Вы тут

Копія з копіі


У школьны бацькоўскі чат прыйшло паведамленне ад настаўніцы: «Трэба зрабіць навагоднія цацкі для ёлкі ў школьнай бібліятэцы». Многія знаёмыя, бацькі вучняў малодшых класаў і выхаванцаў старэйшых груп у садках таксама атрымалі падобныя «дамашнія заданні», прычым у некаторых выпадках зацвярджаўся нават выгляд будучых цацак і выцінанак-сняжынак.


Што ж у гэтым дрэннага, скажаце вы, — падрыхтоўка да свята, творчасць, калектыўная работа галавой і рукамі, усё як мае быць. Так, ды не так. Падрыхтоўка — зразумела. Але дзе месца для творчасці, дзе прастора для фантазіі, калі табе даводзяць канкрэтныя ўзоры, памер і матэрыял? «Нам на клас трэба трыццаць аднолькавых сняжынак — такая канцэпцыя, — расказвае прыяцелька, — а часу і імпэту ні ў кога з бацькоў няма, так што вырашылі закупіць некалькі лістоў гатовых кітайскіх налепак, балазе імі ўсе кірмашы ўжо заваленыя...»

Тут, як гаворыць гераіня добра вядомага сучасным бацькам і дзецям мультсерыяла, раскажу я вам казачку. Ну, не тое, каб зусім казачку, быль, але не першай свежасці. Адным з выдатных педагогаў-арганізатараў, якога мне пашчасціла сустрэць у дзяцінстве, быў Уладзімір Валянцінавіч — ён вёў у нас у заводскім летніку «Усход» творчыя гурткі: асновы фотасправы і выпальванне па дрэве. І трэба сказаць, што чарга ахвотных запісацца да яго заўсёды збіралася ў першы ж дзень змены, нягледзячы на строгі і адказны падыход: усе тлумачэнні настаўніка ўважліва выслухаць, паўтарыць, тройчы адмераць і толькі потым прыступаць да работы. Так, на выпальванні мы самі выбіралі жаданыя малюнкі — мультперсанажаў, тэхніку, прынцэс, нацюрморты — некаторыя прыносілі і карцінкі з часопісаў, акуратна перамалёўваючы іх праз кальку. Потым знаходзілі сярод загатовак фанеркі патрэбнага памеру, апрацоўвалі іх з дапамогай педагога, пераносілі малюнак, у некалькі прыёмаў выпальвалі, расфарбоўвалі, пакрывалі лакам, а напрыканцы змены, шчаслівыя, забіралі дамоў і хваліліся бацькам. Але ведаеце, што ў гэтай справе было самае каштоўнае і прыемнае? Што твая работа чымсьці адрознівалася ад іншых — колерам або памерам дошкі, таўшчынёй выпаленых ліній, спосабам штрыхоўкі... Адпаведна і стаўленне да дошчачкі, якую ты ўласнаручна ператварыў, хай і ў сціплы, але твор мастацтва, было паважлівае і беражлівае.

Іншая рэч, калі за цябе практычна ўсё зроблена і трэба толькі выбраць у краме гатовы набор для творчасці: карціны па нумарах, малюнкі для выпальвання з аднаразовым прыборам, канструктары, мазаікі, лялькі з фетру, арыгамі, гравюры, самаробныя магніты, зборныя мадэлі і г. д. Для дзяцей, якія толькі пачынаюць займацца канструяваннем, выяўленчым ці дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, гэта, безумоўна, карысна — каб наогул абудзіць цікавасць да творчасці, навучыць акуратнасці, паслядоўнасці і логіцы, засвоіць асноўныя прыёмы. Але не больш за тое. Каб насамрэч адчуць гармонію і прыгажосць, набыць індывідуальны стыль, адправіцца ў самастойны творчы палёт, трэба абавязкова выходзіць за межы прапанаваных трафарэтаў, шаблонаў і схем. Не верыце мне — паслухайце класіка. Леанарда да Вінчы прамым тэкстам казаў: «Жалю варты той вучань, які не перасягнуў свайго настаўніка». Словам, не заганяйце самі сябе ў рамкі бяздумнага капіравання, працавітыя кітайцы і сучасныя тэхналогіі нашмат хутчэй за вас зробяць мільён аднолькавых сняжынак. Дазвольце сабе, а тым больш дзецям, праявіць творчасць — і няхай нават першая выцінанка будзе крывая, але затое толькі ваша і на іншыя не падобная.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: artcveti.ru

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.