Вы тут

Праект да 95-годдзя айчыннага кінематографа стартуе на тэлеканале «Беларусь 3»


2 снежня на тэлеканале «Беларусь 3» стартуе аўтарскі праект Уладзіміра Арлова «Кіно маёй краіны», прымеркаваны да 95-годдзя айчыннага кінематографа. Вядомы рэжысёр і сцэнарыст будзе дзяліцца сваім бачаннем асноўных этапаў станаўлення беларускага кінамастацтва — ад вытокаў да сучаснасці.


Творчая дзейнасць Уладзіміра Арлова цесна пераплятаецца з нацыянальным кінематографам. Яму рэжысёр аддаў больш за 60 гадоў жыцця, зняўшы дзясяткі дакументальных, ігравых і музычных карцін, сярод якіх «Фантазія на тэму...», «А таксама цырк», «Варыяцыі на балетныя тэмы», «Лёгкі хлеб», «Пракляты ўтульны дом» і шэраг іншых.

У праграме «Кіно маёй краіны» Уладзімір Аляксандравіч, які ў свой час сябраваў і працаваў з многімі прызнанымі майстрамі савецкага і беларускага кінематографа, падзеліцца з гледачамі назіраннямі і разважаннямі прафесіянала, які ведае ўвесь працэс знутры, а таксама раскажа пра знакавыя падзеі і свае любімыя кінастужкі. Дададуць разнастайнасці яго аповедам паказы архіўных відэаматэрыялаў з фондаў Белтэлерадыёкампаніі і кінастудыі «Беларусьфільм». А пасля кожнага выпуску праграмы гледачам пакажуць адзін з найлепшых фільмаў таго перыяду, які будзе згаданы ў перадачы.

У першым выпуску размова пойдзе пра нараджэнне сусветнага кінематографа, пачынаючы з першых кароткаметражных стужак братоў Люм'ераў і да перыяду першых карцін на студыі «Белдзяржкіно», якая з часам ператварылася ў Нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм». Глядзіце 2 снежня ў 12.50 і 21.05 у эфіры тэлеканала «Беларусь 3».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.