Вы тут

З'явілася мабільная праграма для арэнды грузавых машын


Днямі, на базе кампаній «Белпрамбуд» адбылася прэзентацыя першай у краіне мабільнай праграмы GT для пошуку і арэнды спецтэхнікі, грузавога і малатанажнага транспарту па геалакацыі.


Цікава, а як яна працуе? На платформе аб'ядналіся выканаўцы, на чыіх машынах устаноўлены трэкеры. Заказчык (фізічная або юрыдычная асоба) знаходзіць на карце найбліжэйшую спецтэхніку, пазначае дату, час правядзення работ, тэрмін выканання і робіць заказ.

«У нашай краіне штомесяц робіцца больш за 340 тысяч пошукавых запытаў арэнды грузавой і малатанажнай спецтэхнікі, — тлумачаць актуальнасць сэрвісу распрацоўшчыкі платформы, кампанія «Грандстоўн». — Сёння тэхналогіі дазваляюць знайсці хуткае рашэнне прафесійных і паўсядзённых пытанняў. GT павінен стаць кішэнным памочнікам у выбары грузавога транспарту і спецыяльнай тэхнікі. У адным месцы можна знайсці тэхніку, якая прыбярэ снег, выраўнуе пляцоўку, а таксама выканае складаныя задачы на буйным будаўнічым аб'екце».

Пры заключэнні дагавораў з выканаўцамі супрацоўнікі новай кампаніі правяраюць агульныя рэгістрацыйныя дакументы, наяўнасць ліцэнзій і сертыфікатаў, якія дазваляюць ажыццяўленне той ці іншай дзейнасці. Каб выключыць нядобрасумленныя кампаніі, выканаўцы прыйшлі да адзінага цэнаўтварэння. Калі характарыстыкі тэхнікі аднолькавыя, то і цэны на паслугу таксама адзіныя.

Пры рэгістрацыі ў праграме як кампаніі, так і кліента падаюцца пацвярджальныя дакументы (для фізічных асоб — ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта), магчымая рэгістрацыя праз акаўнты gmаіl і Fасеbооk. Гэта гарантуе празрыстасць здзелкі, адказнасць яе ўдзельнікаў. Дзякуючы новаму заканадаўству ўсе дагаворы пераведзеныя «ў лічбу». А сэрвіс GT удзельнічае ў пагадненні трэцяй асобай.

На старце праекта да супрацоўніцтва падключана больш за 50 кампаній, якія валодаюць грузавой тэхнікай. У сістэме прадстаўлена 37 пазіцый спецтэхнікі рознага прызначэння: ад снегаўборачных машын да аўтакранаў. Усяго гэта больш за 200 спецыяльных грузавых машын. Усе яны размяшчаюцца ў сталіцы і Мінскай вобласці. У перспектыве праграма ахопіць і будаўнічыя кампаніі ў абласцях Беларусі, але не за яе межамі. Прадугледжаны водгукі як на выканаўцаў, так і на кліентаў, а таксама дапамога аператараў кол-цэнтра.

Што датычыцца фінансаў, дык для саміх арганізацый — уладальнікаў тэхнікі размяшчэнне ў праграме бясплатнае. Кошт гэтай паслугі ўваходзіць у аплату заказу кліента — гэта сем працэнтаў ад агульнага кошту (банкаўскія адлічэнні ўключаны).

У Беларусі аналагаў гэтага сэрвісу не існуе. Ад падобных расійскіх, нямецкіх, амерыканскіх распрацовак наш GT адрозніваецца магчымасцю адсочваць з дапамогай карты месцазнаходжанне тэхнікі ў рэжыме анлайн.

За год распрацоўшчыкі збіраюцца нарасціць аб'ём тэхнікі да паўтары тысячы адзінак і маштабаваць сэрвіс на ўсю краіну.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».