Вы тут

Запаволенне інфляцыі не прывядзе да абмежавання эканамічнага росту


Эксперты адзначылі, што інфляцыйныя чаканні наўпрост залежаць ад рэальных інфляцыйных усплёскаў на рынку.

Перад пачаткам семінара «Палітыка для росту», які праводзіўся ў Нацыянальным банку, намеснік старшыні праўлення гэтага ведамства Дзмітрый Калечыц расказаў пра далейшыя крокі па забеспячэнні ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі. У прыватнасці, ён заявіў, што «цяпер вельмі важна сканцэнтраваць усе намаганні на мэтах эканамічнага развіцця краіны. Пачата распрацоўка пяцігадовай праграмы. Тыя ідэі, якія будуць крышталізавацца ў рамках абмеркаванняў, могуць увайсці ў праграму, якая вызначыць, куды будзем рухацца».


Патрабуецца карэкціроўка заканадаўства

Неабходная ўмова для ўстойлівага развіцця — макраэканамічная стабільнасць. Гэтае паняцце складаецца з двух элементаў — фінансавай і цэнавай стабільнасці. «Менавіта падобныя пытанні мы разглядаем у якасці асноўных мэт Нацбанка. Адпаведныя змены ў заканадаўстве неабходныя для таго, каб мы маглі эфектыўна рэалізоўваць гэтыя задачы, унесеныя на разгляд у органы дзяржаўнага кіравання. Разлічваем на цесны дыялог і ўзаемадзеянне ў гэтай галіне з нашымі калегамі з іншых эканамічных ведамстваў, а таксама на тое, што гэтыя змены будуць падтрыманыя і прынятыя», — адзначыў Дзмітрый Калечыц.

На семінары абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння Нацбанка з Міністэрствам фінансаў. Гаворка вялася пра тое, што «збалансаванасць падаткова-бюджэтнай і пазыковай палітыкі з'яўляецца краевугольным каменем з пункту гледжання эфектыўнасці рэалізацыі нашых мэт і ў цэлым забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці, а значыць, і ўстойлівага эканамічнага росту».

Кантраляваць грашовую масу

А вось тэмпы росту крэдытавання банкамі эканомікі захоўваюцца на ўмераным узроўні, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення прагназавання Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка Аляксандр Янушкевіч.

На яго думку, захаванне кантролю над грашовай прапановай дазволіла знізіць інфляцыю і падтрымліваць яе на мэтавым узроўні — каля 5 %. Акрамя таго, запаволенне інфляцыйных працэсаў дазволіла знізіць намінальныя працэнтныя стаўкі ў эканоміцы. Пры гэтым тэмпы росту крэдытавання банкамі эканомікі захоўваюцца на ўмераным узроўні, які адпавядае бягучай макраэканамічнай сітуацыі. Павялічваецца попыт на рублёвыя рэсурсы, і гэта адлюстроўвае працэсы дэвалютызацыі ў эканоміцы і павышэння даверу да беларускага рубля.

Як вядома, пачынаючы з 2015 года рэалізацыя курсавой палітыкі Нацыянальнага банка ажыццяўляецца ў рэжыме плаваючага курса. Правядзенне валютных інтэрвенцый дапускаецца з мэтай згладжвання рэзкіх ваганняў курса і для папаўнення золатавалютных рэзерваў. Па бягучых ацэнках, рэальны эфектыўны курс знаходзіцца паблізу свайго раўнаважнага ўзроўню.

У той жа час цэнавая і фінансавая стабільнасць з'яўляецца адной з першарадных умоў забеспячэння ўстойлівага і збалансаванага росту любой эканомікі. «Нацбанк у сваёй дзейнасці прытрымліваецца гэтых прынцыпаў. Цэнавая стабільнасць з'яўляецца асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі, якая з 2015 года рэалізуецца ў рэжыме манетарнага таргетавання. Нацбанк праводзіць неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы для пераходу да таргетавання інфляцыі», — адзначыў спецыяліст.

Чым небяспечнае празмернае змякчэнне манетарнай палітыкі?

У нашай краіне назіраецца макраэканамічная стабілізацыя, але яна не стане прычынай запаволення эканамічнага росту, лічыць старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BЕRОС Дзмітрый Крук.

«Калі мы гаворым пра ўстойлівыя тэмпы росту, адказныя за ўзровень даходаў, то да іх манетарная палітыка не мае роўным лікам ніякага дачынення. На кароткатэрміновыя тэмпы росту такая палітыка сапраўды можа аказваць некаторы ўплыў», — заявіў эксперт.

Таму важна, каб усе ў краіне нарэшце пагадзіліся з тым, што манетарная палітыка не можа і не павінна быць задзейнічана ў вырашэнні праблем росту ў сярэднетэрміновай перспектыве. Навуковы супрацоўнік таксама звярнуў увагу на тое, што могуць быць фактары, якія абумоўліваюць неабходнасць больш актыўнага падыходу да манетарнай палітыкі. Бываюць выпадкі, калі слабы выпуск грашовай масы абвастрае сацыяльныя выклікі. Сітуацыю прапануецца вырашаць у тым ліку з дапамогай стымулюючай палітыкі, часткова ва ўрон паказчыкам макраэканамічнай стабільнасці.

Іншую думку выказваюць банкі, гаворачы пра прынцып найменшага зла. Бо з запаволеннем тэмпаў росту эканомікі з сярэдзіны 2018 года шматлікім пазычальнікам зноў стала складаней плаціць па даўгах. Такім чынам, трэба прыняць гэта пад увагу і праводзіць больш актыўную палітыку, працягнуў Дзмітрый Крук.

«Але калі казаць пра тое, што трэба мэтанакіраванае стымуляванне выпуску за кошт манетарнай палітыкі, то большасць ужо прызнае, што гэта не працуе», — адзначыў спецыяліст BЕRОС. Ён таксама спыніўся на тым, што манетарнай палітыцы трэба пэўная ступень абароны, бо колькасць шокаў, якія могуць паўплываць на манетарнае асяроддзе, даволі вялікая.

Інфляцыйныя чаканні застаюцца незаякаранымі

У 2015—2016 гадах вялася стрымальная манетарная палітыка. Але ключавы фактар, які тлумачыць значную частку таго, што адбывалася ў Беларусі апошнія пяць гадоў, — высокія інфляцыйныя чаканні. Яны да пачатку 2015 года ўзляцелі да нябёс, што прывяло да досыць жорсткай палітыкі Нацбанка, якому важна было не даць ім рэалізавацца. Праблема ў тым, адзначыў эксперт, што ў нашай краіне інфляцыйныя чаканні застаюцца незаякаранымі.

Інфляцыя і інфляцыйныя чаканні маюць моцныя двухбаковыя прычынна-выніковыя сувязі. Чаканні ўплываюць на інфляцыю, а інфляцыя — на чаканні. У Беларусі гэтыя сувязі вельмі моцныя. Значна лепшай з'яўляецца сітуацыя, калі ў вас на інфляцыйныя чаканні фактычны ўзровень інфляцыі ўплывае істотна менш. Гэта называецца заякаранымі інфляцыйнымі чаканнямі. Так бывае, калі ўлады змаглі дамагчыся сітуацыі, пры якой ім давяраюць настолькі, што эканамічныя шокі не выліваюцца ва ўсплёск інфляцыйных чаканняў. У нас жа гэтыя сувязі моцныя і двухбаковыя.

Дзмітрый Крук не раіць больш актыўна зніжаць працэнтныя стаўкі, пакуль не заякараны інфляцыйныя чаканні. У адваротным выпадку ўзнікае рызыка пераходу эканомікі ў аварыйны рэжым. Эксперт шматзначна заўважыў, што стан манетарнай палітыкі блізкі да нейтральнага, і гэта ўжо вялікае дасягненне на фоне 2011 года. І адбылося гэта дзякуючы зніжэнню інфляцыйных чаканняў. Але пакуль — з двухбаковымі сувязямі...

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: Depositphotos.com

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.