Вы тут

Як стаў вядомым невялічкі Сент-Кітс і Невіс?


Улады дзяржавы Сент-Кітс і Невіс расказалі пра несумненны поспех праграмы «Грамадзянства за інвестыцыі». Паводле слоў прэм'ер-міністра краіны Цімаці Сільвестра Харыса, у рамках крэатыўнага праекта ўжо выдадзена больш за 16 тысяч пашпартоў. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што колькасць жыхароў астраўной дзяржавы складае каля 50 тысяч чалавек. Чакаецца, што па выніках 2019 года праграма стане найбольш папулярнай ва ўсёй Арганізацыі Усходне-карыбскіх дзяржаў (OECS). І не толькі — дзякуючы адпаведным дзеянням у Сент-Кітс і Невіс з задавальненнем і выгадай інвестуюць грамадзяне ўсіх кантынентаў. Як «раскруціліся» астравы?


Пад уладай каралевы

Месца дзеяння — маляўнічыя Карыбы. Дзяржава знаходзіцца ва ўсходняй частцы Карыбскага мора і складаецца з двух астравоў — Сент-Кітс і Невіс, якія адносяцца да групы Малых Антыльскіх. Плошча краіны — усяго толькі 261 квадратны кіламетр. Сталіца Бастэр размешчана на востраве Сент-Кітс. З усходу мяжуе з Антыгуа і Барбуда, з паўднёвага ўсходу — з Мантсэрат (заморская тэрыторыя Вялікабрытаніі), на паўночным захадзе — з Сінт-Эстацыусам (спецыяльны муніцыпалітэт Нідэрландаў), а на поўначы — з Сен-Бартэльмі (заморская абшчына Францыі). Усе граніцы марскія.

Калісьці карэннымі жыхарамі цяперашніх Сент-Кітса і Невіса былі індзейцы-карыбы. Астравы былі адкрыты Хрыстафорам Калумбам у 1493 годзе. Іспанцы нават не сталі іх каланізаваць. У 1623 годзе на Сент-Крыстофер (колішняя назва Сент-Кітса) заснавана англійскае паселішча (першае ў Вест-Індыі), а ў 1624-м — французскае. На паўночным захадзе вострава размяшчаецца добра захаваная крэпасць Брымстоўн-Хіл, якую называюць «Гібралтар Карыбскага мора». Цяпер гэты аб'ект на вяршыні патухлага вулкана адносіцца да Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут жа знаходзіцца славуты Нацыянальны парк.

У 1626 годзе сумесныя франка-англійскія карныя сілы здзейснілі разню мясцовага індзейскага насельніцтва, знішчыўшы тысячы чалавек у даліне ракі, празванай пасля гэтага Крывавай. З XVІІ стагоддзя паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй ішла барацьба за валоданне астравамі, пакуль, нарэшце, па Версальскай дамове 1783 года яны канчаткова не перайшлі пад кантроль англічан. Нягледзячы на атрыманне ў 1983 годзе незалежнасці, кіраўніком дзяржавы дасюль з'яўляецца каралева Вялікабрытаніі, якую прадстаўляе генерал-губернатар.

Цукровыя берагі

У парламенце 14 месцаў — тры дэпутаты прызначаюцца генерал-губернатарам (адзін па рэкамендацыі лідара апазіцыі і два па рэкамендацыі прэм'ер-міністра) і адзінаццаць выбіраюцца на пяцігадовы тэрмін па аднамандатных акругах (восем ад Сент-Кітса і тры ад Невіса). У 1998 годзе трапічную краіну ледзь не падзялілі: быў праведзены рэферэндум па пытанні выхаду вострава Невіс са складу федэрацыі і ўтварэння на ім незалежнай дзяржавы. Прычым «за» прагаласавала 62 працэнты выбаршчыкаў, аднак рашэнне не было прынята, бо, паводле мясцовага заканадаўства, для станоўчага выніку трэба не менш за 2/3 галасоў выбаршчыкаў. Так і жывуць з тых часоў разам.

Традыцыйнай галіной эканомікі Сент-Кітса і Невіса была сельская гаспадарка. Асноўная культура на палетках — цукровы трыснёг (трэць земляў, што апрацоўваюцца). На востраве Невіс вырошчваюцца бавоўнік, какосавая пальма, ананасы. Культывуюць таксама кававае дрэва, бананы, арахіс, ямс, рыс. Развіта жывёлагадоўля — разводзяць коз і авечак. Сярод традыцыйных промыслаў — рыбалоўства. Аднак сельскагаспадарчая вытворчасць забяспечвае не больш за палову ўнутраных патрэб у харчаванні.

Паводле звестак МВФ, валавы ўнутраны прадукт у сярэдзіне 2000-х стабільна павялічваўся значнымі тэмпамі — на пяць-шэсць працэнтаў у год. Аднак узніклі праблемы, якія былі звязаны са зніжэннем сусветных цэн на цукар. У 2011 годзе знешні доўг Сент-Кітса і Невіса перавышаў 200 працэнтаў ВУП. Але ўлады не сядзелі склаўшы рукі, вялікую ролю стаў адыгрываць турызм. Сент-Кітс і Невіс маюць эфектыўную структуру эканомікі, дзе пераважае сектар паслуг. Стаўка робіцца і на вытворчасць некаторых экспартных прамысловых тавараў і афшорнае банкаўскае абслугоўванне. Апошнім часам пачынаюць развівацца электратэхнічная прамысловасць і электроніка.

Пашпарт за паўмільёна долараў

Аднак насамрэч прарыўным стаў іміграцыйны праект, добра цяпер вядомы ва ўсім свеце. Ён ператварыў Сент-Кітс і Невіс у інвестыцыйны «магніт» на Карыбах. З дапамогай швейцарскага юрыста дзяржава абнавіла сваю праграму, у рамках якой кожны чалавек, які інвестуе ў эканоміку краіны, можа атрымаць грамадзянства, нават калі ён ніколі не быў на тэрыторыі гэтых астравоў у Карыбскім басейне. Для стымулявання эканомікі Сент-Кітса і Невіса быў створаны фонд дыверсіфікацыі цукровай прамысловасці (SІDF), задача якога — мадэрнізацыя і паляпшэнне сельскай гаспадаркі. Гэты фонд з'яўляецца спецыялізаванай арганізацыяй, мэта якой — падтрыманне праграмы «Грамадзянства праз інвестыцыі».

Каб атрымаць грамадзянства Сент-Кітса і Невіса, трэба зрабіць узнос у Цукровы фонд на суму ад 250 да 450 тысяч долараў (сума залежыць ад колькасці членаў сям'і заяўніка). Існуе другі спосаб атрымання грамадзянства — набыццё нерухомасці, кошт якой павінен складаць не менш за 400 тысяч долараў. Важна адзначыць, што праз пяць гадоў грамадзянін Сент-Кітса і Невіса можа прадаць нерухомасць з захаваннем права грамадзянства. Такім жа правам валодае новы пакупнік.

Існаваў таксама варыянт «прапіскі» праз уклад на дапамогу пацярпелым ад наступстваў урагану (адмысловы фонд HRFІC). Праўда, летась адпаведны фонд спыніў сваё існаванне, замест яго быў заснаваны Фонд эканамічнага развіцця. Для атрымання грамадзянства трэба інвеставаць у яго. Аднаразовы бязвыплатны ўзнос мае памер 150 тысяч долараў на асноўнага заяўніка, $25 тысяч на сужэнца, $10 тысяч на кожнага дадатковага члена сям'і незалежна ад узросту.

Залатая жыла

Нягледзячы на даволі высокі «парог уваходжання», попыт на пашпарты немалы. Грамадзяне атрымалі магчымасць бязвізавага ўезду ў паўтары сотні краін свету, у тым ліку ў большасць еўрапейскіх дзяржаў. Акрамя таго, Сент-Кітс і Невіс сталі насамрэч падатковым раем, што, несумненна, прыцягнула сюды прадпрымальнікаў з усяго свету. Напрыклад, заснавальнік расійскай сацыяльнай сеткі «УКантакце» Павел Дураў атрымаў грамадзянства астраўной дзяржавы. З прычыны вялікай колькасці махлярства, асабліва ў інтэрнэце, урад Сент-Кітса і Невіса апублікаваў спіс упаўнаважаных агентаў, якія маюць права на працу з праграмай «Грамадзянства за інвестыцыі».

Пашпарты сталі сапраўднай залатой жылай для астраўной дзяржавы. Тэмпы будаўніцтва рэзка выраслі, адбылося імклівае развіццё авіязносін, павялічыліся і даходы ад турызму. Штогод паказчыкі наведвальнасці астравоў растуць, што звязана з паляпшэннем інфраструктуры і з'яўленнем шырокага выбару гатэляў і апартаментаў для адпачынку. Паводле звестак Усходне-Карыбскага Цэнтральнага банка, за 2000 год колькасць турыстаў склала 246 тысяч, у 2013-м гэтая лічба павялічылася да амаль 700 тысяч чалавек. Большасць адпачывальнікаў прыязджае ў краіну з Паўночнай Амерыкі (65 працэнтаў), а таксама Карыбскага рэгіёна (24 %) і Еўропы (9 %). За мінулы год, паводле інфармацыі Усходне-Карыбскага Цэнтральнага банка, колькасць турыстаў склала ўжо 1,3 мільёна. Эканоміка аднавілася: гадавы рост ВУП дасягнуў 4,6 працэнта. Як лічаць эксперты МВФ, высокія тэмпы захаваюцца і надалей. Іміграцыйна-інвестыцыйная праграма Сент-Кітса і Невіса дасюль лічыцца адной з найбольш эфектыўных у свеце.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: «Магніт» на Карыбах

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.