыі гэты залаты дуэт двойчы ўздымаўся на вышэйшую ступень пастамента пашаны. Падзякаваў Аляксандр Лукашэнка і камандзе, бо ў гэтым відзе спорту нават 2 і 3 месцы, проста выступленні складаюць аснову для перамог вялікіх спартсменак.

15 узнагарод маладзёжнай і юніёрскай зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы ў Рачыцы (Чэхія) — пацверджанне не толькі спартыўнага майстэрства атлетаў, але і выдатнай школы веславання, самааданай працы трэнераў, упэўнены Прэзідэнт.

«Тыдзень таму на Алімпійскім сходзе мы падводзілі вынікі выступленняў нашых спартсменаў у гэтым годзе: на чэмпіянатах свету ў алімпійскіх дысцыплінах, як я ўжо гаварыў, мы заваявалі восем медалёў. І пяць з іх — на рахунку вашай і нашай каманды! Усе гэтыя дасягненні — сведчанне таго, што ў Беларусі створана моцная нацыянальная школа веславання. Нашы юныя таленты перамагаюць не толькі на юніёрскіх стартах, але і паспяхова пераходзяць на найвышэйшы ўзровень», — канстатаваў лідар дзяржавы.

І гэта ён назваў выключэннем для нашай краіны. Выдатная, таленавітая моладзь выйгрывае ў розных відах спорту. «Як толькі даходзім да дарослых: дзе яны? Іх няма. Растварыліся па дарозе, — сказаў Прэзідэнт. — Таму вы, хутчэй за ўсё, выключэнне, калі моладзь падцягваецца да дарослых і перамагае».

Выклікае павагу, па словах Аляксандра Лукашэнкі, што настаўнікі пастаянна перажываюць за свой від спорту, за кожнага выхаванца, упарта працуюць, не шкадуючы сіл, часу і здароўя. Нагадаў Прэзідэнт і пра першых трэнераў, якія вучылі чэмпіёнаў азам, заклалі асновы тэхнікі, далі пуцёўку ў вялікі спорт: «Без гэтых першых трэнераў гэтая россып узнагарод і гэтая ўрачыстая сустрэча была б сёння немагчымая».

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў удзельнікам сустрэчы за вялікую працу, волю да перамогі і за высокія вынікі, але перасцярог — галоўны экзамен наперадзе. Да Алімпіяды ў Токіа засталося практычна паўгода.

«І вы не горш за мяне разумееце, што ў Японіі вас чакае жорсткая, бескампрамісная барацьба ў складаных кліматычных умовах, — заўважыў Прэзідэнт. — Коль вы ўжо ўзялі такую планку, канкрэтызую, вам прыйдзецца скакаць. Пад планку ні ў якім разе нельга. У вас тытулаваныя супернікі, якія таксама мэтанакіраваны на поспех і вельмі напружана рыхтуюцца да Алімпіяды. Перакананы, што вы зможаце ўсё пераадолець і абавязкова хоць на імгненне, больш не трэба, апярэдзіце канкурэнтаў».

Кіраўнік краіны адзначыў, што веславанне — самы складаны від спорта, таму дзяўчынам ад яго асаблівыя словы падзякі.

Ён пажадаў гасцям Палаца Незалежнасці моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у маючых адбыцца выступленнях і нагадаў, што велізарнае войска беларускіх балельшчыкаў верыць у іх перамогу.

Таксама Прэзідэнт аб’явіў падзяку за высокі прафесіяналізм, выдатныя спартыўныя вынікі, шматгадовую працу ў сферы і асабісты ўнёсак у забеспячэнне высокакваліфікаванага медыцынскага абслугоўвання 8 стартсменам-інструктарам, 13 трэнерам і 2 трэнерам-урачам у гэтым відзе спорта. За выключныя дасягненні і заслугі ў развіцці алімпійскага руху Ордэнам Нацыянальнага алімпійскага камітэту ўзнагароджаны галоўны трэнер зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч.

Даведка

Права ўдзелу ў ХХХІІ Алімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа заваявалі 12 беларускіх байдарачнікаў і канаістаў. Яны прадставяць краіну ў сямі нумарах праграмы — байдарка-адзіночка, мужчыны 1000 м; байдарка-чацвёрка, мужчыны, 500 м; байдарка-адзіночка, жанчыны, 500 м; байдарка-двойка, жанчыны 500 м; байдарка-чацвёрка, жанчыны 500 м; каноэ-адзіночка, жанчыны, 200 м; каноэ-двойка, жанчыны, 500 м.

«У нашай краіне яшчэ вельмі магутная школа веславання, якая пайшла з 50-х гадоў XX века»

Са словам у адказ да прысутных звярнуўся галоўны трэнер зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч: «Я сёння шмат мог бы сказаць аб той камандзе, якая сфарміравалася не за адзін дзясятак год. Вельмі цікавыя прадстаўнікі селекцыйнага адбору. Гэта тыя, якія вучаць падстраенню рухаў, фарміраванню тэхнічнага выканання, развіццю неабходных якасцяў. Гэта тая школа веславання, якая пайшла з 50-х гадоў XX века. Яна ў нашай краіне яшчэ вельмі магутная. Усе задаюць пытанне, чым жа яна магутная? Крыху мы адрозніваемся ад іншых відаў спорту ў нашай краіне. Мы — калектыў аднадумцаў, якія жывуць гэтай справай. Сёння многія кажуць з трыбуны, што трэба працаваць. А гэты калектыў, мне здаецца, ён жыве гэтай справай 24 гадзіны ў суткі».

Уладзімір Шантаровіч у сваёй прамове адзначыў, што «на Алімпіяду спартсмены едуць не веславаць, а біцца за ўзнагароды. І паедуць туды толькі сапраўдныя воіны». 

На гэтую думку звярнуў увагу і Прэзідэнт. «Той жа хакей, футбол, дзе нам хацелася, каб было так, як у вас, — гэта сёння не спаборніцтва і нават не бітва, як ты сказаў, а вайна. Таму што спорт стаў палітыкай, — сказаў лідар. — Гэта вайна без правіл».

Абурыўся і асудзіў кіраўнік дзяржавы спартсменаў, якія спаборнічаюць толькі дзеля меркантыльных мэтаў: «Як магчыма спаборнічаць за грошы? Я не разумею. Спаборнічаць трэба за перамогу, а пасля перамогі прыходзь і патрабуй, што ты лічыш неабходным».

Кіраўнік краіны звярнуў увагу, што пачаў жорстка падыходзіць да функцыянераў сферы, трэнераў і спартсменаў, бо неабходныя вынікі. Для асноўных відаў спорта створаны ўсе неабходныя ўмовы. Прэзідэнт расказаў, што парадаваўся чэмпіёнству футбольнага клуба «Дынама»: «Не таму, што „БАТЭ“ мне не родная каманда. Мне „БАТЭ“ таксама родная каманда, як і ўсе іншыя. І я „БАТЭ“ паабяцаў тады стадыён пабудаваць, калі яны будуць добра гуляць. Як бы ні было складана, мы яго пабудавалі. Але я рады за Брэст, бо з’явілася валявая, канкурэнтная каманда, кіраўнікі, трэнеры і не за дзяржаўны рахунак. Прыйшлі і перамаглі». Кіраўнік краіны спадзяецца, што ў такой канкурэнцыі пачне адраджацца беларускі футбол.

На сустрэчу былі запрошаны і першыя настаўнікі чэмпіёнаў. Марына Літвінчук размаўляла з журналістамі ў тым ліку споруч са сваім трэнерам Мікалаем Бобрусам. Зараз Марына Літвінчук хварэе сэрцам за базу ў горадзе Петрыкаве, у якой яна рабіла свае першыя крокі ў вялікі спорт. «Я сама з вёскі. І гэтага не саромеюся. Я дзякую Мікалаю Анатольевічу, ён прапанаваў мне займацца, калі я не мела ўяўлення, што гэта такое. Мне было 13 гадоў», — распавяла спартсменка. Паводле яе слоў, маці была супраць, а тата сказаў: «Хай паспрабуе, тым больш што яна любіць ваду». 

Заслужаны майстар спорту Арцём Козыр зараз займаецца падрыхтоўкай да галоўнай спартыўнай падзеі 2020 года — Алімпіяды. «Маю дыстанцыю прыбралі, і я буду старацца перакваліфікавацца на больш доўгую дыстанцыю. Зараз уся праца накіравана на тое, каб кваліфікавацца, — паведамляе аб планах спартсмен. — Падзея гэта вельмі матывуе. Я атрымаў тую ўзнагароду, да якой вельмі доўга ішоў, вельмі хацеў».

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.