Вы тут

Юрыдычная кансультацыя. Ці можна прымусіць мужа-фіна вярнуцца ў Беларусь разам з дачкой?


«Мой муж — фін. На лета ён паехаў з нашай 10-гадовай дачкой адпачыць да сябе на радзіму. Пачалася школа, а яны так і не вярнуліся. Ён кажа, што Паліна прывыкла, збіраецца вучыцца ў Фінляндыі, вяртацца не хоча. Пагаварыць з ёй ён мне не дае. Ці можна прымусіць яго вярнуцца ў Беларусь разам з дачкой? Я ж не пагаджалася на тое, каб яна там засталася жыць».

Надзея М., Мінск


— Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей ад 25 кастрычніка 1980 года. Гэты дакумент скіраваны на забеспячэнне неадкладнага вяртання непаўналетняга ў краіну пастаяннага пражывання, калі ён быў вывезены адным з бацькоў у іншаземную дзяржаву з парушэннем правоў апекі або доступу другога з бацькоў, — тлумачыць Марына ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі. — Той з бацькоў, хто перамяшчае малога за мяжу без згоды другой «паловы», парушае права дзіцяці на стасункі з абодвума бацькамі, якое замацавана ў Канвенцыі аб правах дзяцей. Калі дамовіцца паміж сабой мірна не атрымліваецца, перш за ўсё дзеля інтарэсаў дзіцяці, пачынаюць дзейнічаць механізмы Канвенцыі.

Вы маеце права звярнуцца з заявай аб вяртанні дзіцяці, калі дзяржава, куды перавезлі дзіця, з'яўляецца ўдзельнікам Канвенцыі. (Беларусь далучылася да Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей у 1997 годзе.)

Форма заявы аб вяртанні дзіцяці змешчана на сайце Міністэрства юстыцыі («Дзейнасць» — «Міжнароднае супрацоўніцтва» — «Міжнародная прававая дапамога» — «Канвенцыя аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей ад 25 кастрычніка 1980 года»).

Заявы і дакументы да яе павінны суправаджацца перакладам на афіцыйную мову дзяржавы, якая запытваецца. Пакет дакументаў трэба накіраваць у Мінюст для наступнай перадачы яго кампетэнтнаму органу іншаземнай дзяржавы, дзе знаходзіцца дзіця, альбо можна самастойна накіраваць іх адразу ў адпаведную ўстанову ў Фінляндыі.

Папярэджу, што адзін з бацькоў або асоба ці арганізацыя, якія маюць права апекі адносна дзіцяці, могуць звярнуцца з заявай аб вяртанні непаўналетняга пры адначасовым выкананні наступных умоў. Дзіцяці не споўнілася 16 гадоў. Перад вывазам за мяжу яно стала пражывала ў краіне — удзельніцы Канвенцыі і перамешчана ў іншую дзяржаву, якая таксама ўдзельнічае ў Канвенцыі. (Фінляндыя — удзельнік Канвенцыі, як і больш за 100 іншых краін свету.) На момант перамяшчэння правы апекі адносна дзіцяці ажыццяўляліся эфектыўна або маглі б здзяйсняцца, калі б малога не вывезлі.

Прымаючы рашэнне аб вяртанні, суды ўлічваюць такія моманты, як працягласць і перыядычнасць, умовы і прычыны знаходжання дзіцяці ў дзяржаве і пераезд сям'і ў гэтую краіну. Прымаюцца да ўвагі таксама нацыянальнасць малога, веданне мовы, сямейныя і сацыяльныя сувязі дзіцяці ў дзяржаве.

З дзесяці гадоў, дарэчы, суд ужо можа ўлічваць жаданне самога дзіцяці наконт таго, з кім з бацькоў яно хоча застацца. Разам з іншымі абставінамі меркаванне малога будзе ўлічвацца судом пры вынясенні рашэння.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. Разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы.

Ірына СІДАРОК

Прэв'ю: retail-loyalty.org

Загаловак у газеце: Вярніце мужа з дачкой!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках

Грамадства

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

22 чэрвеня 1943 года партызаны атрада «Бальшавік» здзейснілі нападзенне на фашысцкі гарнізон у былым саўгасе «Косіна».

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.