Вы тут

Кампанія па вакцынацыі ад грыпу завяршаецца


У гэтым сезоне ў Беларусі яшчэ не фіксавалі выпадкаў грыпу. Пакуль што людзі хварэюць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі негрыпознага паходжання. Гэта адэнагрып, парагрып, рэспіраторна-сінтыцыяльны вірус. Уздыму захваральнасці спецыялісты чакаюць у канцы студзеня — пачатку лютага. Тым часам у краіне працягваецца кампанія па вакцынацыі, яна будзе доўжыцца да 1 снежня. Ужо прышчэплена прыблізна 38% насельніцтва.


— Да канца лістапада, як мы разлічваем, скончыцца актыўная фаза. Наша задача — зрабіць прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу як мінімум 40% насельніцтва. Вакцынацыя сёлета ідзе вельмі актыўна. Зараз прышчэплена ўжо за 38 %, а гэта больш за 3,5 мільёна чалавек, — расказвае загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка ВЫСОЦКАЯ.

На мінулым тыдні ў Беларусі з'явілася чатырохвалентная французская вакцына супраць грыпу «Ваксігрып Тэтра». Ёю прышчэпліваюць толькі платна. Спецыяліст дадала, што вакцыны ад грыпу ёсць ва ўсіх медыцынскіх установах у дастатковай колькасці. І растлумачыла прычыны пазнейшай пастаўкі ў гэтым годзе.

— Сёлета Сусветная арганізацыя аховы здароўя на месяц пазней аб'явіла рэкамендаваны штамавы састаў вакцын. А для іх вытворчасці трэба як мінімум шэсць месяцаў. Таму пастаўка адбываецца крыху пазней. Але, зыходзячы з эпідэмічнай сітуацыі, мы можам рабіць прышчэпкі і ў пачатку снежня.

У гэтым сезоне ў Паўночным паўшар'і будуць цыркуляваць тры штамы віруса грыпу: адзін аналагічны леташняму і два новыя, якія раней шырока не цыркулявалі і імунітэт да іх не сфарміраваны: A/Brіsbane/02/2018 (H1N1) pdm09-падобны вірус, A/Kansas/14/2017 (H3N2).

З 2012 года вакцынацыя супраць грыпу ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Беларусі і праводзіцца бясплатна некаторым групам насельніцтва. У іх ліку дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, людзі з імунасупрэсіяй, пажылыя асобы ад 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам, работнікі дзяржорганаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. За кошт мясцовых бюджэтаў бясплатна вакцынуюцца школьнікі, іншыя дзеці, якія наведваюць арганізаваныя калектывы, студэнты.

Групы рызыкі бясплатна прышчапляюць вакцынай «Грыпол плюс» (Расія). Прадпрыемствы могуць самі выбраць, якую вакцыну закупаць для сваіх супрацоўнікаў. Таксама ў Беларусі прышчапляюць вакцынамі «Ваксігрып» і «Ваксігрып Тэтра» (Францыя), «Інфлювак» (Нідэрланды).

Імунітэт супраць хваробы з'яўляецца на працягу 10 дзён, часам хутчэй, і захоўваецца ад 6 месяцаў да года. Таму прышчэпкі ад грыпу рэкамендуецца рабіць штогод. Тым больш што састаў вакцын кожны раз мяняецца ў залежнасці ад прагназаваных актыўных штамаў віруса.

Спецыялісты адзначаюць, што прафілактыка на ўзроўні 40 % — гэта неабходны мінімум. Для фарміравання калектыўнага імунітэту, які не дасць распаўсюдзіцца захворванню, трэба, каб са 100 чалавек 80 былі прышчэпленыя, расказаў прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей ЖАВАРОНАК.

— Захваральнасць грыпам сярод прышчэпленых у мінулым сезоне была амаль у 13 разоў ніжэйшыя, чым сярод непрышчэпленых. Каля 98 % людзей з лабараторна пацверджаным грыпам летась не былі вакцыянаваны, — кажа Вераніка Высоцкая. — У цэлым паказчык захваральнасці мінулага года быў 16,8 на 100 тысяч насельніцтва. Гэта вельмі мала.

Акрамя вакцынацыі, у перыяд змены надвор'я і пахаладанняў медыкі раяць выконваць неспецыфічныя спосабы прафілактыкі.

— Рацыянальнае харчаванне, гігіена рук і рэспіраторны этыкет — простыя, але неабходныя правілы для прадухілення інфекцыйных хвароб, — адзначыла Вераніка Высоцкая.

Па магчымасці варта скараціць знаходжанне ў шматлюдных месцах. І старацца не кантактаваць з людзьмі, у якіх назіраюцца прыкметы рэспіраторнай інфекцыі: кашаль, павышэнне тэмпературы. Дома, у офісах і працоўных калектывах рэгулярна праветрывайце памяшканні і ўвільгатняйце паветра. Гэта стварае ўмовы, у якіх вірус не можа размнажацца.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Калі чакаць грып?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.