Актывісты Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы” атрымалі ўзнагароды з рук Амбасадара Беларусі ва Украіне Ігара Сокала
Дзякуючы газеце “Голас Радзімы” пра справы беларусаў замежжа ведаюць і на Бацькаўшчыне. Але ж далёка не ўсе актывісты дыяспары тым карыстаюцца, як і супляменнікі з Украіны, што збіраліся нядаўна ў Кіеве на чарговы з’езд. З публікацый апошніх гадоў згадаем артыкул з Чарнігава “Галіна Варажбіт і яе Сябры” (12.04.2019), гожа прадставілі мы й беларуска-ўкраінскую пісьменніцу з Прылукаў (Чарнігаўшчына) Лілію Бандарэвіч-Чарненку (“Мацыёлы для спадарыні Ліліі” і “Два дамы для кветкавай душы” — ГР, 15.07.2019). А ў асноўным паводле допісаў Таццяны Дзяменнікавай асвятляем беларускае жыццё ў Мікалаеве. З іншых гарадоў, рэгіёнаў Украіны проста, як кажуць, ні гуку… То няма й водгуку. Звяртаем на тое ўвагу чытачоў, у тым ліку і з Амбасады ва Украіне, бо зацікаўлены ў тым, каб сяброўскія беларуска-ўкраінскія стасункі пашыраліся.
А цяпер — зноў пра навіны ў Мікалаеве. 13 лістапада прайшла сустрэча Амбасадара Беларусі ва Украіне Ігара Сокала з актывам Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. Што ж, мы нездарма надаем шмат увагі справам суполкі-цёзкі газеты! “Мікалаеўская беларуская суполка з’яўляецца адной з найбольш актыўных і аўтарытэтных арганізацый беларусаў ва Украіне, — чытаем на сайце Амбасады. — Пры ёй створаны й вядзе паспяховую творчую дзейнасць ансамбль “Родныя напевы”. Рашэннем Міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея кіраўніца беларускай суполкі Таццяна Дзяменнікава ўзнагароджана юбілейным медалём “100 год дыпламатычнай службе Беларусі” — за значны ўнёсак у развіццё беларуска-ўкраінскіх культурна-гуманітарных сувязяў. Гэтая ўзнагарода ўрачыста ўручана Амбасадарам Ігарам Сокалам”. Паведамляецца, што ганаровымі знакамі Амбасады ўшанаваны шэраг прадстаўнікоў беларускай арганізацыі ў Мікалаеве, ансамблю “Родныя напевы” перададзены беларускія нацыянальныя касцюмы.
Мы павіншавалі спадарыню Таццяну з узнагародай Бацькаўшчыны па электроннай пошце (зручны для такіх кантактаў від сувязі: бо з тэкстамі лёгка далей працаваць), заадно папыталі: што за касцюмы? Куды звярталіся? “Атрымалі 11 жаночых строяў і 3 мужчынскія, — адказала кіраўніца суполкі. — Пісалі, вядома ж, у беларускія “інстанцыі”, прычым у нас быў такі важкі аргумент: мы шмат імпрэзаў праводзім, працуем на станоўчы імідж Бацькаўшчыны. Лісты пісалі ў Амбасаду ва Украіне, дыпламаты просьбу пераадрасавалі ў Мінкультуры, яна трапіла ў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Супрацоўнікі Цэнтра зрабілі заяўкі на выраб касцюмаў — па тых памерах, якія нам патрэбныя. Здаецца, шылі касцюмы ў “Скарбніцы”. (Вядучы вытворца народных касцюмаў, падрабязней — на сайце http://skarbnіca.by/ — Аўт.). Мы й раней просьбы дасылалі: як кажуць, хто стукае, тым адчыняюць. Для нас гэта вельмі-вельмі дарагія падарункі з Бацькаўшчыны. Дзякуй усім, хто таму паспрыяў!”.
Цяпер у гурце “Родныя напевы” 11 жанчын (Таццяна падкрэслівае: усе беларускі!) і 4 мужчыны. А паколькі песні гурта, мова беларуская вельмі падабаюцца старшыні праўлення Савета нацтаварыстваў вобласці Лаліце Каймаразавай, то й ёй беларусы не адмовілі ў просьбе спяваць у гурце.
Іван Ждановіч
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.